Джош Макдаўэл у Мінску: я вырашыў заткнуць рот хрысціянскім прафесарам, але стаў хрысціянінам

SAM_3877

“У мінулым годзе мы перажывалі фенаменальна яркі перыяд у гісторыі нашай краіны, – распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі спадар Алесь Суша. – На святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання да нас прыехала група экспертаў, сярод якіх былі Дэвід Эдынгтан і Павел Дзячэнка. У нас нарадзілася нечаканая ідэя прадставіць каштоўныя біблейскія рарытэты. Цягам года ішла падрыхтоўка да выставы. І вось упершыню мы маем магчымасць пабачыць на свае вочы ўнікальныя артэфакты сусветнай значнасці, узрост якіх дасягае ад 2 да 5 тысяч гадоў. А сёння пра сваю прыватную калекцыю раскажа Джош Макдаўэл”.

У межах дзейнасці міжнароднай выставы “Беларусь і Біблія” ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася сустрэча з вядомым амерыканскім пратэстанцкім прапаведнікам, філантропам і прадпрымальнікам Джошам Макдаўэлам, аўтарам шматлікіх кніг. Ён нарадзіўся ў штаце Мічыган у сям’і фермераў у 1939 годзе. Пасля адкрыцця “ жалезнай заслоны” яго кніга “Не проста цясляр” пра жыццё Ісуса Хрыста распаўсюджвалася ў беларускіх пратэстанцкіх цэрквах. Ён – бацька чатырох дзяцей.

Джош Макдауэл наведаў з лекцыямі 137 краін свету і прыбыў у Беларусь ужо ў сёмы раз, называючы нашу краіну вельмі чыстай і ўтульнай. 21 верасня ён выступіў з лекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы і прадэманстраваў рарытэты з сваёй прыватнай калекцыі – скрутак Торы, якому каля 600 гадоў, Таджы – кнігі тэкстаў Бібліі, перапісаныя ў Емене каля 500 гадоў таму.

Энергічны, бадзёры і кантактны містар Джош паціснуў кожнаму наведвальніку лекцыі руку. Яго аповед пераканаў гасцей выставы, што да Святога Пісьма трэба ставіцца беражліва.

SAM_3835

“Калі я вучыўся ў каледжы, я быў раз’юшаны на Бога і царкву і вырашыў, што заткну рот хрысціянскім прафесарам! – засведчыў Джош Макдаўэл. – Але выйшла як раз наадварот. Праз сяброў у студэнцкім гуртку я стаў хрысціянінам. Далей я паставіў сваёй мэтай пацвердзіць гістарычную даставернасць старадаўніх скруткаў Торы. Першы раз я звярнуўся з просьбай да Бога, каб ён дазволіў мне авалодаць артэфактамі, праз якія я б мог давесці усім, што Святое Пісьмо даставернае.

Зараз мой дом выглядае як сапраўдны музей, у якім захоўваюцца старадаўнія манускрыпты. Самай каштоўнай для мяне з’яўляецца Біблія сям’і Макдаўэлаў, якой некалькі соцень гадоў.

Калі нехта выпадкова кладзе акуляры ці асадку на Біблію, я кажу ему: “Take it of the Bible! Прыбярыце гэта з Бібліі. Людзі аддавалі за яе жыццё”.

Джордж Макдауэл распавёў пра гісторыю юдэйскіх манускрыптаў, якія знайшлі на мяжы Германіі і Польшчы і якім каля 600 гадоў. Скрутак Торы быў перапісаны ў беднай вёсцы. Да яго ставіліся як да вялікай святыні. Прадэманстраваны скрутак ацалеў, калі ў Еўропе панавала “чорная смерць” – чума. Юдэйскае паселішча ацалела, таму што яго насельнікі былі абмежаваны ў гета і прытрымліваліся правілаў гігіены, замацаваных у Торы адносна чысціні цела і прадуктаў харчавання. Яны не кантактавалі з вірусам і перажылі эпідэмію чумы.

SAM_3857

Перапісчыку трэбы было засвоіць 4000 правілаў. Працэс перапісвання манускрыпта займаў некалькі гадоў. Трэба было завучыць усю Тору на памяць. Перапісчык тры разы правяраў тэкст – 300 000 літар. Да тэксту нельга было дадаваць ніводнай літары. Адмыслоўцы падлічылі, што сярэдняя літара Торы знаходзіцца ў кнізе “Лявіт” 11:42. Прабелы ў тэксце (“селах”) азначалі – спыніся і паразважай. Ніхто так не захаваў дакладнасць, як юдэі пры перапісванні Торы. Кожную літару трэба было пісаць акуратна, каб кожны чалавек яе зразумеў. Тэкст быў настолькі свяшчэнным, што да яго нельга было дакранацца пальцам. Пергамент вырабляўся са скуры цяляці альбо аленя. Але гэта была скура жывёл, якія памерлі натуральнай смерцю, але не былі забітыя.

За 1000 гадоў перапісвання тэкст Бібліі не змяніўся! Пра гэта я напісаў у сваёй кнізе “Факты, якія нельга абвергнуць”.

Джош Макдаўэл сказаў, што хоча перакласці Тору з каментаром і размясціць тэкст у інтэрнэце.

“Такая выстава, якая праходзіць зараз, была толькі ў некалькіх краінах свету!” – засведчыў Джош Макдауэл.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі