Хрысціянства ў свецкай дзяржаве. Праблема сучаснага суіснавання

cross at cahuenga.1

Адной з найбольш заўважных “візітных картак” ХХ ст. зрабіўся масавы пераход ад дзяржавы рэлігійнай, дзе веравызнанне было адным з пунктаў дзяржаўных дакументаў, а рэлігія абавязковым прадметам у школах (і нават у ВНУ), да дзяржавы свецкай, дзе рэлігія абвяшчалася “прыватнай справай індывідуума”, адбывалася афіцыйнае аддзяленне Царквы ад Дзяржавы [1]. Падобнае аддзяленне цалкам упісвалася ў пералік фундаментальных правоў асобы, якая “можа спавядаць будзь-якую рэлігію, або не спавядаць ніводнай” [2]. Пры гэтым у свецкай дзяржаве веруючыя, як індывідуумы, так і Цэрквы, аніяк не выключаліся з грамадскага жыцця, за імі пакідаліся правы быць ягонымі паўнапраўнымі суб’ектамі.

Аднак апісаная вышэй мадэль апынулася больш тэарэтычнаю, чым практычнаю. І першы ўдар адчулі менавіта хрысціяне еўрапейскіх дэмакратычных краін. Гэта адбывалася праз хуткую секулярызацыю грамадства, пры якой левыя ды неаліберальныя палітычныя сілы распачалі сапраўдны наступ на традыцыйныя хрысціянскія канфесіі, намагаючыся выціснуць іх у “маргінальнае гета”. І, як не дзіўна, гэта адбывалася (адбываецца) з дапамогай цалкам дэмакратычных і законных дзяржаўных інстытутаў.

Так, неаліберальныя колы пад выглядам “абароны правоў асобы” дамагаюцца выдалення хрысціянскай сімволікі не толькі з дзяржаўных, але і прыватных грамадскіх устаноў, забароны прысутнасці святароў у школах і ВНУ, сілавых структурах (капеланы), а ў некаторых краінах – нават забароны насіць нацельныя крыжыкі або абразкі на працы. Больш таго, традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці абвяшчаюцца неалібераламі “варожымі для свабоды чалавека”, іх спавядальнікаў праследуюць у заканадаўчым парадку [3]. Не будзе перабольшання сцвярджаць, што сёння практычна кожны хрысціянін у той або іншай ступені адчувае на сябе цяжар ціску лявацкай ці (і) неаліберальнай ідэалогіі.

Ужо багата хрысціянскіх багасловаў ды палітолагаў заяўляюць аб тым, што ў свеце склалася парадаксальнае становішча, калі пэўная, адносна невялікая група, паразітуючы на дэмакратычных інстытутах, навязвае грамадству таталітарны шлях новага, вельмі небяспечнага ганення хрысціян ды разбурэння іх традыцыйных каштоўнасцяў. Спрабуе навязаць хрысціянам думку аб іх меншавартасці ў параўнанні з іншымі членамі дзяржаўнага соцыуму.

Часам лявацкія ды неаліберальныя “праваабарончыя” арганізацыі ідуць на прамую правакацыю хрысціянскай большасці сваіх дзяржаў, каб выклікаць агрэсію ды прадставіць сябе “ахвярамі” хрысціян-кансерватараў. Пры гэтым яны вымагаюць ад дзяржавы за грошы падаткаплацельшчыкаў абароны сваіх мерапрыемстваў. Але на грунце той жа “абароны правоў” звычайных грамадзян… вымагаюць ад дзяржавы браць грошы з хрысціян за ахову храмаў і багаслужбаў.

Парадаксальна, але ў Еўропе практычна няма менавіта дэмакратычнай краіны (члена ЕС) [4], дзе б за апошні час не было пакараных за агітацыю супраць тых жа “прайдаў ЛГБТ” або за забарону абортаў. Пры гэтым тых хрысціян, да каго ужывалася прыхаванае пакаранне ў выглядзе страты працы, пазбаўлення кар’ернага росту і г.д., за абарону сваіх поглядаў, налічваецца ўжо дзясяткі тысяч. Аднак мы не бачым там ніводнага, хто б быў пакараны за крытыку хрысціян, за выступы супраць традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, заклікі аб забароне звонаў або хрысціянскіх працэсій па вуліцах гарадоў. Як ужо адзначалася, “секулярызацыйная дэмакратыя”, старана прыхаваная пад нейтральнай шыльдай “правоў чалавека”, усё больш нагадвае “шлях з аднабаковым рухам”.

На вялікі жаль, падобная хваля псеўдадэмакратычных, лявацкіх ды неаліберальных поглядаў усё больш распаўсюджваецца і ў Беларусі. Практычна няма ніводнай заявы традыцыйных канфесій, будзь гэта “Рух за жыцця” або традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, рэакцыя на палітычныя або культурніцкія падзеі ды інш., што б не выклікала бурную рэакцыю лявацкай і (або) неаліберальнай групы. “Гэта не справа Царквы”, “хай прапаведуюць у царкве”, “у нас свецкая дзяржава”… – гэта толькі частка найбольш характэрных каментароў.

Але, дазвольце, калі вы так ратуеце за “правы чалавека”, дык чаму адмаўляеце хрысціянам у ажыццяўленні сваіх правоў? Чаму адмаўляеце ў праве прапаведаваць, распаўсюджваць свой светапогляд, адмаўляеце ў праве вольнага спавядання сваёй веры? Святар прыходзіць у войска, ВНУ, шпіталь або школу да сваіх вернікаў, ён ідзе да тых, хто хоча і жадае яго слухаць. Крыж або ікона ў кабінеце дзяржаўнага службоўца (чыноўніка, настаўніка, вайсковага і г.д.), а тым больш нацельны крыжык – гэта ягонае права, калі ён не прымушае іншага пад пагрозай невыканання сваіх прафесійных функцый у дзяржаўнай установе.

Яшчэ большую “цікавасць” выклікаюць прэтэнзіі лявацкіх і неаліберальных колаў адносна права вернікаў браць удзел у палітычных ды сацыяльных працэсах, а таксама спроба ціснуць на прыватных прадпрымальнікаў у справе ўсталявання ўласных правілаў.

У першым выпадку, адмаўляецца звычайнае права грамадзяніна ў ягоных канстытуцыйных правах, бо кожны хрысціянін, міранін, архірэй або святар – гэта раўнапраўны грамадзянін Дзяржавы, а Царква – раўнапраўная сацыяльная інстытуцыя (аб’яднанне людзей па канфесійна-рэлігійнай прыкмеце), якая можа выказваць супольную думку вернікаў, уплываць на палітыку Дзяржавы праз заканадаўчыя ды выканаўчыя інстытуты.

У другім – права ўласніка ўсталёўваць правіла і парадак “ва ўласнай хаце”. Бо чамусь ніхто не пратэстуе, калі ў прыватным сектары прымушаюць хрысціян працаваць пад час рэлігійных святаў. А вось пратэстаў праз нежаданне абслугоўваць, браць на працу тых жа членаў ЛГБТ маем больш чым дастаткова.

Мусім канстатаваць, што больш чым паўмільярды еўрапейскіх хрысціян [5] сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным наступам на сваю веру ды свае правы праз цалкам дэмакратычную заканатворчую парламенцкую працэдуру, а перанос гэтай практыкі на шэраг пост-савецкіх краін, найперш Грузію, Малдову і Украіну, толькі пытанне часу.

Вынікае лагічнае запытанне: як паводзіць сябе хрысціянам пры падобнай палітыцы свецкай дзяржавы, якая робіцца ўсё больш відавочнай, ды забяспечыць абарону сваіх грамадзянскіх правоў?

На нашу думку, вырашэнне праблемы ляжыць у плоскасці актывізацыі ўдзелу хрысціян, як асабістай, так і традыцыйных Цэркваў, у грамадска-палітычным жыцці. Мы мусім данасіць сваю пазіцыю грамадству, палітыкам, супрацоўнічаць з палітычнымі партыямі, якія, на дэмакратычным грунце, адстойваюць прысутнасць хрысціянскіх прынцыпаў у жыцці ды пабудове дзяржавы. І, натуральна, актыўна выкарыстоўваць дэмакратычныя інстытуты ў справе абароны правоў хрысціян. Калі ж мы будзем працягваць маўчаць ды (або) хаваць галаву ў жвір, дзяржава будзе чуць толькі голас антыхрысціянскай групоўкі левакоў ды неалібералаў, старана схаваны ў абгортку “праваабарончых ініцыятыў”.

У той жа час, не можна замоўчваць і “іншы бок медаля”, калі, асабліва ў краінах былога “сацыялістычнага лагера”, некаторыя хрысціянскія канфесіі, замест прапаведніцкай і асветніцкай дзейнасці, спрабуюць даводзіць сваю правату праз залучэнне дзяржаўных інстытутаў прымусу, а канкрэтна ў форме забароны. Маем ужо шмат прыкладаў, калі хрысціянскія Цэрквы спрабуюць “выбіць” у дзяржавы забарону з’яў, якія ім не падабаюцца.

На першы погляд, Цэрквы дамагаюцца вельмі добрых рэчаў. Напрыклад, забароны абортаў або абмежавання на вытворчасць і продаж алкаголю. Але “д’ябла хаваецца ў дэталях”, бо дзяржаўная забарона сама па сябе ніколі не прыносіла плёну. Тыя ж аборты або алкагалізм – вынік хібнай секулярызацыі грамадства, адкідання традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, маральнасці, калі ў выхаванні дзяцей, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні, пераважае эгацэнтрызм, бяздумнае задавальненне ўласных жаданняў, легкаважнае стаўленне да стварэння сям’і ды г.д.

Мы, найперш святары традыцыйных канфесій, выдатна разумеем, што дзяржаўная забарона – гэта не вылячэнне праблемы, а хаванне яе пад прыгожыя словы і статыстыку. Але “вера без спраў мёртвая”, патрэбна выходзіць з утульнага гета ўласнага храму ды пойдзем з Евангеллем дык, магчыма, і забароны тады будуць непатрэбныя, бо казаў Хрыстос “стукайцеся, і адчыняць вам…  кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць” (Лк. 11:9-10).

Яшчэ больш недарэчна выглядае, калі нейкая Царква спрабуе на дзяржаўным узроўні забараніць нейкі фільм, п’есу, выставу, кнігу. Мусім зразумець, што такімі дзеямі не толькі робіцца дадатковая бясплатная рэклама, але і паказваем сваю слабасць ды няздатнасць уплываць на грамадскую думку. Зрэшты, свет змяніўся, дзяржавы зрабіліся свецкімі, таму навучымся, як мінімум, паважаць правы іншых. Ну і памятаем, што тавар вырабляецца да таго часу, пакуль гэта эканамічна выгодна.

Мы жывём у вельмі складаны час, калі сучаснае грамадства, тэхналогіі, пастаянна знаходзяцца ў стане руху, ставячы прад хрысціянамі ўсё новыя і новыя выклікі. Большасць дзяржаў ужо не толькі не надаюць дапамогі традыцыйным хрысціянскім канфесіям, хрысціянскай маральнасці, як гэта было яшчэ ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., але ў большасці выпадкаў дапамагаюць іх руйнаванню. У падобных умовах асабліва важна асабістая пропаведзь кожнага хрысціяніна, мусім не зачыняцца ва ўтульных гета, а навязаць дыялог з дзяржавай, распачаць актыўную працу з палітыкамі, а таксама актыўную пропаведзь хрысціянскай веры ды каштоўнасцяў сярод насельніцтва сваіх краінаў.

 

Заўвагі:

1. Пад вызначэння “свецкая дзяржава” не падпадаюць краіны, у першую чаргу сацыялістычныя, дзе атэізм быў уведзены ў статус дзяржаўнай палітыкі, а ўсё рэлігійнае праследавалася ды кантралявалася адпаведнымі ворганамі.

2. Безумоўна, Дзяржава пакідае за сабой кантралюючы функцыі па прысутнасці канфесій у дзяржаўных установах, падаткаабкладанні ды інш. Таксама дзяржава прадухіляе з’яўлення дэструктыўных або таталітарных сектаў, якія могуць прынесці шкоду здароўю ды бяспецы асобы ці (і) грамадству.

3. Найбольш вядомы факт – гэта праследавання ЛГБТ супольнасцю прыватных прадпрыемцаў, якія адмаўляюцца абслугоўваць іх “вяселля”, а таксама архірэяў, святароў ды вернікаў, якія выступаюць супраць аднаполых “шлюбаў” ды т.зв. “гендарнай тэорыі”.

4. Падобнае становішча і ў некаторых пост-савецкіх краінах – Малдове, Грузіі, Украіне.

5. Status of Global Mission, 2011, in Context of 20th and 21st Centuries / http://www.alem-mar.org/dlds/StatusOfGlobalMission.pdf

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі