Перад выбарамі ў Баварыі

14 кастрычніка адбудуцца выбары ў баварскі ландтаг.

Апошні, праведзены 5 кастрычніка, зандаж паказвае, што пераможцам на выбарах па-ранейшаму будзе Хрысціянска-сацыяльны саюз на чале з федэральным міністрам унутраных спраў Хорстам Зэехоферам і міністрам-прэзідэнтам Баварыі Маркусам Зёдэрам. Але  набраўшы да 36 адсоткаў галасоў, хрысціянскія сацыялісты могуць страціць у параўнанні з папярэднімі выбарамі падтрымку не менш як 11 працэнтаў выбаршчыкаў.

Другое месца могуць заняць зялёныя. Іх рэйтынг істотна вырас як у Баварыі, так і ва ўсёй Нямеччыне. У 2013 г. за зялёных у Баварыі галасавалі 8,6 адсотка выбаршчыкаў, цяпер жа за іх гатовыя аддаць галасы ад 16 да 18 працэнтаў грамадзян.

На трэцім месцы можа апынуцца Альтэрнатыва для Нямеччыны. У 2013 г. гэтая партыя ў баварскіх выбарах удзел не брала. У 2018 г. за яе гатовыя галасаваць ад 10 да 14 адсоткаў грамадзян.

Баварыя будзе 15-й федэральнай зямлёй, у парламентах якіх прадстаўлена Альтэрнатыва. Выбары ў апошняй зямлі, Гесэне, адбудуцца 28 кастрычніка. І ўсё паказвае на тое, што Альтэрнатыва і там атрымае мандаты. Такім чынам, Альтэрнатыва для Германіі за 5 гадоў (2014–2018) стане парламенцкай партыяй ва ўсіх федэральных землях (Летась у верасні яна атрымала больш за 90 мандатаў у Бундэстагу).

Што тычыцца Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, якая заўсёды была другой партыяй у Баварыі, дык сёлета яна можа апынуцца на 4-м месцы пасля хрысціянскіх сацыялістаў, зялёных і Альтэрнатывы. За эсдэкаў гатовыя галасаваць ад 11 да 13 адсоткаў грамадзян. Нагадаю, што 5 гадоў таму СДПГ атрымала ў Баварыі 20,6% галасоў выбаршчыкаў.

НЯМЕЦКІ ПАЛІТЫЧНЫ ЛАНДШАФТ ПРАЗ ГОД ПАСЛЯ ФЕДЭРАЛЬНЫХ ВЫБАРАЎ

У верасні 2017 г. адбыліся выбары у Бундэстаг. Самыя драматычныя выбары за паваенную гісторыю Германіі. Праз год пазіцыі некалі асноўных партый толькі пагоршыліся.

Калі ў верасні 2017 г. за хрысціянскіх дэмакратаў галасавала 32,9 працэнта выбаршчыкаў, дык цяпер, як паказваюць зандажы апошніх 2 тыдняў, за іх гатовыя аддаць галасы ад 26 да 28 адсоткаў грамадзян Нямеччыны.

Яшчэ горшыя справы ў сацыял-дэмакратаў. У папулярнасці яны страцілі менш адсоткаў, але іх гатовыя падтрымаць толькі ад 16 да 17 працэнтаў грамадзян. У верасні 2017 г. СДПГ падтрымалі 20,5 працэнта выбаршчыкаў. І гэта быў самы нізкі паказчык за ўсю паваенную гісторыю.

СДПГ становіцца трэцяй палітычнай сілай пасля хрысціянскіх дэмакратаў і Альтэрнатывы для Германіі. Альтэрнатыва мае цяпер падтрымку ад 14 да 18 адсоткаў грамадзян Нямеччыны, а ў 2017 г. партыя набрала 12,6 працэнта галасоў.

Чые пазіцыі таксама ўмацаваліся, дык гэта зялёных. Цяпер партыю гатовыя падтрымаць ад 14 да 18 адсоткаў грамадзян, а ў 2017 г. яна мела падтрымку 8,9 працэнта выбаршчыкаў. Калі такая дынаміка захаваецца, то сацыял-дэмакраты могуць апынуцца сярод палітычных партый на 4-м месцы.

Пагоршылі свае пазіцыі лібералы са Свабоднай дэмакратычнай партыі. У 2017 г. за іх галасавалі 10,7 адсотка выбаршчыкаў, цяпер жа за іх прагаласавалі б ад 8 да 10 адсотка.

Пагоршыліся пазіцыі і Левай партыі.

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі