Джон Слайф: я шчаслівы, што магу давяраць маёй Бібліі

SAM_3893

Працягваецца захапляльная сесія для ўсёй краіны па знаёмству з гісторыяй стварэння і распаўсюджвання галоўнай кнігі чалавецтва. Перакладчыкі аддавалі за яе жыццё, каралі і каралевы змянялі гнеў на літасць…

На выставе “Беларусь і Біблія” сярод вялікай каманды арганізатараў падзеі з экспанатамі знаёміць сям’я Слайфаў: Джон і Энджэл з Тэхаса. У іх — тры сыны і тры дачкі. На радзіме яны праводзяць падобныя лекцыі ў музеях, шмат вандруюць па краіне.

Джон Слайф распавёў драматычную гісторыю перакладу Бібліі на англійскую мову. Гэтай працай займаўся Уільям Ціндэйл ў 1520-х гадах. Уільям Ціндэйл нарадзіўся ў 1494 годзе і вучыўся ў Кембрыджскім універсітэце. Там ён пазнаёміўся з працамі Эразма Ратэрдамскага і адчуў патрэбу ў перакладзе Бібліі на англійскую мову.

У тыя часы Каталіцкі касцёл не падтрымліваў пераклад Святога Пісьма на нацыянальныя мовы. Таму Ціндэйл вымушаны з’ехаць у Еўропу. Улады адрынулі яго працу, лонданскі біскуп выкупіў асобнікі кніг і перадаў іх на спаленне. Ціндэйл прымушаны быў пакінуць свой дом і жонку, бо быў упэўнены, што яна такім чынам застанецца ў небяспецы. Але яна была арыштаваная і закатаваная за тое, што не выдала месцазнаходжанне мужа.

У 1525 годзе ён завершыў пераклад Новага Запавету на англійскую мову. З кантынента ён распаўсюджваў асобнікі з перакладам. Было надрукавана 50.000 асобнікаў Новага Запавету. Аднак, ён быў схоплены ў Антверпене на загад англійскага караля-рэфарматара Генрыха VIII, вернуты ў Англію і спалены на вогнішчы як ерэтык 6 кастрычніка 1536 года. Яго апошнімі словамі былі: “Госпад, адчыні вочы Англіі!”

Яго працу працягнуў яго сябра Дэвід (Майлз) Кавердэйл, які нарадзіўся ў Ёркшыры ў 1488 годзе і атрымліваў адукацыю ў Кембрыджскім універсітэце. Ён стаў манахам-аўгустынцам і прыняў сан святара ў 1512 годзе. Дэвід Кавердэйл жыў у Еўропе і працаваў над перакладам разам з Уільямам Ціндэйлам. Калі яго паплечнік загінуў, ён працягваў працу, каб просты народ мог чытаць Біблію, і яна служыла сродкам адукавання, выхавання і росквіту асобы. У выніку поўная англійская Біблія з’явілася дзякуючы Дэвіду (Майлзу) Кавердэйлу.

У 1539 годзе кароль Англіі Генрых VIII упершыню ўхваліў выданне Новага Запавету па-англійску і даў свой каралеўскі дазвол на друкаванне поўнай англамоўнай Бібліі Томаса Мэцью.

На выставе “Беларусь і Біблія” прадстаўлены асобнікі Бібліі Томаса Мэцью з перакладам Уільяма Ціндэйла, надрукаванай ў 1535 годзе ў Антверпэне, і Бібліі Дэвіда Кавердэйла. Для наведвальнікаў выставы пра гісторыю стварэння англамоўнай Бібліі на еўрапейскім кантыненце распавёў Джон Слайф.

У экспазіцыі ёсць Жэнеўская Біблія з перакладамі Уільяма Ціндэйла 1560 года. Гэту кнігу кантрабандай перапраўлялі ў Англію ў часы праўлення каралевы Марыі I, якая таксама забараняла распаўсюджваць пераклад на нацыянальную мову. З уступленнем на трон каралевы Лізаветы I былі надрукаваны больш 30 выданняў Бібліі.

Жэнеўская Біблія ўтрымлівала шмат дадатковых звестак, мапы. “Жэнеўская Біблія была ў пашане ў пурытан, якія прывезлі яе ў ЗША”, — паведаміў гід выставы Джон Слайф.

Э,Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі