У Мінску ўдзельнікі круглага стала заклікалі актуалізаваць Біблію ў сучасным грамадстве

SAM_3913

Міжнародны круглы стол “Беларусь і Біблія” адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі “Групы даследвання рукапісаў” (ЗША), вядомыя даследчыкі кніжнай культуры і літаратуры, спецыялісты ў галіне багаслоўя, спецыялісты з Нацыянальнай Акадэміі навук, выкладчыкі і студэнты розных навучальных установаў краіны, сябры грамадскіх арганізацый, праваслаўны святар і пастар пратэстанцкай царквы.

Дыскусія закранула пытанні ўплыву Бібліі на культуру і філасофскую думку Беларусі, распаўсюджанне Бібліі на тэрыторыі нашай краіны і прысутнасць Бібліі ў сучаснай культурнай прасторы краіны.

Распачаў дыялог намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша.

– Мы ставім задачу абмеркаваць значэнне ролі Святога Пісання ў фарміраванні беларускай культуры, ролі Бібліі ў жыцці нашых продкаў, ацаніць ролю, якую яна адыгрывае сёння, і прадугледзіць накірункі працы на будучыню для навукоўцаў і для далейшай працы нашых партнёраў з музеяў, бібліятэк, установаў культуры. Усе разам мы супольна працуем гэты месяц, – адзначыў Алесь Суша.

Суарганізатар выставачнага праекта “Беларусь і Біблія”, вядомы даследчык старажытных біблейскіх спісаў Скот Кэрал з Мічыгана, які ўзначальвае “Групу даследвання рукапісаў”, адзначыў:

– Цягам гэтых некалькіх дзён мы здзіўлены рэакцыяй многіх беларусаў на гэту выстаўку. Мы рады, што людзі з усёй Беларусі прыязджаюць сюды і маюць экскурсіі. У цэнтры выставы – тыя каштоўнасці, якія прадставіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Мая сфера даследванняў – старажытныя скруткі, папірусы на розных старажытных і сярэднявечных мовах. Я сабраў дзве вялікія ўласныя калекцыі. Атрымалася прывесці ў Мінск экспанаты з вялікай калекцыі музея Бібліі ў Вашынгтоне. Калі я кіраваў гэтым музеем, удалося сабраць 55 тысяч экспанатаў. Я даследаваў рукапісныя біблійныя тэксты, традыцыі стварэння Бібліі ў Германіі, Англіі і іншых краінах.

Знаўца рэлігійнай культуры Алена Філатава нагадала пра савецкія часы, у якія адзіным промнем святла ў БДУ былі лекцыі прафесара Ліфшыца пра Кумранскія рукапісы. Прафесар Людміла Іванова распавяла пра поўныя зводы Бібліі на беларускіх землях.

З кароткім аглядам уплыву Святога Пісання на інтэлектуальную прастору Еўропы выступіла доктар сакральнага багаслоўя Ірына Дубянецкая.

– Біблія стала падмуркам для фарміравання еўрапейскай культуры, – распавяла спадарыня Ірына. – Рэфармацыя адчыніла дзверы для нацыянальных перакладаў Бібліі, а пераклады, у сваю чаргу, паслужылі сродкам для фарміравання нацыянальных моваў. Біблія ў 16 стагоддзі апынулася ў цэнтры інтэлектуальных працэсаў. Біблія Скарыны была чацвёртым перакладам на нацыянальную мову.

Доктар Оксфардскага Цэнтра місіянерскіх даследванняў Брус Андэрсан коратка нагадаў пра гісторыю Берасцейскай Бібліі.

Пастар царквы “Ян Прадвеснік” Антоній Бокун адзначыў:

– Нягледзячы на той выдатны ўзровень, на якім знаходзілася Біблія ў перыяд Залатога века Беларусі – 16 стагоддзя, сёння яна знаходзіцца ў маргінальным стане. Францыск Скарына з’яўляецца найбольш пазнавальным вобразам у беларускай культуры, але спецыфіка біблейскага бачання Скарыны яшчэ не да канца даследавана і не прысутная ў сучаснай культуры. Вялікая роля такіх імпрэзаў, як гэтая выстава, якія актуалізуюць Біблію у сучасным грамадстве. Няхай падобных падзей будзе больш!

Гісторык Юрась Бачышча працытаваў Уілфрэда Уайзмана і пастара Лёпэ, якія тлумачылі, што Біблія можа аб’яднаць беларускую нацыю, якая доўгі час знаходзілася па гістарыных прычынах у заняпадзе.

Прадстаўнік Інстытута тэалогіі протаіерэй Алег Голубеў сказаў:

– Мы займаемся вывучэннем Слова Божага на навуковым узроўні і імкнемся данесці яго ў паўсядзённай практыцы.

SAM_3921

Старшыня міжканфесійнага Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фірысюк падзяліўся ўспамінам пра свайго дзядзьку, які сядзеў у турме ў сталінскія часы за распаўсюд Бібліі. Перад тым, як яго пасадзілі, дзядзька закапаў Біблію ў садзе, і, на жаль, старонкі яе прамоклі. Аляксандр Іванавіч уручную перапісваў кнігу Быцця. Ён сам сядзеў у турме за тое, што прывёз Біблію з Польшчы. “Выстава адчыняе нам сведчанне, якое немагчыма абвергнуць, што ёсць Бог і вялікая кніга Яго! Мы ўдзячныя амерыканскім братам і Нацыянальнай бібліятэцы за выстаўку”, -сказаў старшыня Таварыства.

Аляксандр Фірысюк прапанаваў ладзіць у школе ўрокі Бібліі, на якіх можна было б выкарыстоўваць дзіцячыя энцыклапедыі Алеся Сушы, прысвечаныя Францыску Скарыне. Удзельнікі плённай дыскусіі прышлі да высновы пра неабходнасць аб’яднаць намаганні бібліятэкі, грамадскіх арганізацый, навучальных установаў, царкоўных прыходаў і працаваць супольна, каб павялічваць уплыў Бібліі ў сучаснай культуры і медыйнай прасторы, каб узняць Кнігу кніг на той высокі ўзровень, на якім яна была ў часы Францыска Скарыны.

Госці круглага стала сардэчна падзякавалі доктару Скоту Кэралу і спадару Алесю Сушу за арганізацыю ўнікальнай выставы “Біблія і Беларусь”, якая стала яркай падзеяй грамадскага і культурнага жыцця. Выстава стала выдатнай пляцоўкай для правядзення лекцый па гісторыі стварэння і распаўсюду Святога Пісьма і змястоўных інтэлектуальных дыскусій.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі