Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэў Дзень ведаў у Мінскім тэалагічным каледжы

Кондрусевич
У Мінску 1 верасня, у Дзень ведаў, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дабрасловіў на новы навучальны год Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля.

На першы курс навучання ў каледж сёлета было залічана 18 навучэнцаў, якія набудуць у ім веды па тэалогіі, катэхетыцы і касцёльнай музыцы. Пасля паспяховага заканчэння навучальнай установы ім будзе прысвоена адпаведная кваліфікацыя, паведамляе catholic.by.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся да выкладчыкаў і навучэнцаў, зазначыў, што гэта ўжо 9-ы навучальны год у каледжы: «Мы распачынаем гэты навучальны год у традыцыйны ў Беларусі  Дзень ведаў, але з той розніцай, што мова ідзе перадусім пра рэлігійныя веды і пра духоўную фармацыю».

«Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на катэхітзацыю дзяцей і моладзі, якая загубілася ў сваім жыцці. Многія з іх былі ахрышчаныя, але, на жаль, не жывуць згодна з вучэннем Хрыста і Касцёла. Такое хрысціянства нельга назваць сапраўдным — яно больш нагадвае карыкатуру веры, што не выглядае прывабна для іншых людзей»,— падкрэсліў арцыпастыр.

Нагадаўшы словы святга Тамаша Аквінскага, які казаў, што невялікая памылка, дапушчаная напачатку, можа прывесці да вялікай трагедыі ў будучыні, іерарх заахвоціў студэнтаў каледжа распачаць новы навучальны год з усёю сур’ёзнасцю, каб кожны дзень заняткаў быў напоўнены малітвай і набыццём ведаў.

На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу прысутных на тое, што апекуном каледжа з’яўлецца святы Ян Хрысціцель, які заўсёды адстойваў Божую праўду.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі