Біскуп Дзям’янка заклікае да ўдзелу ў малітоўным чуванні ў Лагішыне

дзям'янка

Каталіцкі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі з заклікам з нагоды падрыхтоўкі да ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Святарам належыць абвясціць гэты заклік вернікам падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 12 жніўня і размясціць яго тэкст на дошцы аб’яваў, паведамляе catholic.by.

У звароце біскуп адзначыў імкненне “асаблівым чынам падзякаваць Пану Богу за ўсе Яго ласкі перад тронам Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі”, ў 80-ю гадавіну кананізацыі святога Андрэя Баболі, заступніка Пінскай дыяцэзіі, у 75-ю гадавіну мучаніцкай смерці бласлаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, выпускніка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у 100-ю гадавіну біскупскага пасвячэння першага біскупа Пінскага Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.

“Мы хочам праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі даверыць Міласэрнаму Богу ўсе нашыя радасці і надзеі, нашае мінулае і будучыню. У сувязі з гэтым запрашаю ўсіх вернікаў дыяцэзіі на супольнае малітоўнае чуванне, якое адбудзецца 21–22 жніўня ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне”, — заявіў Антоні Дзям’янка.

Асабліва ён падкрэсліў жаданне маліцца за моладзь напярэдадні адмысловага Сіноду біскупаў у Рыме і заклікаў усіх пілігрымаў у Лагішынскі санктуарый і ўсіх вернікаў дыяцэзіі да малітвы ў інтэнцыі надыходзячага Сінода і моладзі.

Таксама біскуп запрасіў ахінуць асаблівай малітвай сем’і ў сувязі з набліжэннем Сусветнай сустрэчай сем’яў, якая адбудзецца ў жніўні ў ірландскім Дубліне.

“Лагішынскі фэст Каралевы Палесся — гэта нагода асаблівым чынам перажыць спатканне з Езусам у сакрамэнце пакаяння і паяднання (споведзі), магчымасць паразмаўляць са святаром, даверыць Марыі намеры свайго сэрца і атрымаць адпуст. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя ў Лагішынскай цудатворнай іконе выпрасіць Божае благаслаўленне і шчодрыя ласкі ўсім наведвальнікам нашага дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы Палесся”, — заключыў Антоні Дзям’янка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі