Віталь Цыганкоў. Некалькі развагаў пра грамадзкую дыскусію вакол закону аб хатнім гвалце

bajnaja-persona-vital-tsigankou-41

Некалькі развагаў пра грамадзкую дыскусію вакол закону аб хатнім гвалце.

1. Абставіны абмеркавання даволі красамоўна характарызуюць удзельнікаў гэтага працэсу. Я пагаджуся з Віталём Рымашэўскім, які ў інтэрв’ю на Свабодзе заявіў, што “У скандальным правале канцэпцыі віна не толькі ўраду, але і распрацоўшчыкаў закону”. З таго, што пра гэта вядома, мне сітуацыя бачыцца так – прафемінісцкія арганізацыі, якія даўно працавалі з МУС наконт гэтага закону, вырашылі, што прыняць яго ў варыянце, які ім падаецца правільным, магчыма толькі ў тым выпадку, калі не запрашаць у адпаведныя групы усялякіх “цемрашалаў” з рэлігійных арганізацыяй, якія таксама гадамі займаюцца гэтай тэмай.

Гэта той самы грэх, у якім (небеспадстаўна) абвінавачваюць постсавецкіх “дэмакратаў”, якія хочуць прымаць нейкія паляпшэнні для народу — але без уліку меркавання таго самога народу, які “цёмны, патрыярхальны і нічога не разумее”. “Дыялог, саступкі, згода?” – не, не чулі. Мы самі ведаем, як правільна». Натуральна, што “цемрашалы” абурыліся і пагналі хвалю. У выніку ўся гэта сітуацыя кажа шмат пра тое, як некаторыя прагрэсіўныя колы ставяцца да «шырокіх народных масаў», якія трэба ашчаслівіць, але пажадана, без іхняга ўдзелу.

2. Стаўленне да “крывавага рэжыму” ў выглядзе МУС. Памятаеце, калі не так даўно МУС выдаў заяву, што “яны не пройдуць” (пра гееў) – колькі злобных і знішчальных словаў і эпітэтаў на адрас МУС выдалі ўсе мы, а асабліва людзі, якім неабыякава гендарная тэматыка. А тут раптам аказваецца, што МУС ужо не такі і кепскі, і з ім нават можна сядзець за адным сталом, уваходзіць у адну Раду і выпрацоўваць законы. Я ж не адмаўляю, што дзеля добрай справы часам можна супрацоўнічаць хоць з д’яблам («плюнь да поцелуй у злод… (тьфу!) поцелуй у него ручку” — Капитанская дочка), але пры гэтым не абавязкова маляваць яму ружовыя крылышкі.

Калі я лічу, што ў нас рэпрэсіўная дзяржава, а праваахоўныя органы ў сваёй практыцы часта дзейнічаюць незаконнымі і антыправавымі метадамі – то адпаведна, любое заканадаўчае павялічэнне правоў гэтых рэпрэсіўных органаў я буду ўспрымаць асцярожна і з недаверам. Гэта лагічна. А калі сёння вы крычыце, што МУС – апалагет рэпрэсіўнасці і патрыярхальнасці, а заўтра разам з ім распрацоўваеце прагрэсіўны закон – гэта (я падбіраю мяккія словы) не вельмі паслядоўна.

3. Б’юць, б’юць, б’юць. Гітлер, Гітлер, Гітлер. Прыблізна так выглядаў фон дыскусіі. Ну, можа, Гітлера і не было, але ў цэлым працаваў добра вядомы прынцып – пабольш карцінаў збіцця, пабольш эмоцыяў, паменш мазгоў. Усіх тых людзей, якія выказвалі нейкія сумневы, спрабавалі хоць неяк абмеркаваць тыя ці іншыя палажэнні закону, нават, не выступаючы супраць яго прыняцця, казалі, што варта змяніць некаторыя накірункі – усіх запісвалі ў прыхільнікі гвалту.

Спадарыня Альхоўка ўвогуле заявіла, што тыя, хто пісаў лісты супраць закону, цяпер будуць адказныя за ўсе злачынствы і забойствы, якія будуць адбывацца ў сям’і. Я б сказаў, што гэта маніпулятыўная заява, але думаю, што варта ўжыць больш моцныя эпітэты. Гэта проста глупа і нізка. Глупа, бо рашэнне прымае Лукашэнка і ніякія падпісанты тут не пры чым. Нізка абвінавачваць сваіх ідэйных апанентаў, якія таксама хочуць зменшыць гвалт у сям’і, проста бачаць тут іншыя спосабы. Паводле такой жа логікі можна заявіць, што ўсе людзі, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання – хочуць, каб у нас было больш злачынстваў. І калі у нас адменяць смяротнае пакаранне, менавіта яны будуць вінаватыя ў кожным забойстве ў краіне?

Віталь Цыганкоў

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі