Рэлігійная сфера ў Беларусі: стабільнасць і кантраляванасць

крыж

Сітуацыю ў рэлігійнай сферы ў 2017 годзе бадай лягчэй апісваць праз тое, чаго не адбылося, чым праз тое, што адбылося. Хаця 500-годдзе выдання Францішкам Скарынам Бібліі мела для цэркваў і царкоўнай супольнасці пэўны сімвалічны патэнцыял, рэй у юбілейных падзеях вялі акадэмічная супольнасць і грамадскасць. Сітуацыя ў рэлігійнай сферы знаходзіцца ў “замарожаным” стане, практычна няма ніякай дынамікі, дзяржава і рэлігійныя арганізацыі падтрымліваюць стабільны баланс. Улады працягваюць палітыку кантралявання рэлігійнай сферы праз дзеючыя бюракратычныя механізмы, якія ўскладняюць спантанную і актыўную дзейнасць рэлігійных арганізацый. У Праваслаўнай царкве паступова ўладкоўваецца баланс элітаў. Каталіцкая царква працягвае спробы выбудаваць баланс у адносінах з дзяржавай, пры любой нагодзе актуалізуючы тэму канкардату.

ТЭНДЭНЦЫІ:

— кантроль за рэлігійнай сферай ажыццяўляецца галоўным чынам праз бюракратычныя механізмы без стварэння ачагоў напружання;

— у Беларускай праваслаўнай царкве ў значнай ступені завяршаецца структурнае і кадравае перафарматаванне, складаецца баланс элітаў;

— Рыма-каталіцкая царква рэактулізуе заключэнне канкардату.

ЗАКАНАДАЎСТВА І ІНСТЫТУЦЫІ: “У МЭТАХ ПАДТРЫМКІ СТАБІЛЬНАСЦІ МІЖКАНФЕСІЙНАЙ СІТУАЦЫІ”

Для дзяржаўных уладаў Беларусі галоўнымі станоўчымі характарыстыкамі любой падсістэмы грамадскага жыцця з’яўляюцца стабільнасць і кантраляванасць. Менавіта дзеля іх забеспячэння і дзейнічае комплекс заканадаўчых і бюракратычных норм, а таксама бюракратычны апарат(1). Кантралюючая і санкцыянуючая роля апарату з’яўляецца ў дачыненні да заканадаўчых норм першаснай, паколькі чыноўнікі, пры патрэбе, могуць у мэтах “падтрымання стабільнасці” ўжываць нормы, ігнараваць іх ці дзейнічаць наўпрост насуперак ім.

Так, адказваючы на пытанні святароў Мінскай мітраполіі датычна парушэння ў шэрагу выпадкаў арт. 13 Закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, які патрабуе, што кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць выключна грамадзянін Беларусі, Упаўнаважаны па справах рэлігій Л. Гуляка заявіў, што хаця такая норма ёсць, але “там, дзе трэба прымаць нейкія рашэнні, мы вельмі жорстка не падыходзім да гэтага пытання. У нас ёсць і з Расіі, і з Украіны, і кіруюць прыходамі па лініі Праваслаўнай царквы. Па лініі Каталіцкай царквы, калі сёння жорстка прытрымлівацца гэтых стандартаў… то 31 чалавек павінен з’ехаць з краіны неадкладна”(2).

Паказальна, па-першае, што Упаўнаважаны выказваецца пра норму досыць фармальна, як пра тое, што “запісана”, гэта значыць як пра нешта, што існуе выключна на паперы, нягледзячы на тое, што арт. 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прама патрабуе: “Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства”. Па-другое, выказванні Упаўнаважанага выяўляюць, што ён дрэнна валодае тэмай і не ведае, што паводле тыповага Статуту рыма-каталіцкіх парафій у Беларусі выканаўчым органам кіравання прыходам з’яўляецца “касцельны камітэт” (п.3.5), які ўзначальвае старшыня (п.3.8), а настаяцель на гэтую пасаду можа быць выбраны, толькі калі ён з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (п.3.8.1). Менавіта з-за кантраверсійнай нормы Рыма-каталіцкі касцёл і вымушаны быў змяніць парафіяльныя статуты, стварыць для сябе дадатковыя нязручнасці, у тым ліку звязаныя з неадпаведнасцю свецкіх статутаў нормам кананічнага права і спосабам арганізацыі ўнутранай структуры.

З аднаго боку, Упаўнаважаны прызнае, што згаданая норма – арт. 13 – у шэрагу выпадкаў не спрыяе канфесійнай стабільнасці. Варта згадаць, што сам кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел (Панамароў) з’яўляецца грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, а гэта значыць, займае пасаду кіраўніка БПЦ у парушэнне заканадаўства. З другога боку, дзяржаўныя ўлады свядома выбіраюць стратэгію пазазаконных выключэнняў, што ставіць рэлігійныя арганізацыі ў яшчэ большую залежнасць ад рашэнняў дзяржаўных органаў.

ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА: СВАІМ ПАРАДКАМ

Ва ўнутраным жыцці Праваслаўнай царквы практычна завяршаецца працэс перафарматавання “элітаў”, і на бягучы момант можна адзначыць наступныя цэнтры: кіраўніцтва БПЦ, якое складаецца з Мітрапаліта Паўла і сфармаванай ім і залежнай ад яго каманды, якая складаецца ў асноўным з маладых і невядомых раней святароў. Другі цэнтр – гэта фаварыт Прэзідэнта Лукашэнкі з ліку святароў, мінскі прот. Фёдар Поўны, вядомасць і палітычны рэсурс якога забяспечваецца ў тым ліку асабістай штотыднёвай перадачай на беларускім тэлебачанні, асаблівым статусам ягонага прыходу Усіх святых, а таксама асабістымі сувязямі з дзяржаўнымі чыноўнікамі і людзьмі, якія займаюць значныя пасады. Паміж гэтым двума цэнтрамі ідзе негалоснае супрацьстаянне, якое, аднак, практычна не выяўляецца ў публічнай прасторы. Апроч таго, трэцім буйным цэнтрам з’яўляецца Свята-Елісавецінскі манастыр – буйная рэлігійная, эканамічная і, адпаведна, сацыяльная структура, да якой належаць некалькі тысяч супрацоўнікаў і актывістаў і якая на дадзены момант з’яўляецца манапалістам у шэрагу сфер – як у царкоўным бізнесе, так і ў выдавецкай і культурніцкай дзейнасці, валодае вялікімі рэсурсамі і моцнай ідэнтычнасцю.

З аднаго боку, у межах БПЦ пашыраецца ўжыванне беларускай мовы, рэгулярныя служэнні па-беларуску адбываюцца прынамсі ў Мінску ў чатырох праваслаўных храмах, у Мінскай вобл. у двух, у Гродна ў чатырох. Акурат у 500-гадовы юбілей скарынаўскай Бібліі быў выдадзены першы афіцыйны праваслаўны пераклад Новага Запавету на беларускую мову(3). У афіцыйнай старонкі БПЦ у інтэрнэце з’явілася паўнавартасная беларуская версія(4). З другога боку, актывізуецца працэс па кананізацыі мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), вакол якога гуртуюцца прарасійскія сілы ў БПЦ.

Пашыраюцца таксама і рознага кшталту нізавыя ініцыятывы, звязаныя больш не з кіраўніцтвам БПЦ, а з грамадзянскай супольнасцю. Сярод такіх ініцыятыў можна адзначыць: фестываль “Памежжа”, які ў 2017 годзе прайшоў ужо ў другі раз дзякуючы дзейнасці валанцёрскай групы; кансалідацыю беларускіх незалежных багасловаў вакол багаслоўскай секцыі Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і запачаткаванне Сеткі па супрацоўніцтве беларускіх багасловаў у замежжы.

РЫМА-КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ, БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА І ГРАМАДСТВА: КАНКАРДАТ НА ПАРАДКУ ДНЯ

У траўні 2017 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з праграмным дакладам “Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час” у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь(5), у якім пастуліраваў свой погляд на развіццё дзяржаўна-канфесійных адносін у Беларусі. У прыватнасці, кіраўнік Касцёлу ў Беларусі адзначыў прынцыповую няроўнасць паміж сусветным Касцёлам і адной з нацыянальных дзяржаў, паколькі Касцёл ажыццяўляе “глабальную праграму”, у той час як дзяржава “прымае канкрэтныя праграмы з мэтай вырашэння канкрэтных праблем” (п.4).

З аднаго боку, ён адзначыў, што пакліканнем Касцёлу з’яўляецца стварэнне справядлівых сацыяльных структур, з другога ж боку, такое пакліканне не непасрэднае, а ўскоснае, яно прадугледжвае ўзаемную аўтаномію дзяржавы і Касцёлу, пры гарантаванні апошняму “правоў, патрэбных для яго дзейнасці”, у тым ліку абарону рэлігійнай свабоды “справядлівымі законамі і іншымі адпаведнымі сродкамі”, а таксама права Касцёлу на “маральную ацэнку яе [дзяржавы] дзейнасці ў галіне захавання правоў чалавека і збаўлення душ” (п.5), “свабодна несці ў грамадства дух Евангелля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасці і развіваць сацыяльнае вучэнне, каб свецкая дзяржава ўзбагачалася хрысціянскімі каштоўнасцямі” (п.7).

Найлепшым спосабам рэгулявання адносін паміж дзяржавай і Касцёлам Мітрапаліту бачыцца сістэма канкардату, “юрыдычна аформленага” пагаднення паміж Ватыканам і дзяржавай, які вызначае “на міжнародным узроўні … ўзаемныя правы і абавязкі бакоў”. Той самы канкардат, размовы пра які вядуцца ўжо з памятнага візіту ў Беларусь амаль дзесяцігоддзе таму Дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала Бертоне, актуалізуючыся пры візітах у Ватыкан самога кіраўніка беларускай дзяржавы і візітах у Беларусь высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія, аднак, ніякім чынам актуальнаму падпісанню так і не спрыяюць(6). Пра неабходнасць “юрыдычнага ўрэгулявання адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржавай для больш эфектыўнага супрацоўніцтва дзеля духоўнага дабра беларускага народа” (7) заявіла ў траўні і Канферэнцыя Каталіцкіх біскупаў Беларусі:

Відавочна, што з боку беларускай дзяржавы адбываецца працяглы сабатаж у справе заключэння канкардату, аднак мітр. Кандрусевіч пакуль захоўвае надзею на тое, што некалі такое падпісанне ўсё ж адбудзецца, што дзяржава ўсё ж пагодзіцца на заключэнне канкардату дзеля “павышэнн[я] іміджу Беларусі на міжнароднай арэне”, прызнаючы, што “яшчэ далёка не ўсе праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай такога пагаднення, вырашаны” (п.7). Хоць па факце менавіта беларускае заканадаўства носіць рэпрэсіўны характар абмежавання свабоды рэлігіі, на што звярнуў у межах праходжання Беларуссю працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду Ватыкан, заявіўшы аб неабходнасці “прыняць меры да недапушчэння абмежаванняў у сферы свабоды рэлігіі і перакананняў і забяспечыць больш строгае выкананне права на свабоднае выражэнне меркаванняў і свабоду асацыяцыі”(8), кіраўнік беларускага Касцёлу паспрабаваў прапанаваць кампраміснае рашэнне. Прызнаючы, што заканадаўства не забяспечвае “поўнага права на свабоду веравызнання”, бо яго “многія палажэнні ўжо састарэлі і не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі” (п.9), ён адзначыў многія пазітыўныя палажэнні дзеючага Закона, а праблемы прапанаваў вырашаць не праз змены закону, якія датычыліся б усіх рэлігійных арганізацый, але праз “дзяржаўна-канфесійныя пагадненні” (п.8), якія датычаць толькі канкрэтнай рэлігійнай арганізацыі, у парадку ad hoc. Гэта адпавядае і апісанай у падраздзеле “Заканадаўства і інстытуцыі” дзяржаўнай стратэгіі.

Сярод тых пытанняў, якія турбуюць Рыма-каталіцкі касцёл, Мітрапаліт назваў наступныя: 1) пытанне замежных святароў: па-першае, неабходнасць святарам, якія кароткачасова наведваюць Беларусь як турысты, дадаткова атрымліваць папярэдні дазвол з боку адпаведных дзяржаўных органаў на адпраўленне богаслужэнняў; па-другое, праблема неўзгаднення альбо ўзгаднення толькі на кароткі час дазволаў на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці для замежных святароў; 2) перадача парафіям раней канфіскаваных касцельных будынкаў – патрэба заканадаўства аб рэстытуцыі; 3) стварэнне дзяржаўнай праграмы па аднаўленні гістарычных будынкаў; 4) пытанне санкцый за даўгабуды касцёлаў; 5) пытанне замежнай бязвыплатнай дапамогі: складаны парадак атрымання, рэгістрацыі і выкарыстання, адсутнасць падатковых ільгот для спонсараў; 6) узаемадзеянні з аддзеламі ідэалогіі: патрабаванне прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей; 7) рэлігійнае выхаванне ў школе на факультатыўнай аснове для Рыма-каталіцкага касцёлу; 8) дазвол і падтрымка пастырскай дзейнасці ў медыцынскіх установах; 9) дазвол пастырскай дзейнасці ў месцах зняволення і ў войску; 10) няведанне спецыялістамі па справах рэлігій асноў вучэння і кананічнага права рэлігійных арганізацый, дзейнасць якіх яны кантралююць; 11) праблема “аўтазакаў”, напружанасць ад іх прысутнасці на масавых і святочных мерапрыемствах, у тым ліку падчас пілігрымкі ў Будслаў (п.9).

Такія заявы з боку Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з’яўляюцца, з аднаго боку, спробай выбудоўвання ўласных межаў рэлігійнай арганізацыі ў адносінах з сучасным рэжымам. Аднак, з іншага боку, адбываецца дыстанцыяванне ад партый, якія грунтуюцца на хрысціянскіх каштоўнасцях, у прыватнасці незарэгістраванай партыі Беларуская Хрысіцянская Дэмакратыя, для якой, зыходзячы з ейнага пазіцыянавання ў палітычным і ідэалагічным полі, стратэгічна важна мець калі не падтрымку, то хаця б блізкія кантакты з цэрквамі. Мітрапаліт Тадэвуш, хаця і заахвочвае свецкіх вернікаў “займацца палітыкай з мэтай хрысціянскага сведчання і апоры на маральныя каштоўнасці ў кіраванні дзяржавай”, тым не менш заяўляе пра “негатыўнае стаўленне” Касцёлу да “ідэі заснавання каталіцкай партыі”, бо такая ідэя рэтраградная, “з мінулага стагоддзя” (п.6).

Пры гэтым нельга не адзначыць, што ў крытычныя моманты Мітрапаліт Кандрусевіч, не ідучы на адкрытую канфрантацыю з уладамі, мае смеласць рабіць публічныя заявы датычна пэўных палітычна афарбаваных, грамадскіх падзей. Так, у лютым кіраўнік Каталіцкай царквы выступіў са зваротам “у сувязі з сітуацыяй у Курапатах”(9), дзе заклікаў “прадстаўнікоў улады Мінска, Міністэрства культуры, забудоўшчыкаў, мясцовых жыхароў і абаронцаў Курапатаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнанняў і юрыстаў у адкрытым і шчырым дыялогу, а не праз эмоцыі, шукаць прымальнага ўсімі вырашэння ў гэтай узніклай і хвалюючай наша грамадства праблеме”. А ў сакавіку ён выказаў занепакоенасць арыштамі грамадскіх і палітычных актывістаў напярэдадні і падчас акцый, прысвечаных Дню волі, выказаўшы надзею на “гуманныя і справядлівыя адносіны да затрыманых” і заклікаўшы “дзяржаўную ўладу і яе апанентаў, а таксама грамадскія арганізацыі і людзей розных поглядаў да канструктыўнага дыялогу”. З аднаго боку, сам факт таго, што мітрапаліт закранае актуальныя для “апанентаў улады” тэмы, актуалізуючы іх, можа расцэньвацца як падтрымка іх “парадку дня”. Тым не менш ключавым словам у выказваннях Кандрусевіча з’яўляецца “дыялог” як нешта альтэрнатыўнае пратэстам. Аднак, паколькі ва ўмовах беларускай палітычныя сістэмы ў грамадзянскай супольнасці няма ніякіх механізмаў ініцыявання дыялогу з уладамі, падобны дыялог, прэцэдэнтаў якога за ўсю гісторыю ўмацавання рэжыму Прэзідэнта Лукашэнкі няма, залежыць толькі альбо ад добрай волі да дыялогу з боку саміх уладаў, альбо моцнага ціску на ўлады.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Дзяржава і надалей будзе імкнуцца захоўваць сітуацыю ў тым яе становішчы, у якім яна знаходзіцца на дадзены момант. У БПЦ будзе нарастаць супрацьстаянне паміж Мітрапалітам Паўлам і прот. Фёдарам Поўным, праваслаўныя імкнуцца атрымаць ад дзяржавы акрэдытацыю царкоўных духоўных навучальных устаноў. Каталіцкая царква будзе працягваць прамацваць магчымасць канкардату хоць у нейкай форме.

1. Василевич, Наталья, Шавцова, Дина. «Свобода совести в Беларуси в 2015-2016 годах: новые тренды.» Ініцыятыва FORB. 19 Apr. 2017. Web. 28 Feb. 2018. www.forb.by

2. «Леонид Гуляко считает, что ст. 13 Закона “О свободе совести” в отдельных случаях исполнять необязательно.» Ініцыятыва FORB. 21 Dec. 2017. Web. 24 Feb. 2018. www.forb.by

3. “Выдадзены пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на сучасную беларускую мову.” Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы. 07 Sep. 2017. Web. 28 Feb. 2018. www.church.by

4. Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы. Web. 28 Feb. 2018. www.church.by

5. Кандрусевіч, Тадэвуш, Мітрапаліт. “Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час.” Ініцыятыва FORB. 10 May 2017. Web. 28 Feb. 2018. www.forb.by

6. Васілевіч, Наталля. “Беларусь і Ватыкан: ці магчымае заключэнне канкардату?” Ініцыятыва FORB. 01 Apr. 2011. Web. 28 Feb. 2018. www.forb.by

7. “Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.” Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі. 04 May. 2017. Web. 28 Feb. 2018. www.old.catholic.by

8. Василевич Н., Шавцова Д., opt.cit.

9. “Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з сітуацыяй у Курапатах.” Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі. 25 Feb. 2017. Web. 28 Feb. 2018. www.old.catholic.by

Наталля Васілевіч, Белорусский Ежегодник

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі