У Росіцы ўшанавалі памяць самаахвярных святароў-мучанікаў

rosica_zhniven_20

3 і 4 жніўня ў Росіцы ўшанавалі памяць мучаніцкай смерці бласлаўлёных мучанікаў, каталіцкіх святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія ў 1943 годзе засталіся разам са сваімі вернікамі і згарэлі жыўцом у падпаленай нацыстамі хаце.

З розных куткоў Беларусі з’ехаліся вернікі, каб прыняць удзел ва ўрачыстасці. Таксама ў Росіцу прыйшлі пілігрымы з Полацка і Друі, прыехалі на роварах з Барысава, а з Браслава — байкеры на матацыклах, піша “Каталіцкі веснік”.

На парозе святыні пілігрымаў сустрэў апякун санктуарыя а. Чэслаў Курачка МІС. Затым адбылася св. Імша для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У святочнай Літургіі таксама прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.

“Сёння мы дзякуем Богу за прыклад мужнай веры айцоў марыянаў, якія маглі пазбегнуць, уратаваць сваё жыццё, але, адчуваючы адказнасць за даручаных ім людзей, за слова Божае, якое ім абвяшчалі, пажадалі застацца разам. Гэты нязгасны прыклад мужнай веры вельмі патрэбны кожнаму з нас. Прысутнасць у гэтай святыні такой вялікай колькасці маладых шчаслівых твараў з’яўляецца найлепшым знакам таго, што ахвяра мучанікаў, іх прыклад не засталіся дарэмным”, — прывітаў на самым пачатку Віцебскі біскуп.

У гаміліі для пілігрымаў а. Канстанцін Анашка МІС звярнуў увагу на сімвал пілігрымавання, на ахвяры і інтэнцыі кожнага пілігрыма, а таксама распавёў пра свае самыя шчаслівыя тры хвіліны шляху да Росіцы – калі перад уваходам у вёску “сцяна” дажджу спасцігла пілігрымаў.

Вернікі прынялі ўдзел у многіх набажэнствах, сярод якіх былі Нешпары за памерлых, Акафіст да мучанікаў, малітва праслаўлення, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Літургія ўсходняга абраду, Святы Ружанец.

Пасля святой Імшы апоўначы адбылася працэсія на Пляц мучаніцтва айцоў Юрыя і Антонія. «Прыходзім сюды прасіць аб заступніцтва бласлаўлёных пакутнікаў з Росіцы, каб не паўтарылася гэта трагедыя. Не толькі ў яе такім трагічным выяўленні, калі забіваецца вялікая колькасць людзей, а сёння  жывём з вамі ў свеце, які зноў нясе гэтую пагрозу. Кожны раз чуем пра тыя войны, якія трываюць і ўзнікаюць у свеце. Зноў пагражае небяспека трэцяй сусветнай вайны. Хто ведае, каб не малітва людзей, шчырым сэрцам шукаючых Бога, ці яна б ужо не надышла? Мы прыходзім сюды, каб прасіць Бога ў той інтэнцыі ўшанавання людской годнасці, адвагі бараніць гэту годнасць сёння ў сучасным свеце, бараніць людское жыццё ад самага яе пачатку да натуральнага канца. І сёння  гэта для нас заданне, наш абавязак. Прыходзячы сюды і гледзячы на знак крыжа, які тут стаіць, павінны ўсвядоміць сабе ў чарговы раз, што гэта ёсць знак перамогі. Просім сёння тут, каб і мы, вернікі 21 стагоддзя, былі моцныя на дарозе да Бога, моцныя верай, моцныя надзеяй, моцныя любоўю», — на заканчэнне малітвы скіраваў словы біскуп Алег Буткевіч.

Пасля працэсіі вернікі распачалі Крыжовы шлях вакол святыні.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі