Біскуп Антоні заклікаў “выразна адкінуць пастулаты ідэалогіі гендару”

дзям'янка

Каталіцкі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся з пастырскім лістом аб падтрымцы сем’яў. Перш за ўсё, ён звярнуўся да тых, хто стварыў сям’ю і дзякуе Богу за гады сумеснага жыцця або толькі збіраецца зрабіць гэта, паведамляе catholic.by.

“Сям’я – гэта супольнасць, на якую абапіраецца ўвесь паўсюдны Касцёл. Сям’я – гэта таксама вялікая сіла, здольная даваць свету сведчанне жыцця ў веры, еднасці і любові. Паводле вучэння ІІ Ватыканскага Сабору, сям’я з’яўляецца «школай найбольшай чалавечнасці»”, – адзначыў біскуп.

Паводле яго, у нашыя дні неабходна нанова адкрыць сапраўдныя асновы сям’і і зразумець яе непрамінальнае значэнне. У гэтым нам можа дапамагчы Святое Пісанне, якое “ясна паказвае, што інстытут сям’і ўзнік па Божай волі на фундаменце саюзу мужчыны і жанчыны”, падкрэсліў іерарх.

“Гэты саюз з’яўляецца вынікам Божага благаслаўлення, а значыць сакрамэнтальным і непарыўным. Як жа важна, каб сучасны чалавек аб гэтым памятаў! У Еўропе цяпер назіраецца адыход не толькі ад базавых хрысціянскіх каштоўнасцей, але і ад натуральных законаў прыроды. Кожны з нас цудоўна разумее, што маецца на ўвазе. У такіх абставінах як ніколі патрэбна сведчанне здаровых сем’яў, гатовых дзяліцца сваёй хрысціянскай радасцю і любоўю з іншымі. Патрэбны мужны і рашучы адказ выклікам часу”, – адзначыў ён.

Паводле яго, Касцёл знаходзіцца сёння перад выклікамі, якія нясе з сабою ідэалогія гендару, у межах якой “не толькі традыцыйнае разуменне сям’і і сужэнства ставіцца пад сумніў, але і традыцыйнае разуменне палавой прыналежнасці”. “Яна вызначаецца ўжо не паводле біялагічных крытэрыяў, а на падставе таго, кім чалавек сам сябе хоча лічыць – мужчынам, жанчынай, чымсьці сярэднім і т.п.” – заявіў біскуп.

Біскуп Антоні заклікаў “выразна адкінуць пастулаты ідэалогіі гендару”. “Веруючы католік не можа згаджацца з хлуснёй. Кожны з нас мае абавязак бараніць біблійны, сапраўдны погляд на чалавека. Біблія выразна кажа: «Мужчынам і жанчынай стварыў іх…» (Быц 1, 27)”, – адзначыў ён.

Хаця, на яго думку, беларускія сем’і пакуль трымаюцца традыцыйнага погляду на ролю мужчыны і жанчыны, ролю і функцыі сям’і, “але расслабляцца нельга”. “Нам трэба чуваць і маліцца. Пры гэтым нельга паддавацца страху перад выклікамі небяспечных ідэалогій. Трэба даверыцца Богу, дзякаваць Яму і не змяняць таго, што Ім жа самім закладзена ад пачатку свету”, – заклікаў іерарх.

“Сям’я, будзь такой, якой цябе хоча бачыць Бог! Чалавек, шукай сваё шчасце ў Богу! Мы можам не разумець многія рэчы. Шмат чаго ў свеце пераўзыходзіць нашыя магчымасці. Але нягледзячы ні на што неабходна моцна казаць: «Пане Божа, нам добра быць такімі, якімі ты нас стварыў. Нам хочацца ісці па дарозе, на якую Ты нас накіроўваеш». І не так важна, ці гэта дарога святарская, ці гэта дарога жыцця ў сям’і, ці гэта дарога жыцця ў манастве або самотнасці, бо добра будзе тады, калі па ёй мы пойдзем з Богам”, – заключыў ён і заклікаў “да супольнай малітвы за нашы сем’і, за існуючыя і за тыя, якія паўстануць у будучыні”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі