«Неабходна забяспечыць плюралізм»: вучэнне хрысціянскіх Цэркваў аб СМІ

censorship

7 жніўня ў рэдакцыях найбуйнейшых прыватных СМІ Беларусі — інфармацыйнага партала TUT.by і агенцтва БелаПАН, а таксама газеты «Навука» — прайшлі маштабныя ператрусы ў сувязі з абвінавачваннем у незаконным выкарыстанні платнай інфармацыйнай стужкі ў дзяржаўнага агенцтва БелТА, якое валодае фактычна манапольным правам на інфармацыю ад дзяржорганаў. Былі затрыманыя журналісты.

Такія празмерныя паводзіны праваахоўнікаў (артыкул, па якім узбуджана крымінальная справа, прадугледжвае максімум да двух гадоў пазбаўлення волі, а саму праблему можна было б вырашыць і без сілавікоў) ужо паспелі асудзіць як у Беларусі, так і за мяжой. Аб палітычным падтэксце справы кажуць палітычныя партыі (напрыклад, БХД або ПБНФ). Не вераць ў афіцыйныя абвінавачванні і называюць іх абсурднымі і палітычна матываванымі кіраўніцтва TUT.by і БелаПАН. Аб мэтанакіраваным ціску на СМІ заявілі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» і Нацыянальным саюзе журналістаў Украіны.

Між тым дзяржаўныя беларускія медыі транслююць на шырокую аўдыторыю запісы тэлефонных размоў затрыманых, якія незразумела як трапілі да іх. А раніцай 8 жніўня Следчы камітэт ужо прыйшоў да журналісцкай сям’і Паўлюка і Вольгі Быкоўскіх. Затрыманыя журналісты газеты «Белорусы и рынок» і Realt.by. Хто наступны на чарзе, невядома.

Адбываецца гэта ўсё на фоне блакаванняў апазіцыйных СМІ “Хартыя 97” і «Белпартызан», узмацнення жорсткасці заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і заканадаўчым прымусе дзяржСМІ пісаць на замову ўладаў краіны.

Спробы ўладаў паўплываць на сродкі масавай інфармацыі можна знайсці яшчэ ў Бібліі. Так, у Евангеллі ад Яна (Ян. 19:19-22) чытаем, што пракуратар Юдэі Понцій Пілат зрабіў для крыжа Ісуса Хрыста таблічку з надпісам “Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі”. «Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-габрэйску, па-грэцку, па-рымску». Раззлаваныя гэтым першасвятары паспрабавалі прымусіць Пілата адцэнзураваць напісанае: «не пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі». На што атрымалі адказ: «што я напісаў, тое напісаў».

А што кажуць пра свабоду СМІ і цэнзуры хрысціянскія царквы сёння?

Так, Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла аб’яўляе, што інфармацыя з’яўляецца адным з галоўных інструментаў дэмакратычнага ўдзелу. “Ніякі ўдзел немагчымы без ведання праблем палітычнай супольнасці, фактаў і прапанаваных варыянтаў рашэння. Неабходна забяспечыць рэальны плюралізм у гэтай далікатнай галіне сацыяльнага жыцця, гарантуючы разнастайнасць формаў і інструментаў у сферы інфармацыі і камунікацыі і ствараючы, з дапамогай адпаведных законаў, роўныя ўмовы валодання такімі інструментамі і іх выкарыстання”, — гаворыцца ў Кампендыума.

Сярод перашкодаў для поўнай рэалізацыі права на аб’ектыўную інфармацыю Каталіцкі Касцёл асабліва вылучае кантроль над СМІ нямногімі людзьмі або групамі. «Гэты феномен тоіць у сабе небяспечныя наступствы для ўсёй дэмакратычнай сістэмы, калі яму спадарожнічае ўмацаванне сувязяў паміж дзейнасцю ўрада, фінансавымі ўладамі і інфармацыйнай сферай», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Больш за тое, Кампендыум называе журналісцкую працу грамадскім служэннем, накіраваным на тое, «каб будаваць і падтрымліваць чалавечыя супольнасці ў розных аспектах: эканамічным, палітычным, культурным, выхаваўчым, рэлігійным». «Грамадства мае права на інфармацыю, заснаваную на праўдзе, свабодзе, справядлівасці і салідарнасці», — вучыць Каталіцкая Царква.

У Асновах Сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, часткай якой з’яўляецца і Беларуская ПЦ, адзначаецца, што «Царква з павагай ставіцца да працы журналістаў, закліканых забяспечваць шырокія пласты грамадства своечасовай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў свеце, арыентуючы людзей у цяперашняй складанай рэальнасці». Пры гэтым асабліва падкрэсліваецца, што інфармаванне грамадзян павінна грунтавацца не толькі на цвёрдай прыхільнасці праўдзе, але і на клопаце «пра маральны стан асобы і грамадства, што ўключае ў сябе раскрыццё станоўчых ідэалаў, а таксама барацьбу з распаўсюджваннем зла, граху і заганы».

Асаблівай увагі заслугоўвае і Сацыяльная пазіцыя пратэстанцкіх цэркваў у Расіі (у Беларусі яе аналагу, на жаль, пакуль няма), падрыхтаваная Кансультатыўнай Радай кіраўнікоў пратэстанцкіх Цэркваў, у якую ўваходзяць адвентысцкія, баптысцкія і пяцідзясятніцкія аб’яднанні.

Згодна з дакументам, “Цэрквы з павагай ставяцца да працы журналістаў, закліканых данесці да шырокіх слаёў грамадства своечасовую і дакладную інфармацыю аб падзеях у краіне і свеце”. Недапушчальнымі называюцца толькі «публікацыі, якія заклікаюць да рэлігійнай варожасці, нацыянальнай варожасці, якія падкрэсліваюць перавагу адных сацыяльных груп над іншымі».

«Мы вітаем аб’ектыўнае крытычнае стаўленне да падзей і фактаў, але не прымаем крытыку, зневажаючуб годнасць асобы, разбураючую магчымасць пазітыўнага дыялогу», — падкрэсліваюць расійскія пратэстанты.

Наколькі суадносіцца палітыка беларускіх уладаў з хрысціянскім вучэннем, пытанне, здаецца, рытарычнае.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі