БАПЦ падтрымлівае ўкраінскую аўтакефалію
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква падтрымлівае рашэнне Канстанцінопальскага патрыярхату надаць Украінскай Праваслаўнай царкве статус аўтакефальнай. Пра гэта ў інтэрв’ю Радыё Свабода заявіў кіраўнік БАПЦ, архіепіскап Святаслаў Логін. Паводле яго, БАПЦ таксама імкнецца легалізавацца ў Беларусі і афіцыйна атрымаць статус аўтакефаліі.
Архіепіскап нагадаў, што раней Беларуская Царква таксама “рабіла рэальныя крокі для таго, каб атрымаць аўтакефалію і каб яе прызналі”.
“Украінская царква нам родная і блізкая, таму што ў мінулым мы мелі адзіную мітраполію — царква ў Беларусі пачыналася з Кіеўскай мітраполіі. Пазней гэта была Кіева-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку — яна была знішчана Маскоўскай царквой. І да сёння Масква робіць усё, каб Украінская і Беларуская цэрквы аўтакефаліі не атрымалі”, – адзначыў ён, назваўшы Украіну прыкладам для Беларусі.
На яго думку, “калі прызнаюць украінскую царкву, то наступныя крокі павінны быць і адносна беларускай царквы”. Архіепіскап нагадаў, што Канстанцінопаль па-ранейшаму лічыць Кіеўскую мітраполію, часткай якой была і Беларусь, сваёй кананічнай тэрыторыяй.
“Каноны, як вядома, вымагаюць для асобнага праваслаўнага народу асобнай царквы. Гэта 34-е апостальскае правіла. А каноны не абмяркоўваюцца, а выконваюцца”, – падкрэсліў Святаслаў.
“Мы маем усе кананічныя падставы для таго, каб царква ў Беларусі мела незалежнасць і права абвяшчаць аўтакефалію”, – сказаў ён.
Паводле яго, у апошнія гады ў Беларусі цягу да царкоўнай незалежнасці маюць як святары, так і вернікі Беларускага экзархату РПЦ. Іерарх нагадаў, што на сходзе святароў Мінскай епархіі было аднагалосна падтрыманае наданне Экзархату права аўтаноміі, якую не зацвердзілі ў Маскве.
Што тычыцца сённяшняга стану БАПЦ, то, як адзначыў іерарх, у Беларусі сёння з прычыны таго, што парафіі царквы ўладамі не рэгіструюцца, дзейнічаюць тры рэлігійныя грамады і некалькі суполак. Ёсць пяць святароў, дыяканы, чытальнікі, адбываюцца службы, святары бяруць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
За мяжой у БАПЦ ёсць тры паўнавартасныя парафіі ў ЗША, адна ў Канадзе, тры ў Аўстраліі і яшчэ адна грамада ў Ангельшчыне, дзе цяпер няма святара. Архіепіскап не выключае высвячэнне новага епіскапа, калі ў Беларусі пачнецца колькасны рост нашых вернікаў.
Таксама за мяжой дзейнічае некалькі беларускіх парафій у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату (у Таронта, у Нью-Ёрку, у Ангельшчыне, у Чыкага), але яны “паступова перастаюць быць беларускімі”.
Нагадаем, што Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы асудзіў наданне Канстанцінопалем аўтакефаліі Украінскай Царкве.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- “Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”. Казка ад Паўла Севярынца 15.01.2021 17:31
- Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта 13.01.2021 10:28
- Памёр мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 12.01.2021 14:32
- Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння 07.01.2021 10:53
- Францішак прыняў адстаўку арцыбіскупа Кандрусевіча 03.01.2021 15:30
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)