«Зробім» чысцей! Мінчан клічуць прыбраць смецце вакол возера пад Мінскам

1 (4)

Пад Мінскам 5 кастрычніка пройдзе «глабальная прыборка», падчас якой ачысцяць ад смецця берагі жывапіснага возера ў в. Юхноўка. Мерапрыемства праходзіць як частка сусветнай кампаніі «Зробім!» Пры падтрымцы Coca-Cola HBC Belarus, МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ і Мінпрыроды.

У глабальнай кампаніі «Let’s Do It! – World Clean-up» штогод удзельнічае каля 16 млн. чалавек у 113 краінах свету. Усе яны імкнуцца да простай мэты – зрабіць свет чысцей. Рух нарадзіўся ў Эстоніі, натхніўшы ў 2008 годзе 50 тыс. чалавек выйсці з дому і прыбраць смецце па ўсёй краіне. У Беларусі сацыяльная акцыя праходзіць з 2012 года, і з тых часоў валанцёры штогод прыбіраюць з лясоў і паркаў да тысячы кубаметраў адходаў.

На гэты раз парадак навядуць у прыбярэжнай паласе возера ў вёсцы Юхноўка, што ў 12 км ад Мінска. Возера падсілкоўвае рака Волма, а вада ў ім чыстая – у гарачыя дні збірае натоўпы мясцовых жыхароў і гасцей.

Бліжэй да восені вадаём «акальцоўвае» паласа смецця. Возера ўжо прыбіралі ў мінулым годзе, але з тых часоў вакол яго зноў сабралася шмат смецця. Зараз берагі плануецца ачысціць цалкам.

«Ідэі «глабальнай прыборкі» набіраюць папулярнасць сярод беларусаў. Дзясяткі людзей збяруцца разам, каб ачысціць ад смецця возера і паказаць прыклад іншым. Такія ініцыятывы дазваляюць змяніць грамадскую думку да праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя», – растлумачылі ва ўнітарным прадпрыемстве «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь».

Як чакаецца, у «глабальнай ўборцы» прымуць удзел валанцёры, супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў, унітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», студэнты МГЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ і проста неабыякавыя да навакольнага асяроддзя.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі