У Друі праходзіць міжнародны мастацкі пленэр

Друя

У Друі ў марыянскім кляштары, якія належыць парафіі Найсвяцейшай Тройцы, 4 жніўня пачаўся традыцыйны мастацкі пленер з удзелам мастакоў, сярод якіх – зоркі айчыннага жывапісу Аляксандр Даманаў, Дзмітрый Сурыновіч, Кацярына Сумарава.

Друя
У гэтым годзе канцэпцыя пленеру, арганізаванага пробашчам парафіі кс. Сяргеем Сурыновічам, – праца з алеем. Менавіта крытэрый тэхнікі стаўся вызначальным у запрашэнні мастакоў.

Друя
Частка з іх – Кацярына Говен, Вольга Куваева, Уладзіслаў Пятручык, Анастасія Рыбакова, – прыязжаюць на друйскі пленер штогод, пакідаючы ў падарунак Друйскай галерэі, створанай святаром, новыя краявіды і настраёвыя палотны, якія ўмяшчаюць у сябе ўсю прыгажосць легендарнага старадаўняга мястэчка.

Друя
Як і раней, пленер мае статус міжнароднага: гэтым разам побач з беларускімі мастакамі працуюць Аляксей Залезін і Людзміла Суман з Расіі, Ламбэртус Карнэліс Антоніус з Нідэрландаў, Вэн Хуа Чэнь з Кітаю.

Друя
12 жніўня адбудзецца вернісаж, падчас якога мясцовыя жыхары, а таксама шматлікія госьці з усіх куткоў Беларусі змогуць пабачыць вынікі працы мастакоў. Святую імшу, якой распачнецца ўрачыстае закрыццё пленэру, узначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Друя
Звыклая ўжо для тутэйшых жыхароў прысутнасць мастакоў набывае ў гэтым годзе новыя адценні. Стварыўшы ў мінулыя візіты шмат працаў, прысвечаных непасрэдна кляштару, цяпер творцы вывучаюць мястэчкавыя наваколлі і вясковыя вулачкі. “Нам цікава вельмі, мы, бывае, прыходзім і глядзем, як яны нашыя домікі малююць”, – апавядае жыхар Друі сталага ўзросту.

Друя
Падбягаюць малыя на вуліцы, з шчырай зацікаўленасцю пытаюцца, – “Ці трэба недзе вучыцца на мастака?”

Друя
Удзел у мастацкай штодзёнасці мясцовых дзяцей стаўся адметнасцю пленэра – некаторыя з іх паспрабавалі сябе ў ролі натуршчыкаў.

Друя
“У гэтым годзе атмасфера пленэра – камерная, – распавядае кс. Сяргей Сурыновіч. – Па-першае, хацелася, каб мастакі працавалі ў адзінай тэхніцы, у дадзеным выпадку, пісалі алеем, па-другое – абмежаваная колькасць удзельнікаў дазваляе стварыць не толькі больш камфортныя побытавыя ўмовы, але і сапраўдны майстроўскі дух”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі