Праваслаўны святар выступіў на курсах “Мова Нанова”

3

На чарговых занятках курсаў “Мова Нанова” па запрашэнні Глеба Лабадзенкі выступіў з прэзентацыяй кіраўнік інфармацыйнага аддзела Мінскай праваслаўнай епархіі айцец Яўген Грамыка. Святар, які служыць у храме Святога Мікалая ў Шабанах, прамаўляў да аўдыторыі і адказваў на пытанні па-беларуску.

Ён расказаў пра гісторыю распаўсюджання хрысціянства на беларускіх землях, пра першыя праваслаўныя кафедры, заснаваныя ў Полацку ў 992 годзе і Тураве ў 1005 годзе, пра дзейнасць Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Полацку, пра служэнне Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага.

Святар назваў 14 памесных цэркваў, якія існуюць па ўсім свеце, распавёў пра дзейнасць Беларускага Экзархата Праваслаўнай Царквы, нагадаў пра асноўныя праваслаўныя святы і сімвалы.

Асноўныя пытанні да святара датычыліся ўжывання беларускай мовы ў набажэнствах у праваслаўных храмах. Айцец Яўген засведчыў пра існаванне многіх прыходаў на тэрыторыі краіны, дзе служыцца беларускамоўная літургія, у прыватнасці, у гарадзенскай Каложскай царкве, у мінскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы, у царкве ў Ратамцы і многіх іншых.

Святар нярэдка выступае на тэлебачанні ў праграме “Дабрай раніцы, Беларусь” і стварае вельмі прыязны імідж сучаснага прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі