Развітацца з Алесем Ліпаем можна будзе ў храме святога Арханёла Міхаіла

lipay016_20180325_bnr_2_dsc5958_1

23 жніўня ў Мінску на 53-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай. Развітанне з ім адбудзецца 25 жніўня ў храме святога Арханёла Міхаіла ў Сухарава.

Развітацца можна будзе з 21.30 суботы да 10.30 раніцы нядзелі. Яго пахаваюць 26 жніўня побач з маці і сястрой у Рудзенску, перадае БелаПАН.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросовщина Капыльскага раёна. У 1988 годзе падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ пераследваўся за выраб самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». Удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». З 1988 года — першы карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Беларусі. У 1989 году удзельнік устаноўчага з’езду Беларускага народнага фронту.

У 1991 годзе падчас працы ў газеце «Знамя юности» вёў беларускамоўную старонку «Родны склон”. Пераклаў на беларускую мову Дамова аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У 1991 годзе заснаваў разам з Віталём Цыганковым БелаПАН, найстарэйшае незалежнае інфармацыйнае агенцтва ў Беларусі.

У пачатку 1990-х гадоў перавёз у Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у мінскім дзіцячым садку, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы яго ўвагу на сябе.

У 1996-1998 гадах — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кніг паэзіі “Пад снегам” (2000 год) і “Рэшта” (2007).

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага – “За мужнасць і прафесіяналізм”, у 2005-м — прэміі імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Усходняй Еўропы», у 2006-м — «Прэміі Рунета» у намінацыі за межамі Ru.

У сакавіку 2018 года БелаПАН стаў генеральным партнёрам святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. На свяце выступіў і кіраўнік кампаніі. У чэрвені сам цяжка хворы Алесь Ліпай, а ў жніўні і супрацоўнікі яго кампаніі БелаПАН сутыкнуліся з крымінальным пераследам з боку беларускіх уладаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі