Мінчук збірае сродкі, каб алічбаваць каталіцка-праваслаўныя могілкі ў Гродне
Аўтар сайту graves.by Андрэй Бурдзянкоў пачаў пераносіць на інтэрнэт-мапу 200-гадовы горадзенскі некропаль. Цяпер ён упершыню просіць дапамагчы грашыма і валанцёрствам, бо могілкі моцна зараслі, паведамляе Радыё Свабода.
Сутнасьць вялікага праекту гіда-перакладчыка Андрэя Бурдзянкова, які першы ў Беларусі пачаў ствараць каталог старадаўніх пахаванняў з іх дакладнымі каардынатамі, — перанесці рэальныя могілкі ў сеціва.
Так людзі нават з іншых краін змогуць адшукаць месцы пахавання сваіх крэўных. Дзеля гэтага кожнае надмагілле трэба сфатаграфаваць з дапамогай адмысловай прылады і запампаваць у інтэрнэт з апісаннем. На віртуальнай мапе помнік мае дакладныя каардынаты.
Андрэй алічбаваў ужо каля 7 тысяч (з 30 мільёнаў) беларускіх пахаванняў: большасць у вёсцы Налібакі, Дзяржынску, Наваградку, крыху ў Менску. У будучым плануе ахапіць праектам усе могілкі краіны.
Прыладу GeoTag, якая фатаграфуе помнікі з GPS-прывязкай, Андрэй стварыў на ўласныя грошы. На гэта пайшло 14 тыс. даляраў. За стварэнне сайта аддаў каля 2 тыс. даляраў. Дзеля гэтага нават прадаў аднапакаёўку ў Мінску.
Інструменты і прылады, якія выкарыстоўвае Бурдзянкоў, агулам каштуюць некалькі тысяч даляраў. Сярод іх камера з сінхранізатарам і бліскавіцай, штатыў, электракаса, электранажніцы, нож, секатар. На зарослыя могілкі ўлетку патрэбныя і гумовыя боты, рукавіцы, сродкі ад камароў і кляшчоў — гэта таксама грошы з уласнай кішэні. Сюды ж дадаецца кошт падарожжа ў розныя пункты Беларусі, плата за гатэлі. Да таго ж справа патрабуе часу, у які Андрэй мог бы працаваць за грошы.
Пры гэтым ягоная інтэрнэт-база пахаванняў — бясплатная. Аўтар праекту спадзяецца, што так будзе заўсёды. Кажа, што займаецца гэтым дзеля гісторыі.
Цяпер Бурдзянкоў вырашыў запусціць кампанію па зборы грошай на краўдфандынгавай платформе Talaka. Да канца верасня плануюць сабраць 1500 рублёў.
Гэтыя грошы пойдуць, у першую чаргу, на прыбіранне травы і каранёў на горадзенскіх могілках на вуліцы Антонава. Таксама за сабраныя сродкі крыху дапрацуюць мабільную праграму і сайт, у тым ліку беларускамоўную версію, бо цяпер ён існуе толькі па-ангельску. Мужчына спадзяецца, што такі збор будзе разавым, бо праект павінен зарабляць сам. Цяпер доступ да ягонай мабільнай праграмы каштуе 1 даляр (пасля 10 здымка).
На думку Бурдзянкова, было б здорава, калі б нехта дапамог расчысціць могілкі па сэктарах. Гэта можа быць валанцёрская або аплатная праца. Калі кампанія пойдзе зладжана і возьмуць удзел прынамсі 20 ахвотных, то да канца верасня можна алічбаваць старыя горадзенскія могілкі цалкам. Каардынатар у справе прыбірання старых могілак у Горадні — Сяржук Герман.
Старыя горадзенскія могілкі складаюцца з дзвюх частак: каталіцкай і праваслаўнай. Каталіцкія ўпершыню згадваюцца ў 1792 годзе, праваслаўныя — пазней. Лічыцца, што гэта самы стары камунальны (вынесены за горад) хрысціянскі некропаль у Беларусі. Тут пахаваныя пісьменнікі Эліза Ажэшка, Міхась Васілёк, Міхась Багун, маці Максіма Багдановіча Марыя Апанасаўна, архітэктар Джузепе Сака, невядомы француз Франсуа Легрэ, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, духавенства, вайскоўцы і чыноўнікі. Надмагіллі маюць мастацкую каштоўнасць.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Пачаўся міжнародны конкурс дзіцячых малюнкаў «Красота Божьего мира» 01.07.2022 12:06
- Вернікаў царквы «Новае Жыццё» просяць пацвердзіць, што яны па-ранейшаму ў царкве 01.07.2022 10:14
- У Маладзечне асвяцілі кафедральны сабор 01.07.2022 07:12
- Верш беларускага святара паслужыў тэкстам антываеннай “Балады аб вайне” 30.06.2022 17:12
- Пастар Ганчарэнка: Бог здольны здзейсніць эканамічныя і палітычныя цуды 30.06.2022 16:05
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)