28-29 ліпеня ў Навагрудку – ушанаванні 11-і растраляных манахіняў-назарэтанак

наазретанки

З Новай Мышы – вёскі блізу Баранавічаў – 26 ліпеня выходзіць зладжаная каталіцкай Пінскай дыяцэзіяй пілігрымка да месца пакутніцкай смерці навагрудскіх манахіняў-назарэтанак.

Пілігрымы прыбудуць у Навагрудак 28 ліпеня і возьмуць удзел ва ўрачыстасцях на ўшанаванне 75-й гадавіны мучаніцтва 11 сясцёр назарэтанак, расстраляных гітлераўцамі 1 жніўня 1943 годзе у лесе пад Навагрудкам.

Юбілейныя мерапрыемствы ў Навагрудку пройдуць 28–29 ліпеня.

Па пытаннях запісу – па нумары +375 (29) 809 30 95 — кс. Павел Врубель, паведамляе catholic.by.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка ў Пастырскім лісце з нагоды 75-й гадавіны мучаніцтва сясцёр назарэтанак падкрэслівае: “Незвычайнасць іх ахвяры ў тым, што яны вырашылі пайсці на смерць усёй супольнасцю. Сёстры ахвяравалі сабою дзеля святара і бацькаў сем’яў. Каб зразумець, як дайшло да мучаніцтва сясцёр, трэба зазірнуць у часы, што папярэднічалі 1 жніўня 1943 года. Умовы жыцця сясцёр былі вельмі складанымі. Практычна заўсёды не хапала патрэбных сродкаў. Але гэтая беднасць умацоўвала супольнасць і рыхтавала да яшчэ большай ахвяры. Калі сёстры разважалі, ці не пакінуць гэтае месца служэння, біскуп Лазінскі напісаў ім так: «Навагрудак не пакідаць. Трываць далей. Такая ёсць мая воля і Божая».

“Сёстры былі прыкладам і надзеяй для жыхароў Навагрудка. Яны высылалі дапамогу для дэпартаваных у глыб Расіі, дапамагалі ўсім, хто знаходзіўся ў патрэбе. Змучаныя гараджане шукалі суцяшэння і спакою ў касцёле”, – дадае біскуп.

У ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 года гестапа зняволіла каля 120 чалавек. Сястра Марыя Стэла падчас сустрэчы з ксяндзом капеланам Аляксандрам Зянкевічам вымавіла прарочыя словы: «Божа мой, калі патрэбна ахвяраваць жыццё, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем’і. Мы молімся аб гэтым». Такое рашэнне сёстры прынялі разам, а сястра Марыя Стэла паведаміла пра гэта святару. Інфармацыя дайшла да зняволеных. Адна з арыштаваных жанчын узгадвала: «Палёгка зноў прыйшла ў нашыя сэрцы».

Пагроза смерці навісла таксама над адзіным у наваколлі святаром — ксяндзом Аляксандрам Зянкевічам, імя якога было ў спісе тых, каго шукала гестапа. Сястра Марыя Стэла зноў запэўніла ў гатоўнасці сясцёр да ахвяры: «Ксёндз больш патрэбны, чым мы. Мы молімся, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі патрэбная яшчэ ахвяра».

31 ліпеня 1943 года сястра Марыя Стэла атрымала ад гестапа вусны наказ прыйсці ўвечары ў 19.30 у камісарыят разам з сёстрамі. Пасля дзвюх гадзін знаходжання ў камісарыяце, сясцёр пад канвоем вывелі і пасадзілі ў грузавік, а потым вывезлі за горад.  У нядзелю 1 жніўня іх расстралялі ў невялікім бярозава-сасонным лесе ў пяці кіламетрах ад Навагрудка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі