Папа Францішак правёў экуменічную сустрэчу ў лютэранскім саборы Таліна
25 верасня Папа Рымскі Францішак прыбыў у сталіцу Эстоніі Талін. У аэрапорце яго сустракала прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд, прадстаўнікі ўраду і мясцовага Касцёла. З аэрапорта Пантыфік накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац, дзе адбылася яго прыватная сустрэча з кіраўніком дзяржавы, пасля якой ён звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, паведамляе VaticanNews.
Эстонія – зямля памяці і плённасці, заўважыў Папа падчас сустрэчы. У прамове Францішак спаслаўся на старажытную назву Эстоніі – “Maarjamaa” (Зямля Марыі). “Гэта імя, якое не толькі належыць да вашай гісторыі, але і з’яўляецца частка вашай культуры”, – сказаў ён і дадаў, што, думаючы пра Маці Божую, узгадвае два словы: памяць і плённасць.
Папа заўважыў, што на працягу гісторыі Эстонія спазнала шмат пакут, звязаных з барацьбой за свабоду і незалежнасць, аднак за апошнія 25 гадоў гэта маленькая краіна зрабіла “крокі гіганта” і знаходзіцца на вяршыні рэйтынгаў, якія тычыцца індэкса чалавечага развіцця, інавацый, свабоды слова, дэмакратыі і палітычных свабод, супрацоўніцтва і сяброўства з рознымі краінамі.
“Улічваючы ваша мінулае і сучаснасць, у нас ёсць прычыны, каб глядзець у будучыню з надзеяй, перад абліччам узніклых выклікаў. Быць зямлёй памяці, значыць мець здольнасць памятаць, што сваім сённяшнім месцам вы абавязаны высілкам, працы, духу і веры вашых бацькоў”, – сцвердзіў Пантыфік.
“Захаванне ўдзячнай памяці дазваляе атаясамліваць усе вынікі, якімі вы сёння карыстаецеся, з гісторыяй людзей, якія змагаліся, каб зрабіць магчымай гэту свабоду, якая, у сваю чаргу, заклікае вас шанаваць іх, адкрываючы шляхі для тых, хто прыйдзе пасля”, – дадаў ён.
Гаворачы пра Эстонію як пра “зямлю плённасці” Папа падкрэсліў, што дабрабыт не заўсёды з’яўляецца сінонімам добрага жыцця. Ён заўважыў, што ў сучасным тэхнакратычным грамадстве людзі губляюць сэнс і радасць жыцця, свядомасць супольнасці, укаранёнасці ў народзе, культуры, сям’і. Усё гэта пазбаўляе, асабліва моладзь, здольнасці марыць, рызыкаваць, тварыць.
“Поўны давер тэхналагічнаму прагрэсу, як адзінай магчымасці для развіцця, можа прывесці да страты здольнасці ствараць сувязі між асобамі, пакаленнямі і культурамі; іншымі словамі, да страты той жыццядайнай тканкі, важнай для адчування сябе часткай адно аднаго і ўдзельнікам супольнага праекту ў шырокім значэнні гэтага слова”, – сказаў Папа.
Ён адзначыў, што менавіта грамадскія, палітычныя, адукацыйныя і рэлігійныя лідары адказныя за будаванне сувязяў.
Францішак таксама падкрэсліў, што зямля з’яўляецца плённай, калі ўсе члены яе грамадства адчуваюць сябе “дома”, бо няма горшага віду адчужанасці, чым пачуццё адсутнасці каранёў і адсутнасці прыналежнасці.
“Зямля будзе плённай, народ прынясе плады і будзе ў стане рэалізаваць будучыню толькі ў той меры, у якой стварае адносіны прыналежнасці паміж сваімі складальнымі; у той меры, у якой стварае інтэграцыйныя сувязі паміж пакаленнямі і рознымі супольнасцямі, якія яго ўтвараюць; а таксама ў той меры, у якой ламае спіралі, што робяць цьмянымі пачуцці, усё больш аддаляючы людзей адно ад аднаго”, – сказаў Папа.
Францішак запэўніў эстонскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, што ў гэтых намаганнях яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі, маленькай супольнасці з “моцным жаданнем спрыяць плённасці гэтай зямлі”.
Таксама пантыфік узначаліў экуменічную сустрэчу з маладымі людзьмі ў талінскім лютэранскім храме св. Карла. У самым пачатку, Папа падзякаваў маладым вернікам і архіепіскапу Эстонскай Евангелічна-Лютэранскай Царквы Урмасу Віілма за словы прывітання. Затым ён спаслаўся на словы з Евангелля св. Мацвея на выяве ў апсідзе храма: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).
Пантыфік адзначыў, што маладыя людзі часта адчуваюць сябе незразуметымі і запэўніў:
“Я хачу вам тут сёння сказаць, што калі вы плачаце, мы хочам плакаць з вамі, суправаджаць нашымі апладысментамі і ўсмешкай вашыя радасці, дапамагчы вам жыць у наследаванні Пана”
У той жа час, Папа прызнаў, што для суправаджэння моладзі Касцёлу трэба выправіць многае ў існуючай сітуацыі, якая прыводзіць да адыходу маладых з хрысціянскай супольнасці. Яны абураныя сексуальнымі і эканамічнымі скандаламі, не бачачы іх рашучага асуджэння; няздольнасцю правільнага разумення жыцця і прысваеннем моладзі выключна пасіўнай ролі ў Касцёле.
Францішак запэўніў, што Касцёл хоча адказваць на пытанні маладога пакалення і жадае быць для яго празрыстай, гасціннай, сумленнай, прывабнай, камунікатыўнай, зразумелай, радаснай і інтэрактыўнай супольнасцю.
Святы Айцец адзначыў, што многія маладыя эстонцы не ведаюць Хрыста, яны перажылі распад кахання бацькоў, адчуваюць сябе настолькі бескарыснымі, што вымушаны эміграваць у пошуках працы. У гэтай сітуацыі ім патрэбна шчырая любоў іншых. “Мы аб’яднаныя верай у Езуса, і Ён чакае, каб мы неслі Яго ўсім маладым людзям, якія страцілі сэнс жыцця”, – звярнуўся Францішак.
“Молімся, каб мець апостальскую сілу несці Евангелле іншым, даваць яе, а не навязваць, каб адмовіцца ад ператварэння нашага хрысціянскага жыцця ў музей успамінаў. Хрысціянскае жыццё – гэта жыццё, будучыня і надзея”, – сказаў Папа. У завяршэнне ён заклікаў моладзь не баяцца Божых “сюрпрызаў”, смела ісці наперад, каб сустрэць іх.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)