Лявон Вольскі напісаў карціну для святара з Друі

Крушня
Зорка беларускага року (і  выбітны мастак) Лявон Вольскі стварыў палатно “Крушня” адмыслова для пробашча Троіцкай парафіі ў Друі кс. Сяргея Сурыновіча. Праца была перададзеная Вольскім у Друю падчас IV Міжнароднага мастацкага пленэра, які праходзіў з 2 па 12 жніўня з удзелам шэрагу знакамітых айчынных мастакоў, што працуюць ў розных жанрах: ад класічнага рэалізму да канцэптуальнай абстракцыі.

Друя
Планавалася, што Лявон Вольскі наведае Друю асабіста і выступіць перад мастакамі з невялічкім канцэртам, але планы змяніла занятасць музыкі. У якасці ўзнёску ў стварэнне Друйскай калекцыі, якая фармуецца з твораў штогадовых пленэраў, рок-музыкант перадаў кс. Сяргею Сурыновічу “Крушню”, якая заняла цэнтральнае месца на вернісажы, якім 12 жніўня завяршыўся пленэр.

Друя

Удзел у пленэрах у форме творчых выступаў знакамітых творцаў – традыцыя Друйскіх форумаў жывапісу. У мінулыя гады да мастакоў завітвалі Піт Паўлаў, Уладзімір Някляеў, Адам Глобус. У гэтым годзе кс. Сяргей Сурыновіч вырашыў захаваць камерную атмасферу – мастакі працавалі без візітаў бліскучых гасцей, вынікам сталіся больш за сотню створаных палотнаў, якія ўжо пабачылі амаль тысяча наведвальнікаў.

Цікаўнасць гледачоў да палотнаў абумоўленая, паміж іншым, і вялікай колькасцю турыстаў, які з’язджаюцца ў жніўні ў Браслаў на адпачынак на славутых азёрах. Даведаўшыся пра магчымасць пабачыць працы жывапісу ў старадаўніх мурах кляштара, госці з розных куткоў Беларусі і з іншых краінаў не абмінаюць Друю.

“Вельмі ўсцешаны тым, што праца Лявона Вольскага сталася пярлінай калекцыі. Усе ведаюць Вольскага як харызматычнага музыку, але не менш таленавіты ён і як мастак. Вельмі рады магчымасці пазнаёміць друйскую моладзь і з гэтым бокам яго творчасці”, – распавядае кс. Сурыновіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі