Фестываль у Беразінскім: працяг традыцый графіні Габрыэлі Пузыні

SAM_2328

У пасёлку Беразінскім Маладзечанскага раёна прайшоў ужо трэці па ліку фестываль хрысціянскай культуры Laudato Si. 10-11 жніўня ён прыняў больш за 120 гасцей. Арганізатар свята ксёндз-пробашч касцёла Божага Цела ў Беразінскім Сяргей Бараўнёў распавёў пра гісторыю гэтай мясціны і свае служэнне:

— Наша парафія невялікая, але яе гісторыя пачыналася ў 1433 годзе. Тады яна называлася Градзілава. Пасёлак Беразінскае ўзнік у 50-х гадах мінулага стагоддзя, калі пабудавалі торфабрыкетны завод, і палову населенага пункту Градзілава назвалі Беразінскім. У мінулым ў гэтай мясцовасці жыла і дзейнічала выдатная асоба, якая мела вялікае значэнне для культуры ў 19-м стагоддзі – уладальніца маёнтка графіня Габрыэля Пузыня. Сюды прыязджалі творчыя людзі, яе блізкія сябры: Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, графы Тышкевічы, князі Агінскія, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Уладыслаў Сыракомля, і ладзілі тут салонныя вечары.

SAM_2353Графіня была пахавана пры старым касцёле, але ён пазней быў знішчаны. Засталася старая зарослая сажалка. Могілкі каталіцкія былі перакопаныя і часткова захаваліся, праз могілкі пракладзена новая шашэйная дарога.

Наш фестываль ў Беразінскім – працяг мінулага, таго, што адбывалася раней. Хацелася б, каб літаратары, музыкі, мастакі збіраліся тут, каб праславіць Бога, таму фестываль называецца Laudato Si (Будзь праслаўлены, Госпадзе). Габрыэля Пузыня была вельмі пабожнай, яе пісьменніцкі псеўданім быў – у Імя Божае. Кніжачка яе вершаў выйшла ў 2018 годзе ў найлепшай якасці. Яна старалася не толькі захаваць сваю веру, але памножыць і перадаць яе іншым. Яе спадчына перадалася новым пакаленням, і цяпер мы адраджаем традыцыі.

Першы фестываль ў нас быў цалкам музычным у 2016 годзе. Новы фестываль аб’ядноўвае не толькі музыкаў, але ўсе сферы культуры. Сёлета ў нас былі кінарэжысёры, якія паказвалі свае стужкі ў Маладэчна, была мастацкая выстаўка Лявона Грышука, якая працягвае дзейнічаць. У Беразінскім адбыўся вялікі канцэрт. Мы абапіраемся на Провід Божы. Усё тое, што робіцца, робіцца не здарма. Ёсць Божае бласлаўленне на тое, каб Беларусь была прыгожай і дагледжанай.

Гэта залежыць ад усіх нас разам узятых, ад таго, як мы ставімся да сваёй зямлі, да сваёй мовы, культуры, да адносінаў паміж сабой. Усё гэта вельмі шчыльна звязана. Трэба быць даверлівым да канца Богу, і тады ўсё атрымліваецца!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі