Мітрапаліт Кандрусевіч: падчас сустрэчы з Папам мы ізноў адчуем духоўную еднасць беларусаў і літоўцаў

2018-09-22-vilno-moladz-027

Раніцай 22 верасня ў касцёле Арханёла Рафала ў Вільні прайшла святая Імша для беларускіх пілігрымаў, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Імшу канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і іншыя святары.

На сустрэчу з Папам Францішкам прыбыло больш за паўтысячы беларусаў з усіх дыяцэзій Беларусі, паведамляе catholic.by.

У пачатку гаміліі мітрапаліт адзначыў, што гэта другі ў гісторыі балтыйскіх краін візіт Пантыфіка. Першы адбыўся ў 1993 годзе.

«Гэта вялікая ласка прымаць намесніка Езуса Хрыста на зямлі, – сказаў іерарх. – Беларусь, якая знаходзіцца побач, чакае і не можа дачакацца падобнага візіту. Беларусь і Літву яднае многае – традыцыі, хрысціянская вера, Марыйная пабожнасць і г.д. Але яднае яшчэ і памяць аб доўгай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, да якога належалі беларускі і літоўскі народы. Сёння, падчас сустрэчы з Папам мы ізноў адчуем духоўную еднасць нашых народаў».

Паводле яго, сустрэча моладзі са св. Янам Паўлам II, якая адбылася 25 гадоў таму на стадыёне ў Каўнасе, удыхнула ў душы выхаваную на прынцыпах марксізму-ленінізму моладзі новую надзею.

«Перад маладымі людзьмі адкрываліся новыя перспектывы, – сказаў Мітрапаліт. – Вялікі Папа Вайтыла добра разумеў, што свабода, будучы вялікім дарам Бога, з’яўляецца таксама вялікім выпрабаваннем, нават спакусай. Менавіта таму на стадыёне ў Каўнасе ён заклікаў да адказнасці ў карыстанні свабодай. Прароцтвам прагучалі тады яго словы, што свабода без адказнасці вядзе да анархіі».

Пасля візіту св. Яна Паўла II вырасла новае пакаленне маладых людзей, якое сёння «перажывае новую індактрынацыю».

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што сёння замест ідэалагічнага атэізму назіраецца атэізм матэрыялістычны, «калі Богам становяцца матэрыяльныя каштоўнасці і задавальненні».

«Мы далёка не заўсёды і згодна з Божай воляй выкарыстоўваем дар свабоды, за якую нашы продкі цярпелі і нават аддавалі сваё жыццё», – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што сёння ажыццяўляецца перасцярога св. Яна Паўла II аб тым, што нават самая дасканалая дэмакратыя без захавання Божага закону становіцца таталітарызмам.

«Такі таталітарызм мы перажываем сёння. Сучасны свет лічыць сваім дэмакратычным правам выступаць супраць Бога і яго закону, нават забараняць ужыванне рэлігійных сімвалаў у публічным жыцці.

Таму, дарагія браты і сёстры, адкрыемся на словы, з якім да нас звернецца Папа Францішак. Няхай яго словы ўпадуць на добрую глебу, каб мы прабудзіліся да новага жыцця з мэтай мець новую надзею ў Хрысце, прыносячы багаты духоўны плён нашага жыцця».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі