Арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў касцёл у Рудзенску і капліцу ў Дукоры

2018-09-30-rudensk-001

30 верасня ў Рудзенску (Пухавіцкі раён) адбылося асвячэнне новапабудаванага касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла, якое здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, паведамляе Catholic.by.

Перад асвячэннем касцёла наймалодшыя рудзенскія парафіяне паказалі сцэнку з рэлігійнымі песнямі і танцамі, пасля чаго распачалася ўрачыстая св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп.

Засяродзіўшыся на прачытаным Евангеллі, у якім Езус заклікае сваіх вучняў радыкальна змагацца з усім тым, што іх спакушае, іерарх падкрэсліў, наколькі важна хрысціяніну навучыцца рабіць у жыцці правільныя выбары, каб не страціць вечнага шчасця. Пры гэтым арцыпастыр зазначыў, што заданне Касцёла — дапамагчы ў гэтым кожнаму верніку праз абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне ў сакрамэнтах і ўчынкі міласэрнасці.

«Менавіта для гэтага быў пабудаваны касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла. <…>

Сёння каталіцкая парафія ў Рудзенску пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Касцёльны будынак — гэта не толькі сцены, а месца сустрэчы з Богам, месца духоўнага росту чалавека, месца, дзе ён вучыцца супрацьстаяць злому духу.

Тут будзе абвяшчацца вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое мае моц змяніць лёс чалавека, грэшніка прывесці да навяртання, умацаваць веру і надзею. Тут будуць цэлебравацца сакрамэнты — бачныя знакі небачнай Божай ласкі, якая патрэбная для збаўлення. Тут будуць ажыццяўляцца дабрачынныя акцыі, каб дапамагчы патрабуючым матэрыяльна і духоўна», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, а на заканчэнне гаміліі выказаў сваё шчырае пастырскае пажаданне:

«Няхай касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла, які сёння асвячаецца, стане месцам, дзе мы будзем разважаць над нашым жыццём, прызнаваць свае памылкі і імкнуцца іх выпраўляць. Няхай гэты касцёл дапаможа нам стаць Пятрамі нашага часу, каб разам з ім мы казалі: „Да каго ж мы пойдзем: Ты, Езу, маеш словы вечнага жыцця“.

Няхай гэтая святыня дапаможа нам быць сучаснымі Паўламі, якія панясуць Евангелле ў свет, каб у вечнасці Езус мог нам сказаць: „Увайдзі ў радасць вечнага шчасця“».

Пасля асвячэння арцыбіскуп Кандрусевіч перадаў у дар рудзенскаму касцёлу арнат, у якім цэлебраваў Імшу. Гэтае літургічнае адзенне было прывезены з Літвы: у такіх арнатах біскупы і святары канцэлебравалі св. Імшу з папам Францішкам у Каўнасе 23 верасня. Потым іерарх блаславіў і перадаў дзецям падарункі — заплечнікі, пажадаўшы, каб у іх былі толькі добрыя адзнакі. Пасля заканчэння набажэнства ўсіх удзельнікаў пачаставалі смачнай грэчневай кашай.

З Рудзенска арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у суправаджэнні святароў і групы вернікаў скіраваўся ў маёнтак Дукора, дзе адбылося благаслаўленне новапабудаванай капліцы ў гонар Перамянення Пана. У скіраваным да вернікаў слове іерарх падкрэсліў неабходнасць духоўнага перамянення з мэтай змяняць духоўны воблік нашай Бацькаўшчыны.

Каталіцкая парафія ў Рудзенску была заснаваная ў 2007 годзе. Будаўніцтва касцёла пачалося ў 2013 годзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі