Кенэт Брокман: вера — маральны падмурак цывілізацыі

SAM_3886

У межах дзейнасці выставы «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася лекцыя “Біблія і навука” Нобелеўскага лаўрэата з ЗША Кенэта Брокмана, спецыяліста па ядзернай фізіцы, які атрымаў Нобелеўскую прэмію за «меры па прадухіленні выкарыстання атамнай энергіі ў ваенных мэтах». Гэты высокі моцны чалавек ужо 8 раз прыязджаў у Беларусь з лекцыямі і сустракаўся са студэнтамі і з выкладчыкамі Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, ганаровым доктарам якога ён з’яўляецца.

23 верасня яго прывітала поўная аўдыторыя слухачоў у Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта было аўтарытэтнае сведчанне, калі слынны навуковец багагавейна ставіцца да ўсяго створанага, пакланяецца Творцу з сапраўднай і глыбокай верай, не хавае яе і дзеліцца праявамі цудоўных Божых дабраславенняў у сваім жыцці.

Кенэт Брокман 11 гадоў служыў у войску. З 1979 года ён працаваў у ядзернай індустрыі як інжынер і менеджар. У складзе каманды МАГАТЭ ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міра ў 2005 годзе як дырэктар па бяспецы ядзерных установак гэтай арганізацыі. Прэмія была ўручана за намаганні па прадухіленні выкарыстання ядзернай энергіі ў ваенных мэтах і па прымяненні яе ў мірных мэтах у максімальна бяспечных умовах. Кенэт Брокман пералічыў 1 млн даляраў на будаўніцтва аздараўленчых цэнтраў для дзяцей у Паўночнай Афрыцы.

Ён наведваў ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на працягу трох гадоў працаваў з прадстаўнікамі Украіны па дзяржаглядзе, каб палепшыць сродкі рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. 4 гады ён дзейнічаў у МАГАТЭ і інспектаваў розныя аб’екты атамнай энергетыкі.

“З аднаго боку — я чалавек навукі, але ёсць яшчэ другі бок медаля. Ужо трэці раз я наведваю мерапрыемства, звязаныя з Бібліяй. Я – дыякан у царкве. Бог — у маім сэрцы. Навука пацвярджае, што Пісанне адпавядае рэчаіснасці. Калі мы назіраем усе унікальныя формы жыцця, мы не можам іх падлічыць. Навука і вера разам ствараюць гармонію. Навука з’яўляецца інструментам, які тлумачыць, як Бог стварыў усё. Мы захапляемся, якім цудоўным з’яўляецца Сусвет. Вера – гэта маральны падмурак цывілізацыі. Без веры не можа быць індывідуальнай маралі. Вера прыносіць парадак і спакой туды, дзе пануе хаос”.

Кенет Брокман паведаміў, што займаецца не толькі навукай, але і мастацтвам, і вельмі шануе Францыска Скарыну, які сумяшчаў навуку і веру. Амерыканскі навуковец засведчыў, што вера з’яўляецца фундаментам для пабудовы адносін паміж асобамі і народамі.

Кенет Брокман — бацька трох дзяцей і васьмі ўнукаў. Ён распавёў пра хвалюючы выпадак. Адна з яго ўнучак пры нараджэнні важыла 600 грамаў , і ён трымаў яе на далоні. Скура яе была настолькі тонкая, што ён бачыў усе кравяныя сасуды. Калі ён глядзеў на гэту далікатную істоту, то быў уражаны таямніцай стварэння чалавека. Навуковец займаецца дабрачыннымі праектамі.

Слухачы задалі Кэнету Брокману пытанні, звязаныя з мэтазгоднасцю пабудавання новых атамных станцый у Еўропе, у тым ліку – у Беларусі. Ён лічыць, што гэта мае сэнс пры мудрым і асцярожным стаўленні да ядзернай энергетыцы, пры выкарыстанні добрых праектаў рэактараў і дасканалым іх абслугоўванні персаналам.

Нечаканым было пытанне былога афіцэра савецкіх ракетных войскаў, які на баявым дзяжурстве меў доступ да кнопкі для запуску ядзерных ракет на ЗША. Ён запытаў пра тое, які ўнутраны баланс каштоўнасцяў паміж прысягай і спачуваннем да людзей павінен быць у афіцэра. Стан яго душы паказвае, якім небяспечным для жыцця на планеце было супрацьстаянне дзвюх ядзерных краінаў у канцы 1970-х гадоў. Цяпер ён пераканаўся, што ЗША з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай.

Містар Кенэт, які 11 гадоў служыў у войску ЗША, у адказ прыгадаў выпадак, калі ён знаходзіўся падчас сваёй службы ў танку на мяжы Германіі і Чэхаславакіі, і афіцэры з розных бакоў падміргвалі адзін аднаму фарамі, што сведчыла пра іх унутраную гатоўнасць да дыялогу. Было бачна, што з абодвух бакоў было нежаданне ісці на крайнія меры. “Дзякуючы гэтаму я ўжо 9 разоў змог прыехаць у Беларусь, дзе мяне сустракаюць беларускія сем’і”, — сказаў навуковец.

Кенэт Брокман падараваў усім наведвальнікам лекцыі кнігу “Дабро і зло” з біблейскімі сюжэтамі ў малюнках, кантактаваў з усімі ахвотнымі.

Э. Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі