Святар, які надаваў у савецкія часы хрост

DSC_0337a

Протаіерэй Яўгеній Грушэцкі быў адным з лепшых святароў Мінскага кафедральнага Свята-Духава сабора ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэты перыяд прыходзіўся на час перабудовы, калі прадстаўнікі інтэлігенцыі, навукоўцы, студэнты гуманітарных спецыяльнасцяў пачалі імкнуцца да спасціжэння хрысціянскіх ісцін, прымалі хрост.

Да гэтага ў СССР панаваў крызіс, вызваны заняпадам камуністычнай ідэалогіі, вайной у Афганістане, ваеннай істэрыяй, якая была выклікана супрацьстаяннем ядзерных дзяржаваў, Чарнобыльскай аварыяй. Цяжкі адбітак у душах людзей адкладала “пяцігодка пышных пахаванняў”, калі адзін за адным адыходзілі генеральныя сакратары ЦК КПСС, і іх пахаванні дэманстраваліся па тэлебачанні, навяваючы апакаліптычны страх. Прыходзіў канец сістэме, нялёгка было ўбачыць святло наперадзе і знайсці сэнс жыцця. У душы людзей закрадвалася разгубленасць перад будучыняй. У такі момант асабліва неабходна было святло веры Хрыстовай і надзеі, слова высокаадукаванага і вопытнага святара.

Айца Яўгенія вызначала глыбокая багаслоўская падрыхтоўка і інтэлігентнасць. Яго казанні былі насычаныя прыродазнаўчымі навуковымі дадзенымі, звесткамі з гісторыі царквы, стаўленне яго да людзей было вельмі добразычлівым і этычным, ён умеў суцешыць і супакоіць сваім мудрым словам.

Віталь Майсеевіч Грушэцкі

Будучы святар нарадзіўся на Камчатцы 19 жніўня 1949 года, у пасёлку геолагаў Сімлячыкі Ялізаўскага раёна. Яго бацьку-геолага Віталя Майсеевіча Грушэцкага, даследчыка зямных нетраў, накіравалі на Далёкі Усход, на Камчатку. Яго суправаджала ў нялёгкім падарожжы яго жонка Аляксандра Міхайлаўна. Там, ля сопкі Ключаўской, нарадзіўся іх першынец, любімы сын. На пачатку 50-х гадоў сям’я Грушэцкіх вярнулася на сталае жыхарства на Беларусь.

У Мінску Віталь Майсеевіч Грушэцкі перайшоў на працу ў геалагічнае ўпраўленне. У Аляксандры Міхайлаўны нарадзіліся яшчэ двое сыноў – Уладзімір і Сяргей. Найбольш блізкім па душы ёй быў старэйшы Жэня, уважлівы і пяшчотны. Ён з самага дзяцінства з захапленнем чытаў кнігі. Разам з бацькам яны набывалі рэдкія асобнікі ў букіністычнай краме, стваралі сямейную бібліятэку. Жэня цікавіўся жыццём прыроды, разнастайнасцю раслін і жывёл, прыгажосцю каменьчыкаў і ўзораў горных пародаў, якія бацька прывозіў з экспедыцый. Дапытлівы розум юнака шукаў адказы на пытанні стварэння свету. Віталь Майсеевіч акрамя геалогіі цікавіўся мастацтвам і пісаў алеем пейзажы з натуры ў месцах сваіх экспедыцый.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 65 ў Мінску ў 1966 годзе Жэня Грушэцкі паступіў на біялагічны факультэт БДУ і паспяхова скончыў яго ў 1971 годзе. Малады біёлаг працаваў у інстытуце генетыкі і цыталогіі АН БССР, займаўся радыяактыўным мутагенезам ячменю. Яго бацька Віталій Майсеевіч Грушэцкі тым часам перайшоў на працу ў інстытут геалогіі, падрыхтаваў і абараніў у 1970 годзе кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Геалогія месцазнаходжанняў будаўнічых матэрыялаў”. Яго цікавілі гліністыя пароды для вытворчасці цэменту і цэглы, будаўнічы камень, пяскі і гравійныя матэрыялы. Ён любіў прыроду, экспедыцыі і падарожжы. Віталь Майсеевіч Грушэцкі пражыў 85 гадоў, быў вядомым дзеячам навукі Беларусі.

Аляксандра Міхайлаўна Грушэцкая

А яго сын Яўгеній чым больш вывучаў прыродазнаўчыя навукі, тым больш бачыў над імі вышэйшы сэнс быцця і руку ўсемагутнага Творцы. Малады навуковец збіраўся абараніць кандыдацкую дысертацыю па біялогіі, але яму не дазволілі гэта зрабіць з-за яго рэлігійных перакананняў. Таму ён вырашыў змяніць свае жыццё, паступіўшы ў 1977 годзе ў Ленінградскую духоўную акадэмію, і скончыў яе ў 1981 годзе са ступенню кандыдата багаслоўя.

У тыя часы, калі панаваў ідэалагічны ціск марксізму-ленінізму, гэта быў незвычайны ўчынак, які патрабаваў мужнасці і глыбокай перакананасці ў правільнасці свайго шляху. За вернікамі, якія працавалі ў дзяржаўных установах і наведвалі храмы, сачыла КДБ. Святары і пастыры цярпелі пераслед з боку атэістычных уладаў, некаторыя вернікі траплялі пад крымінальны пераслед за распаўсюд рэлігійнай літаратуры. У той перыяд вызнаваць сваю веру было вельмі нялёгка.

Адзін год Яўгеній Вітальевіч выкладаў у Ленінградскай духоўнай акадэміі, а ў 1983 годзе быў рукапакладзены ў святара і накіраваны служыць на Беларусь, у Барысаў. У 1985 годзе протаіерэй Яўгеній Грушэцкі ўжо служыў у Мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы. Ён быў адным з лепшых клірыкаў сабора. Прыхаджане цанілі яго адукаванасць, эрудыцыю, чуйнае стаўленне да людскіх праблемаў.

У 1988 годзе з дазвалення дзяржавы і пры яе ўдзеле адзначалася 1000-годдзе Хрышчэння Русі. Айцец Яўгеній служыў разам з іншымі праваслаўнымі святарамі ў Свята-Данілавым манастыры ў Маскве. Тады ён суправаджаў двух архіепіскапаў Англіканскай царквы з Англіі і Канады, якія прыбылі на святкаванне, бо ён выдатна валодаў англійскай мовай.

Калі сталі праводзіцца адкрытыя дыскусіі на тэмы веры і багаслоўскія канферэнцыі, айцец Яўгеній ахвотна ўдзельнічаў у іх. На пачатку 90-х гадоў распаўсюдзілася шмат сектаў рэрыхаўцаў, крышнаітаў. Аднойчы на такую сустрэчу паслядоўнікі ўсходніх рэлігій запрасілі праваслаўных святароў. Спатканне было арганізавана маладымі інтэлектуаламі з мэтай паглуміцца над “старамоднай праваслаўнай верай”.

Праваслаўную царкву на сустрэчы прадстаўлялі кандыдат багаслоўскі навук протаіерэй Яўгеній Грушэцкі і айцец Ігар Карасцялёў. У шчырай гутарцы яны дзяліліся скарбам сваёй веры ў Госпада. Усе складаныя пытанні яны лёгка разбіралі з усімі прысутнымі ў залі.

”Арганізатары сустрэчы не чакалі такога развіцця падзей. У выніку ў Кафедральны сабор прыйшлі новыя наведвальнікі і царкоўная абшчына папоўнілася”, — узгадваў пазней гэта мерапрыемства айцец Ігар Карасцялёў, настаяцель мінскага храма іконы Божай Маці ўсіх тужлівых радасць. Пасля адкрыцця ў Мінску тэалагічнага факультэта ЕГУ айцец Яўгеній Грушэцкі выкладаў там багаслоўе некалькі гадоў.

Храм св. Іаанна Кранштацкага ў Сан-Дыега

У 1994 годзе айцец Яўгеній атрымаў Фулбрайтаўскую стыпендыю ў сферы хрысціянскай сацыяльнай этыкі ад Універсітэта Д’юк у горадзе Дзюрхэм ў штаце Паўночная Караліна ў ЗША. Праз паўгады да яго прыехалі жонка Наталля і 11-гадовая дачка Ксенія. З таго часу айцец Яўгеній застаўся жыць і служыць у ЗША для эмігрантаў з былога СССР. Ён перайшоў з Беларускага Экзархата пад юрысдыкцыю Замежнай Праваслаўнай царквы.

З 1995 па 2011 год ён служыў святаром у храме святога Панцелеймона ў горадзе Мінеапаліс і дапамагаў выхадцам з Беларусі і Расіі арыентавацца і адаптавацца ў жыцці на Амерыканскім кантыненце.

З 2011 года ён жыве ў Сан-Дыега ў Каліфорніі на беразе Ціхага акіяна і служыць у храме святога Іаанна Кранштацкага, займаецца дабрачыннай дзейнасцю.

“У нас у кожным вялікім горадзе існуюць праваслаўныя асацыяцыі святароў, — піша айцец Яўгеній ў лісце. — Мы збіраемся разам раз на месяц, абмяркоўваем бягучыя праблемы, молімся, па нядзелях здзяйсняем сумесныя богаслужэнні ў кожнай з праваслаўных цэркваў”.

Эла Дзвінская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі