Цэрквы Беларусі заклікалі абараніць Курапаты і маліцца каля крыжоў

zam_kuropaty_09

Сёння, 26 ліпеня, абаронцы Курапатаў разаслалі ў асноўныя хрысціянскія Цэрквы Беларусі зварот з заклікам выступіць у падтрымку нацыянальнага мемарыялу і ладзіць малітвы ва ўрочышчы.

Тэкст звароту:

«Шаноўныя Прадстаяцелі!

У пачатку чэрвеня у ахоўнай зоне найбуйнейшага беларускага нацыянальнага некропалю Курапаты, дзе сталінскі рэжым у 1937-1941 гадах расстраляў, па розных ацэнках, ад 30 да 250 тысячаў нявінных людзей, з дазволу уладаў адчыніўся рэстаранна-забаўляльны комплекс «Поедем, поедим».

Курапаты стаяць у адным шэрагу з Асвенцімам, Майданэкам, Катынню. Гэта адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце магільнікаў ахвяраў таталітарных рэжымаў.

З 31 мая гэтага года сотні актывістаў дэмакратычнага руху арганізавалі бестэрміновую варту пратэсту з патрабаваннем зачыніць рэстаранна-забаўляльны комплекс у Курапатах. Прадстаўнікі міліцыі штодня складаюць на ўдзельнікаў курапацкай абароны шматлікія адміністрацыйныя пратаколы, вынікам якіх робяцца суды, штрафы і арышты.

Мы звяртаемся да вас з заклікам выступіць супраць адкрыцця рэстаранна-забаўляльнага комплексу ў Курапатах і памаліцца ля курапацкіх крыжоў.

Нацыянальны некропаль Курапаты — гэта сімвал пакутаў нашага народа, месца, у шанаванні якога выяўляецца мараль і грамадства ў цэлым, і кожнага грамадзяніна ў асобнасці.

Мы спадзяемся пачуць ваш голас у абарону Курапатаў, дзе кроў ахвяраў бязбожнага камуністычнага рэжыму дагэтуль кліча да Госпада».

Сярод іншых, звароты дасланыя праваслаўнаму мітрапаліту Паўлу, каталіцкаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, епіскапам найбуйнейшых пратэстанцкіх аб’яднанняў — кіраўніку пяцідзясятнікаў Сяргею Цвору, баптыстаў Леаніду Міховічу, поўнаевангельскіх цэркваў Леаніду Вараненку.

27 ліпеня плануецца накіраваць адмысловыя звароты юдэйскай і мусульманскай грамадам.

BCHD.INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі