Папа Францішак змяніў параграф Катэхізіса: смяротнае пакаранне недапушчальнае
Папа Рымскі Францішак ухваліў новую рэдакцыю параграфа 2267 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у якім гаворка ідзе пра адносіны да смяротнага пакарання.
2 жніўня быў апублікаваны адмысловы рэскрыпт за подпісам кардынала Луіса Франсіска Ладарыі Фэрэра, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння.
“Выкарыстанне смяротнага пакарання з боку законных уладаў, пасля справядлівага працэсу, на працягу доўгага часу лічылася адэкватным адказам на некаторыя злачынствы і дапушчальным сродкам, нават калі і крайнім, для абароны супольнага дабра.
Сёння ўсё больш умацоўваецца свядомасць, што асоба не губляе сваёй годнасці нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў. Акрамя таго, распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу карных санкцый з боку дзяржавы. Нарэшце, з’явіліся больш эфектыўныя сістэмы абмежавання свабоды, якія гарантуюць належную абарону грамадзян і адначасова не пазбаўляюць канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца.
“Таму Касцёл у святле Евангелля вучыць, што “смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо з’яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць чалавека”, і з рашучасцю спрыяе яго адмене ва ўсім свеце”, – гаворыцца ў новай рэдакцыі параграфа.
Паведамляецца, што Святы Айцец зацвердзіў змены падчас аўдыенцыі для кардынала Ладарыі Фэрэра, якая адбылася 11 мая, і распарадзіўся, каб новая версія параграфа была перакладзена на розныя мовы і ўключана ва ўсе выданні Катэхізіса.
У папярэдняй рэдакцыі згаданага параграфу гаворка ішла пра тое, што пры ўмове, калі асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўлены, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае ўжывання смяротнага пакарання, калі гэта адзіны магчымы шлях дзейсна абараніць жыццё людзей ад несправядлівага агрэсара.
Разам з рэскрыптам быў апублікаваны ліст прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў ва ўсім свеце, у якім тлумачыцца, што новая фармуліроўка параграфа 2267 выражае сапраўднае развіццё дактрыны” і не знаходзіцца ў супярэчнасці з папярэднім вучэннем. На яго трэба глядзець у святле першаснай адказнасці грамадзянскіх уладаў за абарону супольнага дабра, у сацыяльным кантэксце, дзе карныя санкцыі разумеліся інакш і ўжываліся ў асяроддзі, дзе было складана гарантаваць, што злачынец не зможа паўтарыць сваё злачынства. Іерарх падкрэсліў, што аб неабходнасці адмены смяротнага пакарання неаднаразова казалі і Ян Павел ІІ, і Бенедыкт XVI.
Паводле vaticannews.va
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)