Віталь Цыганкоў: новы закон аб папярэджанні гвалту ў сямʼі можа прынесці больш шкоды

C079C7C6-8099-45D8-9DC5-A063924166B8_w1023_r1_s

Новы закон «Аб папярэджанні гвалту ў сямʼі», які зараз абмяркоўваецца ў Беларусі, можа прынесці больш шкоды, чым карысці. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Facebook заявіў беларускі журналіст Віталь Цыганкоў.

“Відавочна, што наш МУС – сам, ці па загаду зверху – вырашыў трошкі прагнуцца перад Еўропай. У стратэгічным сэнсе закон адпавядае еўрапейскаму трэнду на павялічэнне ролі дзяржавы, яе ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян, і адпаведна, змяншэнне (скажам мякка) ролі сям’і як сацыяльнага інстытута. А ў нашых канкрэтных умовах ужо зараз можна прадбачыць некаторыя відавочныя вынікі, якія прынясе новы закон”, – адзначыў ён.

Па-першае, на думку журналіста, у Беларусі павялічыцца колькасць зняволеных. “Закон прымаецца, каб ён дзейнічаў, і каб за ягонае парушэнне каралі. Ёсць, наколькі я зразумеў з дыскусіяў, некалькі галоўных адрозненняў ад існуючай практыкі. Паводле новага закону, падаваць заяву можа не толькі ахвяра, але і трэцяя асоба. Сусед, напрыклад. І калі раней унутры сям’і нешта здарылася і яны маглі пасля гэтага памірыцца і забыць (“больш такога ніколі не будзе”), то цяпер – “будзеш сядзець”. Назад ужо не адкруціш, суседка заяву падала. Як у нас пачалі “змагацца” з наркотыкамі, дык тысячы маладых людзей аказаліся за кратамі, і з’явілася арганізацыя Маці 328. Думаю, праз нейкі час пасля прыняцця закону з’явіцца арганізацыя жонак, у якіх пасадзілі мужоў”, – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Па-другое, падкрэсліў ён, у Беларусі стане больш міліцыянтаў. “Ну гэта ж натуральна — ў іх з’яўляецца новы вялізны блок працы. Бо, паводле нашых феміністак, “у большай частцы кватэр, у якіх я жыла, за сценамі білі — дарослыя дзяцей і дарослыя адно аднаго”. Тады, канешне, колькасць участковых трэба павялічваць разоў у 10. Ці перадаваць функцыі ўчастковых настаўнікам, пра што ўжо пісалі ў ФБ. У любым выпадку паліцэйскія функцыі дзяржавы, яе кантроль над грамадзянамі павялічыцца шматкроць”, – пішы журналіст.

Ну і, па-трэцяе, паводле яго, нашмат болей дзяцей будуць адбіраць у бацькоў. “У цывілізаванай Нарвегіі забіраюць 10 тысяч дзяцей, у нас летась пакуль толькі каля 3 тысяч забралі. Патэнцыял для росту вялікі, асабліва з улікам таго, што ўжо цяпер забіраюць дзяцей з прычыны «малых даходаў» бацькоў. Па новым законе дзяцей за «пабоі» будуць адбіраць у бацькоў і пасяляць у інтэрнаты – дзе іх, канешне, ніхто ніколі біць не будзе”, – заключыў Віталь Цыганкоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі