Мітрапаліт Кандрусевіч спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з новым прэм’ерам

rumas

18 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, скіраваў новапрызначанаму прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу віншаванне ад імя Каталіцкага Касцёла.

У віншаванні ён таксама выказаў “спадзяванне на далейшае развіццё касцёльна-дзяржаўных адносінаў і плённае супрацоўніцтва дзеля дабра ўсяго нашага народа”, паведамляе Catholic.by.

“Няхай праз заступніцтва Марыі — Каралевы Беларусі — літасцівы і ласкавы Бог адорыць Вас неабходнымі для выканання такой адказнай місіі дарамі, а Яго благаслаўленне няхай заўсёды Вам спадарожнічае”, — заявіў мітрапаліт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня змяніў кіраўніцтва ўрада. Так, новым прэм’ер-міністрам прызначаны Сяргей Румас, які да гэтага ўзначальваў Банк развіцця. Яго першым намеснікам стаў кіраўнік Апарату Савета міністраў Аляксандр Турчын, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Намеснікам прэм’ер-міністра прызначаны старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, які будзе курыраваць пытанні нафтагазавай сферы.

Таксама віцэ-прэм’ерам прызначаны намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Уладзімір Кухараў, які будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту.

Акрамя таго, намеснікам прэм’ер-міністра прызначаны амбасадар Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка. Ён будзе адказваць за ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт.

Акрамя гэтага, міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Дзмітрый Мікулёнак, прамысловасці — Павел Уцюпін, сувязі і інфарматызацыі — Канстанцін Шульган, эканомікі — Дзмітрый Круты. Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Раман Галоўчанка.

Фота 1reg.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі