Брус Андэрсан на выставе “Беларусь і Біблія”: адсюль сталі з’яўляцца ідэі свабоды сумлення

SAM_3898

З лекцыяй, прысвечанай Берасцейскай Бібліі і Рэфармацыі ў ВКЛ, выступіў на выставе гісторык тэалогіі Брус Андэрсан. На гэты духоўны і інтэлектуальны пір прыйшлі беларускія даследчыкі і студэнты гістфака БДУ з выкладчыкамі.

“Даследчык са Злучаных Штатаў Амерыкі Брус Андэрсан у пэўны момант моцна захапіўся гісторыяй ВКЛ, пакінуў радзіму, каб паступіць у даследчы цэнтр ў Оксфардзе і вывучаць рух Рэфармацыі ў ВКЛ, асобу і літаратурную спадчыну філосафа і прававеда, кальвінісцкага палеміста Андрэя Волана, – сказаў супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Андрусь Унучак. – У сваіх творах Андрэй Волан закранаў палітычныя і сацыяльныя тэмы, удзельнічаў у дыспутах. Кніга “De Libertate” Андрэя Волана захавалася на Беларусі ў перакладзе. Ён служыў сям’і Мікалая Радзівіла Рудога, напісаў каля 30 прац на лаціне. Брус Андэрсан выдатна абараніў дысертацыю, а цяпер рыхтуе манаграфію”.

“Кантэкст і змест Берасцейскай Бібліі (1563) паўплываў на духоўнае абуджэнне і на змены ў асабістай і грамадскай адказнасці асобы”, – адзначыў Брус Андэрсан.

Гэта другая Біблія, выдадзеная на польскай мове, першай была Біблія Леапаліта, выдадзеная ў 1561 годзе. Берасцейская Біблія перакладалася з іўрыту і грэчаскай мовы.

Рэфармацыя ўяўляла адыход ад старога парадку. У Рэфармацыйным руху былі важны праявы індывідуальнасці асобы. Доктар Брус Андэрсан спыніўся на пратэстанцкай канцэпцыі асобы і распавёў пра рысы Рэфармацыі ў дачыненні да друкавання Святога Пісьма.

Індывідуальнае чытанне Бібліі прыйшло на змену супольнаму чытанню за багаслужэннем. За ХV-ХVI стагоддзе на Беларусі былі надрукаваны 7500 кніг. Калі кнігі траплялі да простых людзей, то яны пачыналі самастойна разважаць над імі. Кожная асоба пачынала адчуваць свае правы. Адсюль сталі з’яўляцца ідэі свабоды сумлення. “Нашы сучаснікі не ўсведамляюць высокі інтэлектуальны ўзровень асобаў тых часоў”,- заўважыў Брус Андэрсан.

26 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў 11.00 адбудзецца круглы стол на тэму “Беларусь і Біблія”. 9 кастрычніка з лекцыяй выступіць айцец Сергій Гардун, 16 кастрычніка – Ірына Дубянецкая.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі