“Беларусь 3” выставіў на паказ “Артэфакты”

belarus-3

На тэлеканале “Беларусь 3” адбылася прэм’ера новага праекта “Артэфакты”. Гэта цыкл дакументальных фільмаў, у якіх аўтары расказваюць пра культурныя рэчы, многія з якіх шмат гадоў знаходзіліся ў сховішчах музеяў, а некаторыя ўвогуле не выстаўляюцца на паказ наведвальнікам. З гэтымі артэфактамі звязваюць легенды і паданні, а за асобнымі каштоўнасцямі хаваецца не адна дэтэктыўная гісторыя.

Сапраўдныя рэліквіі, экспанаты, што сталі духоўнымі святынямі і рарытэты, якія сведчылі пра неверагодную магутнасць уладальніка… Наша краіна багата на шматлікія артэфакты культуры і мастацтва, аднак многія беларусы не бачылі і нават не чулі пра іх. Як правіла, гэта надзвычай каштоўныя рэчы, якія патрабуюць пільнага дагляду і ахайнага стаўлення. Супрацоўнікі музеяў трымаюцца строгіх умоў захоўвання такіх артэфактаў.

Здымачнай групе праекта ўдалося пабачыць гэтыя цікавыя рэчы, а цяпер з імі знаёмяць і гледачоў. Археолагі, краязнаўцы і калекцыянеры дапамагаюць вядучай “Беларусь 3” Алене Даміевай распавесці гісторыю таго ці іншага артэфакта, звязаныя з ім міфы і легенды, ацэньваюць грашовую каштоўнасць экспаната, расказваюць, як рэч трапіла да навукоўцаў, у чым яе адметнасць для даследчыкаў і нашчадкаў. Запрошаныя эксперты раскрываюць тайны папярэдніх уладальнікаў артэфактаў і малавядомыя звесткі пра тое, дзе зараз могуць знаходзіцца самыя сенсацыйныя скарбы беларускай культуры.

Аўтары праекта спрабуюць знайсці адказы на пытанні, у чым значнасць гэтых артэфактаў і якую інфармацыю яны нясуць сучаснікам.

Прэм’ера праекта адбылася 5 верасня, і цяпер кожны тыдзень па серадах і чацвяргах у 19.30 у гледачоў канала “Беларусь 3” будзе магчымасць пазнаёміцца з чарговым унікальным артэфактам. Сёння, 6 верасня, праект “Артэфакты” прадставіць касцяны крыж часоў Лівонскай вайны. Гэты выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў накрыты нажом і пахаваны каля печы разам з яго апошнім уладальнікам у Расонскім раёне Віцебскай вобласці. На крыжы выяўлены імёны і вобразы святых, а зроблены артэфакт з рога высакароднага аленя. Аўтары праекта разам з экспертамі паспрабавалі разблытаць амаль дэтэктыўную гісторыю, звязаную з гэтай цікавай знаходкай.

Незвычайныя містыфікацыі і загадкі чакаюць гледачоў ва ўсіх 16-ці фільмах: пра Крыж Еўфрасінні Полацкай, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Тураўскія крыжы, ліст каралевы Боны Сфорца, рыцарскія даспехі Сярэднявечча, уратаваныя ад чорных капальнікаў, і іншыя скарбы.

Адзначым, што ўсе серыі дакументальнага цыкла “Артэфакты” будуць выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3” у фармаце HD.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі