Украінскі Томас у беларускім аспекце

свято-духов

Падзеі, павязаныя са стварэннем аб’яднанай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне, ўжо не адзін месяц прыцягваюць да сябе ўвагу не толькі праваслаўных вернікаў усяго свету, але і практычна ўсіх хрысціян традыцыйных канфесій. Не ёсць выключэннем і беларусы, якія ўсё больш задумваюцца аб наступствах надання Канстанцінопалем Томасу аб аўтакефаліі Украінскаму Праваслаўю для Беларусі, асабліва – Беларускага Праваслаўя. У гэтым невялікім артыкуле мы паспрабуем адказаць на некаторыя ключавыя кананічныя пытанні.

Адразу патрэбна адзначыць, што сам пачатак працэдуры надання Томасу Украіне грунтуецца на вельмі важным для нас факце, а менавіта на тым, што Кіеўская мітраполія з’яўляецца кананічнай тэрыторыяй Канстанцінопальскага патрыярхату, а перадача яе пад уладу Маскоўскага Патрыярхату ёсць незаконнаю. Нават больш, Усяленскі патрыярх выразна запярэчыў сам факт такой перадачы ды падкрэсліў: у канцы XVII ст. мова ішла толькі аб наданні Маскоўскаму патрыярху права высвячаць Кіеўскага мітрапаліта. Пры гэтым кананічную тэрыторыю Маскоўскага патрыярхату, менавіта яе Заходнія межы, прызнаюцца Канстанцінопалем у варыянце 1589 года. І гэта вельмі важна для Беларусі, бо ў гэтым выпадку яе тэрыторыя ніколі не ўваходзіла ў склад кананічнай тэрыторыі Маскоўскага Патрыярхату.

Натуральна, Канстанцінопальскі патрыярхат уздоўж канца XVII – пачатку ХХ стагоддзяў не меў ніякай магчымасці сілай аднавіць свой кантроль над Кіеўскай мітраполіяй або нейкай яе часткай. Але калі Расійская імперыя рухнула ды на тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі з’явіліся новыя незалежныя дзяржавы, Усяленскі патрыярх адразу адкрыта заявіў аб сваіх кананічных правах. Менавіта на гэтай падставе адбылося наданне аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царкве ў 1924 годзе, якая была прызнаная ўсімі Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі, апрача Расійскай Праваслаўнай Царквы, якая, апрача ўласных імперскіх амбіцый, знаходзілася пад кантролем бальшавікоў.

У чытача можа паўстаць лагічнае запытанне: а як усё гэта стасуецца сучаснай Беларусі ды яе праваслаўных вернікаў? Бо ж аднаўленне Кіеўскай мітраполіі практычна немагчыма.

Сапраўды, ніхто не кажа аб адраджэнні гістарычнай Кіеўскай мітраполіі, тэрыторыя якой на сёння падзеленая між пяццю незалежнымі дзяржавамі: Беларуссю, Польшчай, Літвой, Украінай ды заходняй часткай Расіі. Тым больш, што ў Польшчы ўжо ёсць уласная Памесная Праваслаўная Царква, а ва Украіне яна неўзабаве з’явіцца. Мова ідзе аб тым, што ў сваім выбары кананічнага статусу (аўтакефалія або аўтаномія Канстанцінопальскага патрыярхату) беларускія праваслаўныя аніяк не звязаныя амбіцыямі Масквы, бо іх долю можа аднаасобна вырашыць Канстанцінопальская патрыярхія.

Больш за тое, хоць наданне аўтакефаліі не прапісанае ў праваслаўных канонах, існуюць правіла 17 IV і 38 VI Усяленскіх сабораў, дзе выразна гаворыцца, што «дзяржаўным і зямельным падзелам хай наследуе і раздзяленне царкоўных спраў». Менавіта на гэтай падставе былі нададзеныя аўтакефаліі большасці сучасных Праваслаўных Цэркваў: Балгарскай, Румынскай, Сербскай і г.д., а ў сучасны найноўшы перыяд – аўтаномія Канстанцінопальскага Патрыярхату Праваслаўнай Царкве Эстоніі.

У развіццё сцверджання выключнай прэрагатывы Канстанцінопальскага патрыярхату у справе надання аўтакефаліі сведчаць і рашэнне апошняга сінаксісу, які адбыўся 1-3 верасня 2018 года ў Канстанцінопалі. У ягоным рашэнні дакладна вызначаецца, што толькі Усяленская патрыярхія можа надаваць аўтакефалію ды не мусіць ні з кім гэта падгоджваць.

Такім чынам, наданне Канстанцінопалем аўтакефаліі Украінскаму Праваслаўю практычна азначае той факт, што беларускія праваслаўныя вернікі знаходзяцца за крок ад аналагічнага статусу. Які залежыць толькі ад наяўнасці іх жадання ды палітычных абставін у краіне, бо на сёння эксклюзіўнае становішча Беларускага Экзархату РПЦ падтрымліваецца выключна з дапамогаю дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату ды шэрага заканадаўчых актаў.

прат. Сяргей Горбік.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі