Генацыд у Нігерыі: забіта больш 6 000 нігерыйскіх хрысціян

x-4n9GBlgLZS.8f7

Царкоўныя лідары ў Нігерыі паведамілі, што хрысціяне ў краіне перажываюць «сапраўдны генацыд», паколькі са студзеня радыкальна настроеныя фулані забілі 6000 чалавек, у асноўным жанчын і дзяцей.

“Тое, што адбываецца ў штаце Плато і іншых асобных штатах Нігерыі, з’яўляецца генацыдам чыстай вады і павінна быць неадкладна спыненым”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе Хрысціянскай асацыяцыі Нігерыі і кіраўнікоў царкоўных дэнамінацыяў у штаце Плато.

Кіраўнікі царквы заявілі, што “больш за 6000 чалавек, у асноўным дзеці, жанчыны і састарэлыя людзі, былі знявечаныя і забітыя падчас начных рэйдаў узброеных пастухоў фулані», што вымагае ад іх заклікаць да ўрада Нігерыі “спыніць гэтае бессэнсоўнае кровапраліцце ў краіне і выйсці з стану поўнай анархіі, пры якім людзі вымушаныя абараняць саміх сябе”.

У прэс-рэлізе таксама змешчаны заклік да міжнароднай супольнасці і да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый умяшацца ў сітуацыю з нападамі фулані. У ім выказваецца асцярога, што напады могуць распаўсюдзіцца і на іншыя краіны.

“Мы асабліва занепакоеныя шырокім распаўсюджаннем ненадзейнасці ў краіне, дзе бессэнсоўныя напады і забойствы ўзброенымі пастухамі фулані, бандытамі і тэрарыстамі адбываюцца штодня ў нашых супольнасцях без якіх-небудзь абмежаванняў, нягледзячы на велізарныя інвестыцыі ў службы бяспекі”, – дадалі яны, сказаўшы, што прэзідэнт Мухамад Бухара не змог прыцягнуць да адказнасці тых, хто нападаў.

Яны спасылаліся на некалькі масавых нападаў у гэтым годзе, у тым ліку на забойства ў канцы чэрвеня больш за 200 чалавек, у асноўным хрысціян, у выніку нападаў на мясцовых фермераў, учыненых пастухамі недалёка ад горада Джос.

Хоць некаторыя міжнародныя сродкі масавай інфармацыі спрабавалі паказаць забойства як мясцовы канфлікт паміж суполкамі групамі, кіраўнікі царквы разам з асноўнымі групамі назіральнікаў, такімі як Open Doors USA і International Christian Concern, заявілі, што хрысціяне былі галоўнаю мішэнню нападаючых.

“Мы не прымаем меркаванне, што напады на хрысціянскія абшчыны па ўсёй краіне – гэта толькі сутыкненні паміж фермерамі і пастухамі. Федэральны ўрад заграз у гэтай ілжывай прапагандзе і падмане. Ён рашуча прасоўвае палітычную ідэю аб стварэнні калоній буйной рагатай жывёлы на спрадвечна фермерскіх землях, якія належаць атакаваным суполкам. Яны хочуць перадаць іх пастухам фулані і бачаць у гэтым адзінае рашэнне праблемы”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

“Як гэта можа быць сутыкненнем, калі адна група настойліва атакуе, забівае, калечыць, знішчае іншую і разбурае месца іх пакланення? Як гэта можа быць сутыкненнем, калі пастухі палююць на фермераў у іх вёсках, а фермеры ратуюцца ўцёкамі?”- задаюць пытанне кіраўнікі царквы.

“Як гэта можа быць сутыкненнем, калі пастухі з’яўляюцца драпежнікамі, а карэнныя фермеры з’яўляюцца іх ахвярай? Пакуль мы не называем хваробу яе сапраўдным імем, нам будзе цяжка знайсці яе правільнае лячэнне”.

Міжнародны фонд грамадзянскіх свабодаў і вяршэнства права, а таксама міжнародная супольнасць заявілі, што ў агуле 1750 хрысціян разам з немусульманамі былі забітыя як пастухамі фулані, так і радыкаламі Бока Харам, якія з’яўляюцца асобнай тэрарыстычнай групай.

У сваёй заяве міжнародная супольнасць таксама папярэдзіла аб генацыдзе.

“Нігерыя набліжаецца да генацыду шляхам забойстваў, нанясення калецтва, спалення і знішчэння цэркваў і іншых месцаў набажэнстваў, а таксама гвалтоўнага захопу і прысваення спрадвечна чужых зямель, месцаў пакланення і жылля карэнных хрысціян і прадстаўнікоў іншых карэнных рэлігій у Паўночнай Нігерыі”, – адзначана ў паведамленні .

Рымска-каталіцкі біскуп Уільям Авенья з Гбока асобна заявіў дабрачыннай арганізацыі “Дапамога Царкве ў патрэбе”, што свет не павінен чакаць поўнамаштабнага генацыду, перш чым прыняць рашэнне ўмяшацца.

“Калі ласка, не рабіце тую ж памылку, што і ў выпадку з генацыдам у Руандзе”, – заявіў ён, спасылаючыся на масавае знішчэнне народнасці тутсі ў Руандзе, дзе ў 1994 годзе было забіта каля 1 мільёна чалавек.

«Гэта здарылася пад нашым носам, але ніхто не спыніў генацыд, і мы добра ведаем, чым усё скончылася», – сказаў уладыка Уільям Авенья.

Крыніца: Global Christian Support

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі