У Гомелі пачалі будаваць новы касцёл

Гомель
У Гомелі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва аднайменнай святыні ў Гомелі.

Парафія з такім тытулам існавала ў горадзе да 1938 году. Затым улада бальшавікоў закрыла парафію, святары былі рэпрэсаваныя і забітыя, а ў 1940 годзе касцёл, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы, быў узарваны камуністамі, паведамляе katolik.life.

Біскуп Казімір Велікаселец, калі прыехаў служыць у Гомель, адрадзіў парафію і зарэгістраваў яе ў 2013 годзе, затым пачаў займацца справай выдзялення ўчастку для будаўніцтва святыні. Узводзіць касцёл вырашылі не на гістарычным месцы, а ў Савецкім раёне горада — на перакрыжаванні Рэчыцкага праспекту і вуліцы Аб’язной. На цэнтральнай плошчы пабудаваць святыню цяпер амаль немагчыма, і ў гэтым няма вялікага сэнсу.

Пакуль адзіны касцёл у горадзе знаходзіцца таксама ў цэнтры, а ў іншых раёнах Гомеля няма каталіцкіх святыняў, і вернікі вымушаны доўга дабірацца да касцёла.

Участак пад будаўніцтва новай святыні быў выдзелены на ўскрайку горада, сёлета там пачаліся падрыхтоўчыя працы. Ужо выкапаны катлаван і пракладзены камунікацыі, усталяваны крыж і фігура Божай Маці, з’явіцца тут і часовая драўляная капліца.

Такім чынам касцёл будуецца праз 80 год пасля закрыцця папярэдняй парафіі.

Датай асвячэння месца будоўлі касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі была выбрана сёлетняя ўрачыстасць. Падчас набажэнства мясцовыя парафіяне маліліся аб Божым благаслаўленні будоўлі,  а біскуп Казімір Велікаселец асвяціў тут зямлю.

Будзе закладзены ў падмурак і яшчэ адзін камень, які асвяціў Пантыфік — гэта невялікі каменчык, які біскуп Казімір Велікаселец прывез з Назарэту, роднага горада Езуса Хрыста, падчас нацыянальнай пілігрымкі ў Святую Зямлю.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі