«Упарадкаванне» Вайсковых могілак: валанцёры і сваякі звярнуліся да Аляксандра-Неўскага храма

38282981_1353261158140323_6719193906132549632_n

У сувязі с працягам упарадкавання супрацоўнікамі спецкамбінату Вайсковых могілак валанцёры і сваякі пахаваных звярнуліся да Апякунскай рады праваслаўнага Аляксандра-Неўскага храма, па ініцыятыве якога і пачаліся працы на могілках. Прыводзім тэкст звароту цалкам.

Да Апякунскай рады Аляксандра-Неўскага храма

Глыбокапаважаная Апякунская рада,

Звяртаемся да вас у справе цяперашняга добраўпарадкавання і будучай рэканструкцыі Вайсковых могілак, дзе 120 гадоў стаіць царква Аляксандра Неўскага. Падзеі на могілках апошнім часам апынуліся ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны, за імі сочаць самыя розныя СМІ, ім дае прававую ацэнку пракуратура, і гэта прымушае з асаблівай адказнасцю ставіцца да ўсяго, што з імі звязана.

Шырокай грамадскасці вядома, што зачыстка, якую вядзе Спецкамбінат, са зносам помнікаў і агародж вакол іх, – ініцыятыва якраз царквы, а канкрэтна настаяцеля і апякунскай рады, якія звярнуліся да ўладаў – і тыя пайшлі насустрач.

Але з тымі планамі, якія мае царква наконт будучыні Вайсковых могілак, грамадскасць знаёма толькі ў самых агульных рысах. Вось што казаў старшыня Апякунскай рады Уладзімір Несцеравіч Дражын у красавіку 2018 года:

«Апякунская рада выпрацавала стратэгію развіцця гэтай тэрыторыі, якая, мы мяркуем, прывядзе да таго, каб мы мелі пантэон, дзе будзе сабрана і вялікая гісторыя нашай дзяржавы, і святыні: старэйшы храм святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага».

Цяжка меркаваць пра гэту канцэпцыю-стратэгію развіцця Вайсковых могілак. Відаць толькі, што ў яе аснове ідэя – ператварыць могілкі ў нейкі пантэон, дзе нейкім, невядомым нам пакуль што чынам будзе сабрана цэлая гісторыя Беларусі.

Але калі гэтая прыгожая на словах ідэя патрабуе для свайго ўвасаблення ў жыццё таго падыходу, які вядзе Спецкамбінат, руйнуючы без разбору і забытыя, і з любоўю дагледжаныя магілы, то не могуць не з’явіцца сумненні ў яе вартасці.

Як можна ўшанаваць памяць вялікіх і слаўных людзей там, дзе не шануюцца магілы суайчыннікаў – і вядомых асобаў: навукоўцаў, артыстаў, літаратараў, і тых, пра каго памятаюць толькі родныя, і нават тых, пра каго няма каму ўспомніць? Як можна гэта рабіць, зносячы магілы, за якімі родныя даглядаюць нярэдка яшчэ з даваенных часоў?

Цяпер амаль кожны дзень прыходзяць на могілкі сваякі, якія не знаходзяць помнікаў сваім блізкім. А стан іх быў здавальняючы, на многіх нават не вісела шыльдачак пра знос. Як вынік, сваякі пішуць заявы ў міліцыю. Няўжо царкву з Апякунскай радай такі вандалізм задавальняе, бо ні разу яна не ўзняла голас, каб яго спыніць?

Пра тых вялікіх, хто тут пахаваны, пра Купалу, Коласа і іншых, мы ўсе ў школе вучылі, што яны былі за простых людзей. Няўжо цяпер тыя простыя людзі не годныя таго, каб мець магілы побач з імі? Што сказалі б класікі нашай культуры, каб дзеля іх ушанавання, пазбаўляліся ад помнікаў простых суграмадзян?

Непраўдападобным выглядае тое, што там, дзе прайшоў Спецкамбінат, не застаецца крыжоў. Іх выраблялі і ставілі на магілах нават у часы наймацнейшых ганенняў на праваслаўе. Бальшавікі, якія масава скідалі крыжы з храмаў – і мы ўсе не раз і не два чулі ўспаміны пра няшчасныя лёсы такіх ваяўнічых бязбожнікаў, – надмагільных крыжоў не чапалі. Не кранулі іх у акупацыю і нямецка-фашысцкія захопнікі. Але тое, на што не паднялі руку ні фашысты, ні бальшавікі, руйнуецца цяпер.

Што разумее паважаная Апякунская рада пад пантэонам, які мае тут з’явіцца, нам невядома. Але калі зірнуць на вынік працы Спецкамбінату – роўны луг з раскіданымі сям-там «надгалоўнікамі» – відаць, што яна вызваляе багата месца, яшчэ нядаўна занятага знесенымі цяпер помнікамі, кветнікамі ды агароджамі. Міжволі закрадаецца думка: ці не маецца на ўвазе хаваць на гэтыя вызваленыя месцы вядомых і слаўных людзей, якія і складуць той пантэон? Спадзяёмся, што такога ў планах няма, бо гэта быў бы не гонар, а марадзёрства. Але немагчыма абвергнуць такую думку, не бачачы той канцэпцыі, пра якую казаў Уладзімір Дражын, і не ведучы дыялогу з тымі, хто яе распрацоўвае і ажыццяўляе. На сёння ж валанцёры маюць справу найбольш са Спецкамбінатам, які не хавае сваёй мэты – пазносіць усё, што дрэнна ляжыць. Паколькі ініцыятарам гэтых прац выступіла царква, такія паводзіны свецкіх партнёраў, выканаўцаў яе праекту, сур’ёзна яе кампраметуюць.

На нашу думку, Апякунскай радзе царквы варта было б як мінімум апублікаваць і абмеркаваць з грамадскасцю сваю канцэпцыю, тым больш што Вайсковыя могілкі, якіх яна тычыцца, – гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнага значэння, і іх лёс мае важнасць для ўсёй нацыі. Нам уяўляецца, што нацыянальны пантэон можа адбыцца тады, калі людзі ўспрымаюць яго як частку сваёй гісторыі і ўшаноўваюць яго, самі вядуць туды сваіх блізкіх і знаёмых, гасцей горада і краіны. Такое не робіцца праз сцежкі, ліхтары, штампаваныя «надгалоўнікі» і нават праз велічныя скульптурныя кампазіцыі пры ўваходзе у комплекс. Гэта робіцца праз усведамленне важнасці таго, што ёсць і што гістарычна склалася.

Мы бачым, што Вайсковыя могілкі сапраўды становяцца мемарыялам, але не дзякуючы цяперашняму спецкамбінатаўскаму добраўпарадкаванню, а насуперак яму. Людзі прыходзяць у вольны час працаваць сюды, купляюць за свае грошы фарбу, інструменты, будаўнічыя матэрыялы, збіраюцца на экскурсіі, якія праводзяць знакамітыя мінчукі – гісторыкі, літаратары, архівісты. Людзі змагаюцца за належнае ўшанаванне гэтага месца, супраць яго барбарскага руйнавання. Спадзяемся, што царква ў гэтай сітуацыі стане не на бок тых, хто руйнуе, а тых, хто бароніць, адбудоўвае і аднаўляе.

Просім Апякунскую раду царквы Аляксандра Неўскага:

— апублікаваць і абмеркаваць з грамадскасцю канцэпцыю далейшых працаў на Вайсковых могілках,

— ужыць свой аўтарытэт, каб спыніць далейшы знос надмагільных помнікаў, уключна з агароджамі,

— наладзіць на могілках шырокія прыборкі,

— паспрыяць рамонту надмагілляў і агароджаў разам з валанцёрамі, якія ўжо гэтым займаюцца,

Павел Каралёў – сябра Беларускага камітэта ІКАМОС, сакратар грамадскай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Раманоўскі – унук пісьменніка Кузьмы Чорнага.

Таццяна Навасельская – унучка пісьменніка Сяргея Знаёмага.

Таццяна Пятрова – Выканаўчы дырэктар МГА “Гісторыка”

Ганна Севярынец – літаратуразнаўца, педагог.

Валанцёры, якія працуюць на Вайсковых могілках.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі