Кірыл едзе на Фанар

кірыл

Калі гара не ідзе да Магамета, Магамет ідзе да гары. У нашым выпадку гара – гэта Фанар у Канстанцінопалі, а Магамет – архімандрыт Данілавага манастыра ў Маскве Кірыл.

Можна было сказаць: Маскоўская Царква дапалітыкавалася.

У 2016 г. Усяленскі Пасад пайшоў на саступкі Маскве дзеля правядзення Святога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы, але Маскоўская Царква вырашыла Сабор сарваць. І ўсё ж Сабор адбыўся. Маскоўскія мудрацы забылі правіла: прысутнасць усіх біскупаў ці прадстаўнікоў усіх памесных цэркваў на Саборы не абавязковая, а вось без каго Святы і Вялікі Сабор не можа адбыцца, дык гэта без архібіскупа Новага Рыма. Як і Усяленскі Сабор не можа адбыцца без біскупа Рыма ці ягоных легатаў.

НЕ НА КАРЫСЦЬ МАСКВЫ

У 2016 г. на востраў Крыт для ўдзелу ў Саборы прыбылі дэлегацыі 10 з 14 кананічных праваслаўных цэркваў. І калі прадстаўнікі Антыяхійскай Царквы не прыехалі, то гэта не значыць, што трэцяя ў дыптыху Царква адназначна стаіць на баку Масквы. У яе праблемы з Ерусалімскай Царквою, якія можна вырашыць пры пасярэдніцтве Канстанцінопаля. Да таго ж рэзідэнцыя Патрыярха гэтай Царквы – у Дамаску, а Дамаск – кліент Масквы.

Сёлета ў канцы ліпеня Масква адзначала 1030-годдзе хрышчэння Русі. Ніхто з Сірыі і Лівана ў Маскву не прыехаў. Антыяхійскую Царкву прадстаўляў на гэтым свяце “пасол” у Маскве – прадстаўнік Патрыярха Антыяхійскага пры Патрыярху Маскоўскім. “Паслом” была прадстаўлена і Ерусалімская Царква.

І дакладна на баку Масквы не стаіць Грузінская Праваслаўная Царква (ГПЦ), ад якой у выніку расійскай агрэсіі адпалі Піцундская і Сухума-Абхазская ды Нікозская і Цхінвальская епархіі. Іншая справа, што грузінскія іерархі не робяць гучных антырасійскіх заяў. Грузінская Царква, апроч таго, характарызуецца ультраартадаксальнасцю. У Грузіі, мякка кажучы, не ўхваляюцца шлюбы праваслаўных з “ератыкамі” (каталікамі), а як там жывецца пратэстантам, лепш спытацца ў іх. ГПЦ не падзяляе экуменічныя тэндэнцыі ў палітыцы іншых праваслаўных цэркваў, у тым ліку Канстанцінопальскай. І натуральна, што яе прадстаўнікі адсутнічалі на Вялікім Саборы. А на 1030-годдзе хрышчэння Русі ў Маскву з Грузіі прыехаў нават не мітрапаліт, а проста біскуп.

Адсутнічалі на Вялікім Саборы і прадстаўнікі Балгарскай Царквы, якую лічылі бясспрэчна прамаскоўскай. Але пасля сёлетняй паездкі галавы Маскоўскай Царквы ў Балгарыю і афронту, які Кірыл учыніў прэзідэнту гэтай краіны, нават самыя прамаскоўскія іерархі БПЦ лічаць за лепшае трымацца на адлегласці ад Масквы. І Патрыярх Неафіт не ўшанаваў 1030-годдзе хрышчэння Русі візітам у Маскву.

Прамаскоўскаю лічыцца Сербская Праваслаўная Царква. Але ў Вялікім Саборы ўдзел узяла. На святкаванні ж 1030-годдзя хрышчэння Русі ў Маскве СПЦ прадстаўлялі два біскупы – адзін неправадзейны член Сінода, а другі і зусім не сінадал.

Не ідэальна складваюцца адносіны Маскоўскай Царквы з Румынскай (РумПЦ). У Малдове цяпер дзейнічаюць дзве кананічныя царквы – Праваслаўная Царква Малдовы, якая мае свой кіраўнічы цэнтр у Данілавым манастыры, і Бесарабская мітраполія РумПЦ. Таму цалкам зразумела, чаму прадстаўнік РумПЦ адсутнічаў на святкаванні 1030-годдзя хрышчэння Русі ў Маскве.

Не думаю, што цалкам на маскоўскім баку Праваслаўная Царква Чэшскіх Земляў і Славакіі. Не так даўно Фанар патушыў канфлікт у гэтай Царкве і прызнаў архібіскупа Расцілава яе кананічным прадстаяльнікам. Таму Расціславу не выпадае выступаць супраць Варфаламея. Дый міра для праваслаўных хрысціян Чэхіі і Славакіі вараць у Канстанцінопалі. Паказальна, што Расціслаў не ўшанаваў 1030-годдзе хрышчэння Русі сваёй прысутнасцю ў Маскве.

Нельга сказаць, што безумоўна прамаскоўскую з’яўляецца Польская Царква. Хутчэй яна займае сярэдзіну паміж Фанарам і Данілавым манастыром. На 1030-годдзе хрышчэння Русі мітрапаліт Сава не прыехаў.

Што тычыцца грэцкіх цэркваў (апроч Канстанцінопальскай, гэта Александрыйская, Ерусалімская, Кіпрская, Эладская і Албанская), дык паміж імі няма відавочных канфліктаў. За чэрвень–жнівень у вочы кінуліся тры падзеі.

Першая падзея – гэта высылка двух расійскіх дыпламатаў з Грэцыі і забарона яшчэ двум уязджаць у гэтую краіну. Прычыны – спроба дыпламатаў “умяшацца ў асабліва адчувальныя нацыянальныя праблемы і інтарэсы Грэцыі на Балканах, у прыватнасці ў пытанне аб спрэчцы пра дзяржаўную назву Былой Югаслаўскай Рэспублікі Македоніі” і спроба “з дапамогай прадастаўлення матэрыяльных і фінансавых стымулаў… уплываць на муніцыпалітэты і мітрапалітаў, а таксама атрымаць уплыў на Афоне”. З Македоніяй ясна: Расія хоча не пусціць яе ў НАТО. І з мітрапалітамі ды Афонам таксама зразумела: настроіць эладскіх архірэяў супраць украінскай аўтакефаліі і Варфаламея, а Афон, які знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскай Царквы, – супраць яе прадстаяльніка.

Пэўна, гэтай падзеяй тлумачыцца тое, што Эладская Царква нікога не прыслала на святкаванне 1030-годдзя Хрышчэння Русі ў Маскве.

Затое ў Маскву прыехаў Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феодар ІІ. І гэта другая падзея, якая кінулася ў вочы.

Масква запрашала і прадстаўнікоў Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы, але яны палічылі за лепшае паехаць туды, дзе сапраўды ў 988 г. была Русь і дзе адбываўся рэальны хрост: у Кіеў. Да таго ж дэлегацыя КПЦ на пачатку ліпеня ўжо прыязджала з Маскву, сустракалася з Кірылам ды абмеркавала з ім “пытанні, спалучаныя з праблематыкай захавання міжправаслаўнага адзінства”, як коратка, адным сказам паведаміў нам афіцыйны сайт РПЦ. Мітрапаліт Эмануіл Гальскі, які на пачатку ліпеня гутарыў з Кірылам, у канцы таго ж месяца меў гутаркі ў Кіеве і зрабіў гучную заяву пра тое, што “Усяленскі Патрыярх не можа заставацца сляпым і глухім да зваротаў, якія паўтараюцца ўжо больш як чвэрць стагоддзя”, і што «дзеці Украінскай Царквы маюць права на сваё месца сярод Праваслаўных Цэркваў”. Такая трэцяя падзея. Але вернемся да падзеі другой.

Візіт у Маскву Папы Феодара, другога чалавека у Праваслаўі, можна разглядаць як пэўную місію, і гэтая місія, думаецца, была пасярэдніцкай. Можна меркаваць, што гэта Феодар пераканаў Кірыла адкінуць гардыню  і падацца ў Канстацінопаль, на Фанар. Цяпер не ХІ стагоддзе, Кірыл – не кайзер Генрых IV, Варфаламей – не рымскі біскуп Грыгорый VII, а Фанар – не Каноса. І ўсё ж Фанар для Праваслаўя – гара, і не Фанару трэба рухацца ў Маскву ды ўгаворваць Кірыла, а, наадварот, гэта Кірылу трэба рухацца на Фанар і ўгаворваць ды пераконваць Варфаламея.

ПРА ШТО ЯНЫ БУДУЦЬ РАЗМАЎЛЯЦЬ І ЦІ БУДУЦЬ РАЗМАЎЛЯЦЬ?

У Маскве зразумелі, нарэшце, што архібіскуп Новага Рыма – першая асоба ў Кафалічнай (Паўсюднай) Царкве нароўні з біскупам Рыма, але пасля яго, як запісана ў канонах. У Маскве, пэўна, зразумелі і тое, што архірэю горада Масквы ніколі не быць першым сярод прадстаяльнікаў праваслаўных цэркваў. Не спрацоўваюць пагрозы аб расколе сусветнага Праваслаўя ў разе надання аўтакефаліі Украінскай Царкве, а таксама папярэджанні аб магчымых грамадзянскіх забурэннях ва Украіне. Гэтыя пагрозы не дадалі Маскоўскай Царкве новых прыхільнікаў. Ну і паводзіны Кірыла ў Балгарыі, паводзіны расійскіх дыпламатаў у Грэцыі таксама не спрацавалі на аўтарытэт Маскоўскага Патрыярхату.

Не думаю, што аўтарытэт РПЦ і Расіі павысіўся і пасля весткі пра тое, што расійскія хакеры спрабавалі ўзламаць электронныя рэсурсы Канстанцінопальскай Царквы.

З гэтай весткі мы робім выснову, што Данілаў манастыр не мае надзейных крыніц інфармацыі на Фанары. Але і з тых звестак, якія можна атрымаць са сродкаў масавай інфармацыі, вымалёўваецца нярадасная для яго карціна. Практычна ўсе кананічныя праваслаўныя цэрквы, прызнаючы права Фанара выдаць томас, або выказваюцца за аўтакефалію Украінскай Царквы, або трымаюць нейтралітэт. І гэта, можна думаць, самы важны чыннік, які змусіў Кірыла падацца на Фанар.

Разумныя людзі ў РПЦ (перш за ўсё протадыякан Андрэй Кураеў) яшчэ колькі год таму заклікалі Данілаў манастыр самому выдаць томас аб аўтакефаліі Украінскай Царквы і такім чынам набыць сабе сяброў, але Маскоўская Царква, як вястунка “русского мира”, пайшла ў фарватары дзяржаўнай палітыкі. Цяпер жа, калі Фанар ужо каторы раз пацвердзіў сваё выключнае права вырашаць пытанне пра аўтакефалію Украінскай Царквы і калі гэтае права прызнаюць палітычны клас і мільёны праваслаўных хрысціян ва Украіне, а таксама практычна ўсе праваслаўныя цэрквы, Масква (нават калі б захацела) пазбаўлена магчымасці ўчыніць такі манеўр. Дый ці прызнае такую аўтакефалію праваслаўная Пентрархія – чатыры старажытныя патрыярхаты Усходу і Кіпрская Царква? Масква ўжо дала аўтакефалію Праваслаўнай Царкве ў Амерыцы…

Пра што будуць размаўляць 31 жніўня два патрыярхі – можна толькі гадаць або, як той казаў, пісаць віламі па вадзе. Відавочна адно: Маскоўскай Царкве і самому Кірылу трэба захаваць твар, нейк выйсці з непрыемнай сітуацыі. Некаторыя ж лічаць, што заўтра візіт Кірыла на Фанар можа і не адбыцца, таму што, маўляў, сёння, 30 жніўня, перад прыездам Кірыла, буде знята анафема, якую на Філарэта, прадстаяльніка Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату, наклала Маскоўская Царква. І адбудзецца гэта, запэўніваюць нас, на пасяджэнні Сінода Канстанцінопальскай Царквы.

А яшчэ мне давялося прачытаць, што сёння, 30 жніўня, канстанцінопальскі Сінод ухваліць томас пра аўтакефалію Македонскай Царквы, а дакладней Охрыдскага архібіскупства.

Што ж, сочым за тым, што дзеецца сёння і заўтра ў Канстанцінопалі. А паслязаўтра, 1 верасня, на Фанары збіраецца Сінаксіс (агульны сход, сабор) архірэяў Канстанцінопальскай Царквы. Мяркуюць, што ён абмяркуе і пытанне пра Украіну. Але пра Фанар і ўкраінскую аўтакефалію – наступны артыкул.

Анатоль Сідарэвіч.

30 жніўня 2018 г.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі