Як Ян Герман Луцкевіч зрабіўся Іванам? Версія рэлігійная
Беларуская гісторыя, асабліва біяграфіі вядомых дзеячаў нашага адраджэння, нягледзячы на дзясяткі ці нават сотні даследаванняў, захоўвае яшчэ багата невядомых фактаў. Мы часам нават не здагадваемся, што таямніцы прыхованы ў звычайных фактах. Так, да нядаўняга часу практычна ніхто не задумваўся, калі і як рыма-каталік Ян Герман Луцкевіч пачаў называць сябе проста Іванам Луцкевічам?
Менавіта гэтае пытанне паставіла Паліна Сцепаненка, змясціўшы ў сацыяльнай сетцы Facebook наступны пост: “У лісце да Аляксея Пяткевіча з Вільні Зоська Верас 5 сакавіка 1986 піша: “Пытаецеся аб факце прысутнасці І. Луцкевіча на нашым спектаклі. Па між іншым не ведаю, хто і калі пачаў старэйшага Луцкевіча называць Іванам, бо ён у лістах падпісваўся Ян, маю пару яго лістоў з такім подпісам” (Зоська Верас. Я помню ўсё. Успаміны, лісты. Гарадзенская бібліятэка 2013 год). А сапраўды – хто і калі пачаў Івана Луцкевіча называць Іванам?” І паколькі ніхто адказу не даў, у нас з сп. Палінай пачалося невялікае прыватнае даследаванне, якое прывяло да досыць цікавай версіі гэтай незвычайнай падзеі.
Агульнавядома, што, калі 9 чэрвеня 1881 годзе ў сям’і рыма-каталікоў Яна і Зофіі Луцкевічаў нарадзіўся першынец, яго ахрысцілі падвойным імям – Ян Герман. Тут аб варыянце “Іван” не магло быць гаворкі, бо ў польскамоўных рыма-каталіцкіх святцах, якія на той час выкарыстоўваліся ў Ковенскай губерні, такога імя не было. Уласна, факт хроснага імя ніхто не аспрэчвае, ён пацвярджаецца шматлікімі дакументамі архіваў Расійскай імперыі 1881 – 1903 гадоў, і, як бачым, людзей, якія ведалі Яна (Івана) Луцкевіча ў маладосці. Дык што ж сталася?
Першай версіяй, якая прыйшла нам на думку, быў афіцыйны пераход Яна (Івана) Луцкевіча ў праваслаўе. Бо, сапраўды, пры пераходзе рыма-каталікоў у РПЦ часоў Расійскай імперыі, ім зменьвалі “польскія” імёны на расійскія адпаведнікі. Але справа ў тым, што падобныя пераходы абавязкова фіксаваліся адпаведнымі дакументамі Урадавага сіноду Расійскай імперыі з абавязковай прывязкай не толькі да губерні ды епархіі, а нават да канкрэтнага храму, дзе гэта адбывалася. Запыт у архіў Санкт-Пецярбурга, дзе сёння зберагаюцца дакументы сіноду РПЦ, аб магчымым фігураванні імя і прозвішча Яна (Івана) Луцкевіча 1881 года нараджэння ў падобных спісах з 1900 па 1914 гады даў адмоўны вынік. Значыцца, свайго веравызнання ён не змяняў…
І тут, у працэсе абмеркавання, нам спала на думку, што змена імені нейкім чынам павязаная з палітычна-рэлігійным фактарам, а менавіта ягонай дзейнасцю па адраджэнні Уніяцкай Царквы ды супрацоўніцтва з мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім.
Так, разглядаючы рэлігійнае становішча ў Беларусі на пачатку ХХ ст., бачым, што і РПЦ, і Рыма-Каталіцкая Царква рэальна выступалі супраць Беларускага Адраджэння. Першая праводзіла палітыку русіфікацыі, а другая – паланізацыі. Становішча не ратавала і наяўнасць невялікай колькасці свядомых беларускіх святароў, бо яны не мелі рэальнай улады ды знаходзіліся пад прэсам епархіяльнага кіраўніцтва. У падобных умовах, на думку Яна (Івана) Луцкевіча, выратаваннем магло быць адраджэнне ўніяцтва дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе, а адзіным месцам, дзе яшчэ заставаліся рэшткі “старой уніі”, была Галічына.
Па нашым меркаванні, знаёмства Яна (Івана) Луцкевіча і мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага адбылося ў 1904-1905 гадах, калі Ян Луцкевіч навучаўся ў Венскім універсітэце. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца іх шчыльнае супрацоўніцтва. У 1908 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі патаемна наведвае Вільню, дзе разам з Янам (Іванам) Луцкевічам распрацоўвае план адраджэння Уніяцкай Царквы ў Беларусі. Падмуркам гэтага плану было стварэнне Зямельнага банку, што меўся выкупаць зямлю для беларускіх сялянаў. Паміж апошнімі планавалася пасяліць галічан-уніятаў, каб яны пашыралі ідэі ўніі. Дзеля ажыццяўлення гэтага плану мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі таксама “возбуждал перед русским Правительством ходатайство о предоставлении Ему права приобретения в губерниях: Витебской, Минской, Могилевской и Смоленской земельных участков…” [1, арк. 32-35]. Але гэтыя планы засталіся няздзейсненымі, бо тагачасны прэм’ер Расійскай імперыі Сталыпін забараніў утварэнне банку [2, ст. 33-34]. Але ж супольныя планы Яна (Івана) Луцкевіча й мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага закраналі таксама практычны бок справы. Так, распавядаючы аб планах мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага і сп. Івана Луцкевіча па адраджэнні Ўніяцкай Царквы, а. Адам Станкевіч піша: “Ужо былі кандыдаты на ўніяцкіх святароў лацінскія ксяндзы Беларусы: Язэп Зэльба і Вінцэсь Герасімовіч” [3, ст. 54].
А якім жа чынам усё гэта можа датычыцца змены імя?
Справа ў тым, што мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі лічыў: адраджэнне ўніяцтва ў Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, магчыма толькі на грунце тагачаснага сінадальнага абраду РПЦ. Так, звяртаючыся да ўніятаў Расійскай імперыі, мітрапаліт Андрэй піша: “Неабходна перш за ўсё захоўваць ва ўсёй строгасці абрад нашай Усходняй Праваслаўна-Каталіцкай Царквы так, каб тыя, хто прыходзіць да нас, не бачылі ні найменшай розніцы ў вонкавым чыне нашых набажэнстваў з тым рытуалам да якога яны звыклі” [4, арк. 35-36].
Адным з чыннікаў падобнага падыходу мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага да адраджэння Уніяцкай Царквы, было і выкарыстання богаслужбовай літаратуры РПЦ, у тым ліку – святцаў. Ён нават заахвочваў галіцкіх грэка-каталіцкіх святароў надаваць немаўлятам пры хрышчэнні праваслаўныя версіі імёнаў. Таксама вынікам ягоных “усходніх поглядаў” ёсць масавае з’яўленне на землях Заходняй Украіны ўзораў “псеўдарускага” сакральнага мастацтва і архітэктуры.
З вышэй выкладзенага можна зрабіць выснову, што мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі намагаўся максімальна наблізіць уніяцтва да праваслаўя ў вонкавых формах. Гэтага самага ён вымагаў і ад тых, хто далучаўся да адраджэння Уніяцкай Царквы на землях Расійскай імперыі. І вось тут у нас паўстала гіпотэза: а ці не звязана змена імя “Ян” на “Іван” з пераходам Луцкевіча ў грэка-каталіцтва (уніяцтва)?
Сапраўды, згодна паўнамоцтваў, якія мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму надаў папа Пій Х, ён мог адміністраваць грэка-каталікоў у шэрагу былых беларускіх уніяцкіх епархій: Полацкай, Смаленскай, Наваградскай, Менскай, Брэсцкай, Віцебскай, Мсціслаўскай, Аршанскай, Магілёўскай, Пінскай, Тураўскай [5, арк. 76]. Гэта значыцца, прымаць пад сваю духоўную ўладу тых, хто лічыць сябе ўніятамі. Пры гэтым для былых уніятаў і іх нашчадкаў, якія сілаю былі пераведзены ў праваслаўе або на рыма-каталіцкі абрад, для вяртання ў унію асобны дазвол Ватыкану быў непатрэбны.
Нам уяўляецца цалкам магчымым, што пад уплывам мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, Ян (Іван) Луцкевіч падчас навучання ў Венскім універсітэце перайшоў ва уніяцтва. Гэта магло стацца як у Львове, так і ў самой Вене, якую мітрапаліт наведваў досыць часта. З улікам таго, што Іван Луцкевіч быў падданым Расійскай імперыі й падобны ўчынак мог прывесці нават да праследавання ды міжнароднага скандалу, адбылося гэта таемна. Вынікам пераходу магла зрабіцца і змена традыцыйнага імя – з Яна на Іван, што, па нашым меркаванні, было свядомаю адзнакаю пераходу ва Усходні абрад Каталіцкай Царквы. Ускосна гэтую версію пацвярджае той факт, што пасля 1905-1907 гадоў мы ведаем згадкі толькі аб Іване Луцкевічы ва ўсіх выпадках, калі гэта не стасуецца артыкулаў пад іншымі псеўданімамі (Ян Міхальчык; Нашанівец; Шчасны і г.д.).
Зрэшты, не выключана, што пераход на ўніяцтва мог адбыцца і падчас знаходжання мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ў Вільні, хоць, на наш погляд, гэта менш верагодна, бо за ўкраінскім архірэем моцна сачыла расійская паліцыя й згадкі аб ягоным служэнні там адсутны.
Натуральна, што мы высоўваем толькі адну гіпотэзу, пабудаваную на ўскосных фактах. Застаецца яшчэ вельмі багата нявысветленых фактаў: ці адбілася змена імя ў афіцыйных дакументах часоў Расійскай імперыі; ці засталіся нейкія дакументы Венскага перыяду жыцця, а таксама мусіць быць праведзены аналіз ягонай эпісталярнай спадчыны на прадмет самаідэнтыфікацыі і г.д.
Спасылкі
- ЦГИА Лен., ф. 821, оп. 125 дел.3310.
- Митрополит Андрій Шептицький. Львів, 1995 р.
- Станкевіч А. Хрысьціянства і Беларусі Народ. // Хрысьціянская думка. №1 (211), 1992.
- ЦДІАЛ, ф.201, оп.46, спр. 1502, арк. 35-36
- ЦДІАЛ, ф.358, оп.1, спр. 3. арк. 76
прат. Сяргей Горбік
Паліна Сцепаненка (кансультацыі)
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- “Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”. Казка ад Паўла Севярынца 15.01.2021 17:31
- Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта 13.01.2021 10:28
- Памёр мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 12.01.2021 14:32
- Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння 07.01.2021 10:53
- Францішак прыняў адстаўку арцыбіскупа Кандрусевіча 03.01.2021 15:30
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)