«Саламея». Як трэба было зрабіць па-нармальнаму

c1410c703a50f55cb48f7d9a3d05d1ad

Сітуацыя са спробамі адмены паказу групай праваслаўных вернікаў на сцэне Вялікага тэатру Беларусі оперы “Саламеі” дагэтуль застаецца адной з галоўных рэлігійных тэм у беларускіх сацыяльных сетках. Кур’ёзу сітуацыі дадае тое, што сама пастаноўка, як па словах відавочцаў, гэтак і па задуме аўтараў, даволі кансерватыўная з ідэалагічнага пункту гледжання.

Як заяўляў у сваім інтэрв’ю рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, адна з мэтаў новай рэдакцыі оперы – паказаць важнасць дзесяці запаведзяў і хрысціянскія карані еўрапейскай цывілізацыі. Першыя гледачы пастаноўкі гэта пацвярджаюць.

Але, як і ў сітуацыі з “Мацільдай”, якая, дарэчы, задумвалася як своеасаблівая ода манархіі, пэўныя групы паспелі “зняважыцца”, нават не бачыўшы таго, што іх быццам бы зняважыла. “Не чытаў, але асуджаю” – на жаль, такі падыход робіцца ўсё больш і больш мэйнстрымным нават у хрысціянскім асяроддзі.

Не адбіраючы ў вернікаў права на пратэст, у тым ліку і публічны, якім яны валодаюць на роўні з іншымі грамадзянамі, разам з тым лічу вартым падкрэсліць тое, што забаронамі ідэалагічныя разыходжанні не вырашыць. Больш за тое, “антысаламеўскі” зварот вернікаў нанёс толькі больш рэпутацыйнай шкоды хрысціянам.

Пры гэтым, як падаецца, ёсць шэраг крокаў, якія “зняважаныя” маглі б зрабіць, ні нашкодзіўшы ні сабе, ні забараняючы іншым. Нездарма ж Бог даў кожнаму з нас вольную волю?

Дык, што можна было зрабіць пакрыўджаным операй хрысціянам?

1. Арганізаваць блізка да даты прэм’еры сустрэчу ці нават выставу пад прыкладнай назвай «Праўдзівая гісторыя Саламеі», падчас якой распавесці пра Саламею, Яна Хрысціцеля, дынастыю Ірада, Хрыста і першых хрысціянаў.

2. Надрукаваць улёткі з запрашэннем на гэтую сустрэчу і раздаваць іх на ўваходзе і выхадзе з тэатру. Прычым пажадана ўсе прэм’ерныя дні.

3. Карыстаючыся тым, што Ян Хрысціцель, на думку даследчыкаў, быў блізкі да есеяў, запрасіць удзельнікаў сустрэчы, а то і ўвогуле спектаклю на выставу скруткаў Мёртвага мора, якая неўзабаве будзе ў Менску.

Што б гэта дало на выхадзе?

1. Была б выказаная нязгода з трактоўкай біблейскіх падзей тэатрам.

2. Людзі б больш даведаліся пазітыўным чынам пра хрысціянства: як ранняе, гэтак і ўвогуле.

3. Не было б негатыўнага шквалу ў СМІ, сацыяльных сетках і г.д.

А так маем тое, што маем… Увогуле ўсе гэтыя гучныя звароты апошніх дзён паказваюць, што беларускія хрысціяне забылі пра неабходнасць евангелізацыі. Замест гэтага яны (мы) адчуваюць сябе нібы зачыненымі ў аточанай крэпасці, калі трэба адбіць любую атаку нападніка, інакш вораг прарвецца ў сярэдзіну — і будзе позна. Але, здаецца, у нас іншае пакліканне.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі