Эксперт: Патрыярх Варфаламей настроены завяршыць украінскі кананічны крызіс

варфоломей

За апошні тыдзень у стамбульскай рэзідэнцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату прайшлі адразу дзве важныя падзеі, якія тычацца прама ці ўскосна пытання магчымага стварэння ва Украіне памеснай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы — візіт Патрыярха Маскоўскага, а затым і Архірэйскі Сабор Канстанцінопальскай ПЦ.

Пра тое, што ж канкрэтна адбылося ў Стамбуле і як гэта можа паўплываць на канфесійную сітуацыю ў суседняй з Беларуссю краіне, карэспандэнты Krynica.info абмеркавалі з украінскім рэлігійным публіцыстам Таццянай Дзяркач.

— 31 жніўня ў Стамбуле па ініцыятыве расійскага боку адбылася сустрэча Патрыярхаў Варфаламея і Кірыла. Са слоў прысутнага на ёй мітрапаліта Гальскага Эмануіла мы ведаем, што Патрыярху Кірылу паведамілі пра імплементацыю рашэння аб наданні аўтакефаліі. Аднак сам Патрыярх заявіў, што нічога «выбуховага» на сустрэчы не абмяркоўвалася. Кіраўнік АЗЦС РПЦ мітрапаліт Іларыён і афіцыйны рэліз Канстанцінопальскай Патрыярхіі таксама нічога не кажуць пра больш чым двухгадзінную гутарку. Як бы Вы маглі ахарактарызаваць вынікі сустрэчы Патрыярхаў Варфаламея і Кірыла?

— Відавочна, што сустрэча насіла закрыты характар. Адсутнасць сумеснага камюніке і нават адмова патрыярха Кірыла ад абеду кажа пра тое, што збліжэння пазіцый не адбылося. З урыўкавых пост-рэлізаў эксперты робяць выснову, што, цалкам верагодна, з боку Маскоўскага патрыярха мог мець месца шантаж з пагрозамі. Аднак Канстанцінопальскі патрыярх выдатна разумее, што ў РПЦ «рукі кароткія»: нашкодзіць можа, разваліць сістэму сусветнага праваслаўя — ужо не. Патрыярх Варфаламей настроены завяршыць доўгатрывалы ўкраінскі кананічны крызіс з дапамогай аўтакефаліі, але не выключаю, што для таго, каб яна была прызнаная РПЦ, будуць падшукваць неканфліктныя фармулёўкі. У рэшце рэшт, патрыярх Кірыл вядомы ўменнем браць сябе ў рукі на публіцы і рабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Усё зараз залежыць ад таго, які шлях абярэ кіраўнік РПЦ — контрпрадуктыўнай канфрантацыі або разважлівага фаталізму.

— Відавочцы сустрэчы і протадыякан Андрэй Кураеў заяўляюць пра вельмі нервовую рэакцыю членаў расійскай дэлегацыі. Як Вы думаеце, што яны маглі чакаць ад стамбульскай сустрэчы і якія крокі могуць зрабіць у новай сітуацыі?

— Тут, хутчэй, варта казаць аб тым, чаго чакалі ад патрыярха Кірыла тыя, хто застаўся ў Расіі (і яго падначаленыя, і яго спонсары). Многія — я гэта ведаю не па чутках — верылі, што ён усё вырашыць на месцы. Што з боку Канстанцінопаля гэта такая гульня — вымотваюць нервы, але гульня, якая павінна скончыцца гандлем і ўзаемным задавальненнем. За кошт Украіны. А не выйшла. Вера ва ўсемагутнасць патрыярха Маскоўскага можа лопнуць як шарык, што пагражае моцным прасяданне ўзроўню даверу і аўтарытэту ў першую чаргу ў самой Расіі. Пакуль з усяго, што было апублікавана пасля сустрэчы, можна зрабіць выснову: акрамя спробы раскалоць сусветнае праваслаўе, у РПЦ іншых крэатыўных ідэй не назіраецца.

— Пасля сустрэчы Патрыярхаў у Стамбуле адкрыўся Архірэйскі Сабор Канстанцінопальскай Царквы. На ім, у прыватнасці, былі зацверджаны рашэнні аб тым, што Канстанцінопаль мае поўнае права без аглядкі на іншыя Цэрквы дараваць аўтакефалію, а таксама пастаўлена пад пытанне кананічнасць іерархіі УПЦ МП. Што гэта можа азначаць для ўкраінскага праваслаўя?

— Гэта вельмі нетрывіяльны падыход да вырашэння пытання. Ён азначае, што ў вачах Канстанцінопаля кананічнасць УПЦ МП умоўная ў той жа меры, у якой умоўная некананічнасць УПЦ КП. У адных шклянка напалову поўная, у іншых — напалову пустая, на выхадзе — ватэрлініі супадаюць. Такім чынам, калі мы хочам вырашыць праблему расколу, мы павінны зыходзіць з пастулату, што для паўсюднай патрыярхіі мы ўсе роўныя. Прэрагатыва надання аўтакефаліі адстойвалася Канстанцінопалем ўжо даўно, і гэты парадак мог змяніць Усеправаслаўны сабор на Крыце. Але РПЦ на яго не прыехала і тым самым «абнуліла» усе дасягнутыя аб парадку надання аўтакефаліі пагадненні. Будзем чакаць юрыдычнага афармлення новай царквы.

— Якім можа быць развіццё сітуацыі ў бліжэйшы час? Ці варта чакаць якіх-небудзь канкрэтных крокаў у пытанні надання Томасу ўкраінскай памеснай ПЦ? Калі так, то якіх і прыкладна ў якія тэрміны?

— З вялікай доляй верагоднасці, на бліжэйшым Сінодзе Канстанцінопальскага патрыярхату (запланаваны на 9-11 кастрычніка — Krynica.info) будзе аформлена рашэнне аб аўтакефаліі і завізаванае ўсімі членамі Сінода. Пасля гэтага пачынаюцца перамовы аб правядзенні аб’яднальнага сабора, на якім будзе абвешчана аб’яднанне і абраны прадстаяцель. Томас аб наданні аўтакефаліі ўжо будзе ўручаны новаабранаму першаму патрыярху Украінскай аўтакефальнай царквы.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі