Віталь Рымашэўскі: магчыма, гэта будзе урокам для бяздумных рэтранслятараў любых новых заходніх трактовак

rym

Амерыканскія навукоўцы пацвердзілі, што ідэі сучаснага радыкальнага фемінізму блізкія да нацысцкай ідэалогіі, а сучасныя “гендарныя” тэорыі – больш палітычная ідэалогія, чым навукова абгрунтаваны падыход. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, каментуючы выкрыццё сучасных сацыяльных навук, зробленае групай заходніх навукоўцаў, паведамляе BCHD.INFO.

«Яны правялі арыгінальны сацыяльны эксперымент: напісалі больш за 20 псеўданавуковых, фэйкавых артыкулаў на тэму фемінізму, сексуальнай арыентацыі, расавых забабонаў і адправілі ў навуковыя часопісы. Большасць артыкулаў была з радасцю прынята «навуковымі» выданнямі. У тым ліку, акадэмічны часопіс, прысвечаны гендарным даследаванням «Affilia,» прыняў артыкул «Наша барацьба – гэта мая барацьба». У артыкуле была перапісана з выкарыстаннем гендарнай тэрміналогіі частка 12 раздзела 1 тома “Маёй барацьбы” Адольфа Гітлера. Артыкул атрымаў пазітыўныя водгукі адпаведных спецыялістаў», – адзначыў ён.

«Толькі на першы погляд эксперымент навукоўцаў здаецца проста удалым пранкам. Жахае той факт, што і рэдакцыі, і чытачы гэтых выданняў ідэі, выказаныя ў артыкулах, успрымалі ўсур’ёз і з імі згаджаліся. Пра тое, што сучасныя ідэі радыкальнага фемінізму падобныя нацысцкай ідэалогіі, заходнія хрысціянскія аналітыкі казалі даўно, але іх лічылі, у лепшым выпадку, неадэкватамі. Зараз, дзякуючы тром амерыканскім навукоўцам, увесь свет пераканаўся, як лёгка ідэі Гітлера, закамуфляваныя ў новую феміністычную ўпакоўку, успрымаюцца сучаснымі элітамі. Магчыма, гэта будзе урокам хоць бы для некаторых з нашых радыкальных ліберал-дэмакратаў, гатовых бяздумна рэтрансляваць любыя новыя заходнія трактоўкі агульначалавечых нормаў і каштоўнасцяў», – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі