Папа Францішак і смяротнае пакаранне

a4022df6adaf615cc21e0

Арыгінальны артыкул быў апублікаваны ў выданні First Things 3 жніўня 2018 года. Пераклад на беларускую быў апублікаваны тут.

Наўрад ці каго здзіўляе, што Папа Францішак, як здаецца, зноў супярэчыць двум тысячагоддзям яснага і паслядоўнага біблійнага і каталіцкага вучэння. Ватыкан абвясціў, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла будзе зменены і будзе сцвярджаць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца “недапушчальным” з улікам “недатыкальнасці і годнасці асобы”, зразуметай “у святле Евангелля”.

Паміж каталікамі заўсёды існавалі разыходжанні наконт таго, ці з’яўляецца на практыцы смяротнае пакаранне маральна найлепшым спосабам падтрымкі справядлівасці і сацыяльнага парадку. Аднак Касцёл заўсёды ясна і паслядоўна навучаў, што смяротнае пакаранне ў прынцыпе адпавядае як натуральнаму праву, так і Евангеллю. Так навучае Святое Пісанне — у Быц 9, Рым 13 і многіх месцах паміж гэтымі, — а Касцёл трымаецца таго, што Пісанне не можа навучаць памылкам у сферы маральнасці. Гэтаму вучылі Айцы Касцёла, сярод іх і тыя, якія выступалі супраць прымянення смяротнага пакарання на практыцы. Гэтаму вучылі дактары Касцёла, у тым ліку св. Тамаш Аквінскі, найвялікшы тэолаг Касцёла; св. Альфонс Лігуоры, яго найвялікшы маральны тэолаг; і св. Роберт Белармін, які лепш за іншых дактароў Касцёла паказаў, якім чынам хрысціянскае вучэнне прымяняецца да сучасных палітычных абставінаў.

Гэтаму ясна і паслядоўна навучалі Папы да Бенедыкта XVI ўключна. Пра тое, што хрысціяне ў прынцыпе могуць законна прыбягаць да смяротнага пакарання, вучаць Рымскі Катэхізіс, выдадзены св. Піем V, Катэхізіс хрысціянскага вучэння, выдадзены св. Піем Х, а таксама апошні Катэхізіс, апублікаваны св. Янам Паўлам ІІ, у версіях 1992 і 1997 года нягледзячы нават на тое, што Ян Павел ІІ, як шырока вядома, выступаў супраць прымянення смяротнага пакарання на практыцы. Св. Інакенцій І і Папа Інакенцій ІІІ вучылі, што прыняцце прынцыповай легітымнасці смяротнага пакарання з’яўляецца патрабаваннем каталіцкай прававернасці. Папа Пій ХІІ некалькі разоў яўным чынам падтрымліваў смяротнае пакаранне. Менавіта таму кардынал Ёзаф Ратцынгер у якасці кіраўніка дактрынальнай службы пры пантыфікаце Яна Паўла ІІ яўна сцвердзіў у мемарандуме 2004 года:

Калі б здарылася, што каталік не згаджаецца са Святым Айцом наконт прымянення смяротнага пакарання (…), ён не лічыўся б з гэтай прычыны не годным прыступаць да Святой Камуніі. Хоць Касцёл заклікае грамадскія ўлады шукаць міру (…), а таксама кіравацца разважлівасцю і міласэрнасцю пры накладанні пакарання на злачынцаў, усё ж можа быць дапушчальным (…) прыбягаць да смяротнага пакарання.

Джозэф Бесэт і я падрабязна апісалі гэтае традыцыйнае вучэнне ў нашай нядаўна выдадзенай кнізе. Па прычынах, якія я выклаў у сваім пазнейшым артыкуле, традыцыйнае вучэнне яўна адпавядае крытэрыям беспамылковага і нязменнага [irreformable] вучэння звычайнага Магістэрыя Касцёла. Не здзіўляе ані тое, што многія Папы старанна падтрымлівалі яго, ані тое, што Белармін лічыў “ерэтычным” сцвярджаць, што хрысціяне не могуць у тэорыі прымяняць смяротнае пакаранне.

Такім чынам, ці супярэчыць цяпер Папа Францішак гэтаму вучэнню? З аднаго боку, ліст, якім Кангрэгацыя дактрыны веры аб’яўляе пра змену, сцвярджае, што гэтая змена з’яўляецца “аўтэнтычным развіццём вучэння, якое не знаходзіцца ў супярэчнасці з папярэднім вучэннем Магістэрыя”. Таксама і новыя словы, уведзеныя ў катэхізіс, не сцвярджаюць ясна і яўна, што смяротнае пакаранне само па сабе супярэчыць ці то натуральнаму праву, ці то Евангеллю.

З іншага боку, Катэхізіс, які пакінуў Ян Павел ІІ, ужо выкладаў дактрынальныя меркаванні ў фармулёўцы, максімальна блізкай да скасавання смяротнага пакарання, але звязнай з мінулым вучэннем. Менавіта таму, калі Катэхізіс Яна Паўла ІІ кажа, што выпадкі, у якіх смяротнае пакаранне з’яўляецца неабходным, сталі “вельмі рэдкімі, калі ўвогуле не перасталі існаваць на практыцы”, ён звяртаецца да разважных меркаванняў наконт таго, што ў сціслым сэнсе з’яўляецца неабходным для абароны грамадства.

Папа Францішак, наадварот, жадае, каб Катэхізіс навучаў, што смяротнае пакаранне не павінна выкарыстоўвацца ніколі (а не “вельмі рэдка”), і ён апраўдвае гэтую змену не меркаваннямі разважлівасці, а тым, “каб лепш адлюстраваць развіццё вучэння па гэтым пытанні”. З гэтага вынікае, што, на думку Папы Францішка, вучэнне або прынцыповыя меркаванні абсалютна выключаюць выкарыстанне смяротнага пакарання. Больш за тое, казаць, як гэта робіць Папа, што смяротнае пакаранне супярэчыць “недатыкальнасці і годнасці асобы”, значыць даваць зразумець, што такая практыка ўнутрана супярэчыць натуральнаму праву. А казаць, як гэта робіць Папа, што “святло Евангелля” выключае смяротнае пакаранне, значыць даваць зразумець, што гэтая практыка ўнутрана супярэчыць хрысціянскай маральнасці.

Казаць адну з гэтых рэчаў азначае дакладна супярэчыць мінуламу вучэнню. Таксама і ліст Кангрэгацыі дактрыны веры не тлумачыць, якім чынам новае вучэнне можна пагадзіць з вучэннем Святога Пісання, Айцоў і дактароў Касцёла і папярэдніх Папаў. Простая заява, што новая фармуліроўка “развівае” мінулае вучэнне, а не “супярэчыць” яму, не вырашае справы. Кангрэгацыя дактрыны веры — гэта не оруэлаўскае міністэрства праўды, а Папа — не Шалтай-Балтай, які можа адным росчыркам надаваць словам такое значэнне, якое пажадае. Калі на супярэчнасць наляпіць этыкетку “развіццё”, гэта не пераменіць яе ў несупярэчнасць.

Іронія заключаецца ў тым, што Катэхізіс Яна Паўла ІІ быў выдадзены для таго, каб праясніць дактрынальныя справы і нарэшце пакласці канец паслясаборным спекуляцыям пра тое, што каталіцкае вучэнне адкрытае для бясконцага перагляду. Аднак цяпер мы маем ужо два перагляды вучэння пра смяротнае пакаранне ў самім Катэхізісе — адзін з 1997 года, які зрабіў сам Ян Павел ІІ, і другі пры Францішку.

Праблема не зводзіцца да смяротнага пакарання. Апошнія падзеі з’яўляюцца часткай ужо знаёмай заканамернасці. Папа Францішак рабіў заявы, якія, як здаецца, супярэчаць традыцыйнаму каталіцкаму вучэнню пра кантрацэпцыю, сужэнства і разводы, ласку, сумленне і святую Камунію і іншыя справы. Ён таксама настойліва адмаўляўся праясняць свае праблематычныя заявы, нават калі праяснення фармальным чынам і з павагай прасілі знакамітыя тэолагі і іерархі. У выніку тыя, хто жадае перакруціць іншыя часткі традыцыйнага вучэння Касцёла, былі падбадзёраны, а тыя, хто хоча падтрымаць гэтыя часткі вучэння, дэмаралізаваныя.

Калі смяротнае пакаранне з’яўляецца няправільным у прынцыпе, тады Касцёл на працягу двух тысячагоддзяў сістэматычна навучаў сур’ёзнай памылцы ў сферы маральнасці і кепска інтэрпрэтаваў Пісанне. А калі Касцёл так доўга не меў рацыі наконт чагосьці настолькі сур’ёзнага, то не існуе вучэння, якое не магло б быць развернута ў супрацьлеглы бок, прычым разварот можна было б апраўдаць, назваўшы яго “развіццём”, а не супярэчнасцю. Разварот смяротнага пакарання — гэта вузкая частка кліна, які пасля поўнага прасоўвання можа раз’яднаць каталіцкае вучэнне са сваёй мінуўшчынай і такім чынам абвергнуць сцвярджэнне, што Касцёл захаваў дэпазіт веры цэласным і нязменным.

Такі разварот падрывае давер не толькі да кожнага папярэдняга Папы: ён падрывае давер да самога Папы Францішка. Бо калі св. Інакенцій І, Інакенцій ІІІ, св. Пій V, св. Пій Х, Пій ХІІ, св. Ян Павел ІІ і многія іншыя Папы маглі зразумець усё настолькі няправільна, то чаму мы павінны верыць, што Папа Францішак нейкім чынам нарэшце ўсё зразумеў правільна?

Не трэба быць прыхільнікам смяротнага пакарання, каб непакоіцца, што Папа Францішак, магчыма, зайшоў надта далёка. Кардынал Эверы Далес, які асабіста выступаў супраць практычнага выкарыстання смяротнага пакарання, усё ж настойваў, што “поўная змена такога цвёрдага вучэння, як вучэнне пра легітымнасць смяротнага пакарання, падыме сур’ёзныя пытанні наконт даверу да Магістэрыя”. Арцыбіскуп Чарльз Шап’ю, які таксама выступаў супраць выкарыстання смяротнага пакарання на практыцы, тым не менш прызнаваў:

Смяротнае пакаранне не з’яўляецца само па сабе дрэнным. Як Святое Пісанне, так і доўгая хрысціянская традыцыя прызнаюць легітымнасць смяротнага пакарання ў пэўных абставінах. Касцёл не можа адмовіцца ад гэтага, не адмовіўшыся ад сваёй ідэнтычнасці.

Калі Папа Францішак сапраўды заяўляе, што смяротнае пакаранне з’яўляецца кепскім само па сабе, тады памыляюцца альбо Пісанне, Айцы і дактары Касцёла і ўсе папярэднія Папы — альбо Францішак. Трэцяй альтэрнатывы няма. Няма таксама і сумневаў, хто можа не мець рацыі ў дадзеным выпадку. Касцёл заўсёды прызнаваў, што Папы могуць рабіць дактрынальныя памылкі, калі прамаўляюць не ex cathedra. Папа Ганорый І і Папа Ян ХХІІ — найбольш вядомыя прыклады Папаў, якія сапраўды рабілі такія памылкі. Таксама Касцёл яўным чынам навучае, што вернікі могуць, а часам павінны адкрыта і з павагай крытыкаваць Папаў, калі яны навучаюць памылцы. Дакумент Кангрэгацыі дактрыны веры Donum veritatis (1990) выкладае нормы, якімі павінна кіравацца апраўданая крытыка настаўніцкіх дакументаў, якія маюць у сабе “недахопы”. Здаецца, што каталіцкія тэолагі цяпер знаходзяцца ў той самай сітуацыі, калі гэтыя нормы трэба прымяніць.

Эдвард Фезер, суаўтар кнігі “By Man Shall His Blood Be Shed: A Catholic Defense of Capital Punishment” [“Кроў яго будзе праліта чалавекам: каталіцкая абарона смяротнага пакарання”]

https://www.firstthings.com/web-exclusives/2018/08/pope-francis-and-capital-punishment

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі