Старыя граблі і дзень 23 лютага

23fevralya-23

У Расіі адноўлены галоўПУР – Галоўнае палітычнае ўпраўленне Чырвонай арміі. Так – галоўПУРам – крытыкі гэтага падраздзялення называюць і створанае сёлета ў траўні галоўнае ваенна-палітычнае ўпраўленне міністэрства абароны Расіі.

Начальнік новага галоўПУРа генерал-палкоўнік Андрэй Картаполаў даў вялікае інтэрв’ю часопісу “Военно-промышленный курьер”. Пераказ гэтага інтэрв’ю змешчаны на сайце расійскай службы Радыё Свабода.

З выказванняў генерала вынікае, што галоўным клопатам новых палітрукоў і нампалітаў будзе выхаванне ў асабовага складу расійскіх мілітарных структур духоўнасці, дзяржаўнасці і патрыятызму.

Пра дзяржаўнасць і патрыятызм у крамлёўскім разуменні гэтых слоў  распаўсюджвацца няма патрэбы. А вось духоўнасць, як яе разумее генерал Картаполаў, нясе і самой Расіі, і яе войску патэнцыйную пагрозу.

“Спробы нашых папярэднікаў, – кажа генерал, – памяняць веру ў Бога на веру ў камуністычную партыю і яе ідэалы, на жаль, не ўвянчаліся поспехам. Адраджэнне Расійскай дзяржавы, як мы бачым, працягваецца праз адраджэнне праваслаўнай веры”.

Свайго часу бальшавіцкія бонзы нейк не надалі ўвагі таму, што ў Савецкай Арміі з году ў год рос працэнт прызыўнікоў неславянскіх нацыянальнасцяў. Пад канец існавання Савецкага Саюза выхадцы з мусульманскіх абласцей і рэспублік складалі ці не палавіну салдатаў, а афіцэрскі і сяржанцкі корпус быў на 90 адсоткаў славянскі (праўда, і тут існавала працэнтная норма для беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). Многія лічаць, што СССР распаўся своечасова, бо калі б ён праіснаваў яшчэ год 5 ці 10, развод савецкіх рэспублік (і так нямірны) быў бы з яшчэ большай крывёю.

Цяпер, як бачым з выказванняў генерала Картаполава, расійская ваеншчына нібыта не заўважае, што наступае на старыя граблі, што ў мілітарных структурах служаць людзі розных нацыянальнасцяў і што працэнт нярускіх прызыўнікоў у гэтыя структуры расце з году ў год. Калі за саветамі рэлігійны чыннік быў не так заўважны, дык цяпер ён адыгрывае вельмі важную ролю. Рабіць стаўку на праваслаўе ў мультырэлігійнай краіне і мультырэлігійных мілітарных структурах вельмі небяспечна. Праз прывілеяванае становішча праваслаўя з часам замест так званага адраджэння расійскай дзяржаўнасці могуць настаць яе экзістэнцыйныя праблемы.

Інтэрв’ю генерала Картаполава цікавае яшчэ адной дэталлю: ён крытычна ставіцца да дня 23 лютага, які прост уеўся ў кроў і плоць расіян і беларусаў. Вось што кажа генерал:

– Бальшавіцкія агітатары ператварылі яе [старую расійскую армію] у аморфную масу. 23 лютага 2018 года мы адзначылі стагоддзе ўтварэння Чырвонай арміі, якая, як лічыцца, нарадзілася ў баях з нямецкімі інтэрвентамі пад Псковам і Нарвай. А насамрэч там усё склалася вельмі сумна для яе, астаткі войскаў папросту разбегліся.

Гэта нешта новае. Раней такое чытаць не даводзілася. Не думаю, што генерал Картаполаў гаварыў “ад сябе”. Цікава, як адрэагуюць на гэта людзі з вялікага дома на Камуністычнай вуліцы ў Мінску? У іх, як вядома, моцны посткаланіяльны сіндром, і яны, малпуючы сваіх большых братоў з Расіі, адзначалі сёлета 100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі. Што будзе, калі ў Расіі адмовяцца ад святкавання 23 лютага і днём абаронцаў айчыны абвесцяць іншы дзень? Што тады будуць рабіць меншыя браты?

Анатоль Сідарэвіч.

11 верасня 2018 г.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі