Віталь Рымашэўскі: у правале прыняцця закону аб папярэджанні хатняга гвалту віна распрацоўшчыкаў

rym

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі патлумачыў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”, чаму правалілася прыняцце закону аб папярэджанні хатняга гвалту. “Відавочна, у скандальным правале канцэпцыі віна не толькі ўраду, але і распрацоўшчыкаў закону”, – заявіў ён.

“Наогул, перад намі прыклад — як не трэба распрацоўваць законапраект. Бо тое, што на этапе распрацоўкі не запрасілі ніводнага прадстаўніка цэркваў, таксама сем’яў, з каторых гвалтам дзяржава забрала дзяцей (на фоне неперастанных медыйных публікацый на гэтую тэму) — проста грубая прафесійная памылка каманды распрацоўшчыкаў. Усё магло б быць зусім інакш”, – адзначыў ён.

Палітык нагадаў, што адно з фундаментальных хрэстаматыйных правілаў распрацоўкі любога дэмакратычнага закону – улічыць меркаванне асноўных закранутых бакоў і сацыяльных груп. “Гэтага зроблена не было. Было абвешчанае грамадскае абмеркаванне. Але вядома, як звычайна ў нас робяцца «грамадскія абмеркаванні» — фармальна, дзеля галачкі. Супярэчнасці былі настолькі вялікімі, што закон трэба было фундаментальна перапрацоўваць. Дзеля гэтага звычайна ствараюцца працоўныя групы, арганізуюцца круглыя сталы і г. д. Нічога з гэтага за месяцы з моманту публікацыі канцэпцыі зроблена не было. Сапраўдныя грамадскія абмеркаванні — гэта не проста “напішыце камент на форум і, можа, мы ўлічым”. І прадстаўнікі хрысьціянскіх арганізацый добра гэта разумеюць”, – заявіў ён.

Да гэтага Віталь Рымашэўскі дадаў відавочны недавер да распрацоўшчыкаў — МУС, які “гвалтам забірае дзяцей”, і “прадстаўніц выключна фемінісцкіх арганізацый, на жаль, вядомых сваёй антыцаркоўнай пазіцыяй”. “Хрысціянскіх грамадскіх арганізацый, якія працуюць у розных сацыяльных сферах, у тым ліку, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту, у нашай краіне ў разы больш, чым іншых няўрадавых арганізацый. Гэта велізарная частка грамадзянскай супольнасці нашай краіны”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Выклікае пытанне ў яго і “аднабокі падбор” фондам ААН у галіне народанасельніцтва, які фінансаваў распрацоўку гэтай канцэпцыі, партнёраў з беларускага боку. “Гэта «Гендарныя перспектывы», вядомыя сваімі антыхрысціянскімі выказваннямі, а таксама «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын», якая з’яўляецца філіяй аналагічнага міжнароднага аб’яднання і не мае ніякага дачынення ці проста сувязей ні з адной з хрысціянскіх канфесій Беларусі. Тое ж самае можна сказаць пра склад Нацыянальнай Рады па гендарнай палітыцы пры Савеце міністраў. Калі сітуацыя застанецца такой, як сёння — наперадзе нас чакаюць новыя падобныя праблемы”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым ён прызнае, што гвалт як норма ва ўсіх галінах жыцця грамадства – адна з галоўных нацыянальных праблем Беларусі, а “хатні гвалт — тым больш жахлівая з’ява”. “Падыходзіць да вырашэння гэтай праблемы магчыма толькі комплексна, мабілізуючы ўсе сілы нашага грамадства, усіх, хто можа дапамагчы вырашыць гэтую праблему, і ў тым ліку хрысціянскіх арганізацый. А ў распрацоўшчыкаў закона, на жаль, атрымалася наадварот: замест кансалідацыі і згуртавання хаўруснікаў у барацьбе з хатнім гвалтам — раскол беларускага грамадства”, – мяркуе палітык.

Зараз, на яго думку, распрацоўку закону трэба пачынаць з нуля, сабраўшы за адным сталом прадстаўнікоў розных меркаванняў. “Тое што трэба зараз — гэта ствараць дыскусійныя пляцоўкі па абмеркаванні мер па прадухіленні хатняга гвалту. Пляцоўкі, на якіх маглі б выказаць свае прапановы ўсе зацікаўленыя бакі — тыя, хто распрацоўваў закон і тыя, хто выступіў супраць. Па сутнасці, канцэпцыю трэба распрацоўваць з нуля. Гэта няпросты, але адзіны магчымы шлях”, – упэўнены сустаршыня БХД.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі