Казус Някляева, ці асадак застаўся

neklyaev_img_0647

Праз некалькі дзён пасля развітання з выбітным беларускім журналістам, заснавальнікам і кіраўніком інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесем Ліпаем, напэўна, ужо можна паспрабаваць разабрацца з тым інфармацыйным шумам, які быў узняты вакол яго пахавання.

Неўзабаве пасля спачыну стала вядома, што развітанне з Алесем Ліпаем пройдзе у мінскім праваслаўным храме архангела Міхаіла ў мікрараёне Сухарава. Але неўзабаве месца пахавання было перанесенае ў рытуальную залю на вуліцы Альшэўскага.

Сваё бачанне падзей у Facebook распавёў палітык і паэт, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, паводле якога “адмовілі ягонай сям’і (Алеся Ліпая – Крыніца) у памінальнай імшы па ім”.

“Усялякае было ў цяперашнім беларускім часе. Але такога – не. Ні ў савецкіх часах, ні ў польскіх, ні ў нямецкіх. Ясна, што не святары храма прынялі такое рашэнне. І ўсё ж у мяне да іх пытанне: як гэта выглядвае не перад уладай, якая «ад Бога», а перад Богам? І яшчэ пытанне да тых, хто ва ўладзе. Вы цынічна, брутальна ўмешваецеся ў наша жыццё. Цяпер вы будзеце ўмешвацца і ў нашу смерць?..” – пост сабраў больш за 400 упадабанняў толькі на старонцы паэта, больш за 60 перапостаў і патрапіў нават у СМІ з назвамі кшталту “Царква спужалася…” і адпаведнымі каментарамі ў сацсетках.

Пры гэтым ужо неўзабаве высветлілася, што перанос месца развітання з заснавальнікам БелаПАН Алесем Ліпаем звязаны выключна з рашэннем яго сям`і. “Чуткі пра тое, што прыход храма Архістратыга Міхаіла ў Мінску адмовіў у адпяванні Алеся Ліпая, не адпавядаюць рэчаіснасці”, — паведаміў БелаПАН са спасылкай на прадстаўніка сям’і памерлага.

Яснасці ў справы, таксама ў Facebook, паспрабаваў унесці святар Свята-Міхайлаўскага прыходу протаіерэй Александр Шрамко. Пры гэтым ён таксама абверг выказванне Уладзіміра Някляева.

“Яшчэ ўчора ўвечары (24 жніўня – Крыніца) мы са святаром, які павінен быў адпяваць, абмяркоўвалі некаторыя дэталі. Меркавалася, што адпяванне будзе адслужаны сёння ўвечары, пасля гэтага труну застанецца ў адным іх храмаў прыходу да 10:30 нядзелі. Так атрымалася, што якраз гэта гэты час была запланаваная штомесячная літургія на беларускай мове, такое вось шматзначнае супадзенне. Таму меркавалася, што труна будзе стаяць падчас службы, а пасля службы перад вынасам я паслужу яшчэ памінальную літыю па-беларуску”, — адзначыў святар.

“Учора ўвечары прыйшлі сваякі агаварыць дэталі і паглядзець на месца. Адзначылі, што занадта малая стаянка для меркаванай колькасці жадаючых развітацца. Акрамя таго, храм Ксеніі Пецярбургскай занадта малы для гэтай колькасці ліку, а ў вялікім храме паставіць труну немагчыма, бо там галоўная і шматлюдная служба будзе ісці да 12-00. Вось па шэрагу такога роду тэхнічных момантаў сваякі нябожчыка былі не зусім задаволены, але быццам бы з усім пагадзіліся, а раніцай патэлефанавалі, папрасілі прабачэння і паведамілі, што вырашылі ўсё правесці на Альшэўскага”, — распавёў Аляксандр Шрамко.

Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сяргей Лепін пасля тэлефанавання да настаяцеля Свята-Міхайлаўскай царквы а. Ігара Галакава і ўдавы спачылага увогуле заявіў пра паклёп і жаданне “як пагрэць свае рукі на чужым горы, так і лішні раз абылгаць”. Пры гэтым ад імя ўсяга Сінадальнага аддзела ён выказаў спачуванні сваякам і сябрам спачылага са спадзевам на вечную памяць “р.б. Аляксандру”.

Афіцыйных прабачэнняў ад самога Уладзіміра Някляева ці хаця б абвяржэння раней апублікаванай інфармацыі да гэтага моманту няма. І нават калі такія абвяржэнне ці прабачэнне з’явяцца, сітуацыя па-ранейшаму будзе нагадваць анекдот пра срэбраныя лыжачкі і непрыемны асадак.

Увогуле гэтыя падзеі выявілі глыбокую падзеленасць беларускіх палітыкаў і грамадскіх актывістаў з аднаго боку і БПЦ як найбуйнейшага прадстаўніка грамадзянскай супольнасці з другога. Ва ўмовах адсутнасці рэальнай дэмакратыі ў Беларусі ўсё гэта ніяк не спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства на шляху да магчымых зменаў.

Упярэджанасць і негатыўнае стаўленне значнай часткі апазіцыйна настроеных грамадзян да Беларускай Праваслаўнай Царквы (не важна з якіх прычын – ці то агульна антыхрысціянскіх, ці антыправаслаўных, ці з прычыны погляду на БПЦ выключна як на філіял РПЦ) – таксама адштурхоўваюць праваслаўных вернікаў ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Пры тым, што сярод кліру і вернікаў БПЦ хапае прабеларускіх і прадэмакратычных прадстаўнікоў. Заявы ж, падобныя да той, якую агучыў Уладзімір Някляеў, ці вымушаюць іх увогуле трымацца “надалей ад палітыкі”, ці звяртаць свае погляды да тых, хто не крытыкуе Праваслаўную Царкву, але адначасова прасоўвае і варожыя да беларускай дзяржаўнасці ідэі.

Ну і ўвогуле безапеляцыйнымі заявамі, перамешанымі з бескампраміснай крытыкай, наўрадці палітыкі здолеюць знайсці сабе прыхільнікаў. А нежаданне прызнаваць свае памылкі разам рэтрансляцыяй неправераных звестак ставіць пытанне адносна таго, наколькі можна давяраць такім палітыкам.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі