Папа Францішак рэзка асудзіў сексуальныя злачынствы святароў

Папа
Ватыкан агучыў 20 жніўня ліст Папы Францішка з нагоды справаздачы Вялікага журы прысяжных Пенсільваніі, у якім гаворыцца, што ў 6 з 8 дыяцэзіяў штата 301 каталіцкі святар учыніў на працягу апошніх 70 гадоў сексуальныя злоўжыванні адносна больш чым тысячы дзяцей.

Нагадваючы словы з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў, – “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12, 26), – пантыфік кажа, што яны трапна перадаюць маштаб трагедыі: “Гледзячы ў мінулае, ніколі не будуць дастатковымі просьбы аб прабачэнні і спробы выправіць нанесеную шкоду. Зазіраючы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што мы робім, каб стварыць культуру, здольную прадухіліць падобныя сітуацыі”, паведамляе Ватыканскае Радыё.

“З сорамам і раскаяннем, як супольнасць Касцёла, мы прызнаем, што не змаглі быць там, дзе павінныя былі быць, што не дзейнічалі своечасова, прызнаючы памер і сур’ёзнасць шкоды, нанесенай многім людзям”, — гаворыцца ў Лісце.

Адной з прычынаў таго, што адбылося, Папа Францішак называе “няправільнае разуменне ўлады ў Касцёле”, вынікам чаго з’яўляецца клерыкалізм, стаўленне, якое “анулюе” хрысціянскую тоеснасць, прымяншае і недаацэньвае ласку хросту.

Пантыфік тлумачыць, што ўсе захады да выкаранення культуры насілля ў каталіцкай супольнасці, з “дынамікай, неабходнай для здаровай і эфектыўнай трансфармацыі”, не маюць сэнсу без “актыўнага ўдзелу ўсіх членаў Касцёла”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі