«Універсальнага партрэта педафіла не існуе»

3074899

Замежныя сексуальныя скандалы, у тым ліку і датычныя педафіліі сярод святароў, знаходзяць жывое абмеркаванне ў Беларусі. Гэтая тэма актыўна бурліць у беларускіх сацыяльных сетках. Але як справы з гэтым у нашай краіне? Ці ёсць сярэднестатыстычны партрэт педафіла ў Беларусі? Ці праўда, што ў некаторых сферах іх больш, чым у іншых? І самае галоўнае — як аберагчы дзяцей ад падобных злачынстваў.

Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнты Krynica.info абмеркавалі з афіцыйным прадстаўніком Следчага камітэта Беларусі Юліяй Ганчаровай.

1027862649

— Наколькі наогул распаўсюджаныя злачынствы ў сферы педафіліі ў Беларусі?

— Педафілія як паняцце ўключае ў сябе не адзін склад злачынства. Злачынствы ў сферы палавой недатыкальнасці непаўналетніх рэгулююцца некалькімі складамі: гэта і згвалтаванне, і гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, і палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту.

З пачатку 2018 года ўсяго па артыкулах «Згвалтаванне» (арт. 166 КК) і «Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару» (арт. 167 КК) распачата 313 крымінальных спраў. Па ўсіх гэтых справах пацярпелымі прызнаныя больш за 160 непаўналетніх. Таксама за палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, ужо ўзбуджана 34 крымінальных справы. З іх практычна траціна перададзена пракурору для накіравання ў суд. Яшчэ па траціне ўжо пастаўлены абвінаваўчы прысуд.

— Ці маглі б Вы апісаць сярэднестатыстычны партрэт педафіла?

— Калі казаць пра крыміналагічны партрэт злачынца-педафіла, дык ён, па сутнасці, апісаны ў падручніках па крыміналогіі. Але следчая практыка цяпер кажа пра тое, што ўніверсальнага партрэта педафіла не існуе. Па ўсіх крымінальных справах, распачатых у 2018 годзе, дзе пацярпелымі прызнаныя больш за 160 непаўналетніх, усе абвінавачаныя і падазраваныя — гэта мужчыны. Абвінавачванні і падазрэнні вылучаныя ў дачыненні да 248 мужчын. З іх 45 былі раней судзімыя і амаль палова (107 з 248) нідзе не працавалі і не вучыліся.

Следчая практыка кажа, што злачынцам-педафілам можа быць як раней судзімы чалавек, у тым ліку за гвалтоўныя сексуальныя злачынствы, які нідзе не працуе і не вучыцца, так і часта мы сустракаем прыклады абсалютна добрапрыстойных сем’янінаў з вышэйшай адукацыяй, дзецьмі і жонкай. Таксама гэта можа быць самотны чалавек, які працуе ці вучыцца. Гэта значыць універсальнага партрэта не існуе.

— Ці можна казаць, што ў якой-небудзь сферы педафілы пераважаюць?

— Любы калектыў або арганізацыя — усё роўна, Следчы камітэт або хрысціянская абшчына — гэта зрэз чалавечага грамадства. І там прысутнічаюць усе псіхатыпы людзей, пэўныя ролі і тэмпераменты — ад гэтага ўсё залежыць. Таму казаць, што педафілаў больш у нейкай галіне таксама не прыходзіцца.

— Часта паведамляецца, што асноўная праблема такіх злачынстваў — прыхаванасць…

40033226_315064259043956_1494798079574933504_n

— Латэнтнасць гэтых злачынстваў досыць высокая. Аднак у следчай сістэмы і праваахоўных службаў зараз пашырыўся інструментар атрымання такой інфармацыі з улікам стагоддзя інфармацыйных тэхналогій. У пэўнай ступені гэта палягчае працу па выяўленні такіх злачынстваў. Але пацярпелыя, ахвяры, часта займаюць дастаткова закрытую пазіцыю, асабліва калі гаворка ідзе пра маленькае дзіця.

— Не сакрэт, што ў арганізацыях, сем’ях, якія сутыкнуліся з педафіліяй, баяцца «выносіць смецце з хаты»? У чым прычына гэтага?

— Прывяду вам прыклад з Мінска. Звычайная сям’я, некалькі дзяцей. Мужчына каля 40 гадоў. Працуе, роўныя адносіны ў сям’і. Здавалася б… Але высвятляецца, што дзеці падвяргаліся сексуальнаму гвалту з боку бацькі. Гэта атрымалася выявіць дзякуючы таму, што маці сама ўбачыла гэта і адразу ж звярнулася ў праваахоўныя органы. Але ў астатніх членаў сям’і было неразуменне: усё гэта немагчыма, гэта выдумка, памылка, такога быць не можа. Пэўнае непрыманне. Гэта, напэўна, больш кампетэнцыя псіхолагаў. Але часта ўзнікае сцяна ў адносінах да інфармацыі пра чалавека, пра якога ўсе думаюць добра. Напэўна, спрацоўваюць асацыятыўныя сувязі, якія ўжо склаліся зыходзячы з жыццёвай практыкі. І людзі не могуць прыняць, што гэта магчыма.

Таксама бывае, што ў сям’і маці даведаецца пра такія злачынствы, але па пэўных прычынах хавае. Магчыма, з-за фінансавай залежнасці ад мужа. Яна спрабуе не выносіць гэта вонкі і ў не ўздымаць праблему ў надзеі, што яна сама сыдзе. Усё вельмі індывідуальна.

Падача інфармацыі ў СМІ таксама патрабуе асцярожнасці. Бо гэта інтымнае жыццё, палавая недатыкальнасць непаўналетніх. Часам нават указанне рэгіёну, калі людзі могуць зразумець, пра каго ідзе гаворка, можа быць непапраўным. Бывалі такія выпадкі, што справа даходзіла аж да суіцыду.

— Якія ёсць парады і рэкамендацыі бацькам, сваякам наконт таго, як можна зберагчы сваіх дзяцей?

40067157_540532776456615_2643479515157757952_n

— Гэтую тэму можна абмяркоўваць бясконца. Я магу выказаць сваё асабістае меркаванне, бо рэгулярна сутыкаюся з такімі справамі: процідзейнічаць гвалту ў дачыненні да дзяцей трэба з пазіцыі маральных каштоўнасцяў. Шмат у чым прычына злачынстваў крыецца ў тым, што бацькі не звяртаюць належнай увагі на дзяцей і не ведаюць, чым яны жывуць. Бацькі не ведаюць, з кім дзеці сябруюць і чаму.

Я б хацела нагадаць адну справу, з якой я сутыкнулася гадоў пяць таму. Малады педагог-псіхолаг ў адной з устаноў адукацыі ў Фрунзенскім раёне Мінска быў асуджаны як раз па арт. 168 КК. І там гаворка ішла аб велізарнай колькасці эпізодаў злачыннай дзейнасці, а колькасць ахвяр была больш за дзесяць.

Часам пра якую-небудзь справу могуць казаць ледзь не пра 1000 ахвяр, але так не бывае. Часта бывае, што можа быць адна і тая ж ахвяра, з якой здзейсненыя неаднаразовыя дзеянні. Гаворка ідзе пра эпізоды злачыннай дзейнасці, а не пра колькасць ахвяр.

І ў тым выпадку былі няспынныя выпадкі ў дачыненні да некалькіх дзяцей і падлеткаў. І ніхто з іх не прызнаваўся бацькам. А апошняя ахвяра, хлопчык, пайшоў і расказаў маме. І дзякуючы яго аповяду ўдалося даведацца сапраўдную карціну таго, што адбылося, выйсці на гэтага чалавека. Гэты хлопчык, па сутнасці, і сябе выратаваў, і мы атрымалі інфармацыю пра тое, што здзяйсняюцца злачынныя дзеянні ў дачыненні да дзяцей. Але ён быў адзіным, хто пайшоў да мамы і падзяліўся. Давер паміж бацькамі і дзецьмі вельмі важны.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі