Святар БАПЦ: Беларускім вернікам яшчэ сто гадоў ісці да Томасу

akalovic
Святар не зарэгістраванай у Мінску Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Леанід Акаловіч спадзяецца, што Томас украінскай Царкве надасць сілаў беларускім прыхільнікам аўтакефаліі.

«Канечне, трэба віншаваць украінскі народ і Украінскую Праваслаўную Царкву з гэтым доўгачаканым паваротам да поўнай самастойнасці. Больш за 300 гадоў яны пакутавалі ад маскоўскіх цароў і імпэратараў, за савецкім, а цяпер і за пуцінскім часам, і вось сапраўды наблізіліся да аўтакефаліі», — кажа святар на Радыё Свабода.

«Тое, што завецца Беларускай Праваслаўнай Царквой, насамрэч ёсьць філіялам Маскоўскага Патрыярхатя, таму беларускім вернікам Томас аб аўтакефаліі патрэбны гэтаксама, як і ўкраінскім. Мы толькі на пачатку гэтага шляху, можа, яшчэ сто гадоў будзем па ім ісці, але шлях вызначаны, ёсьць прыклад, і палёгка абавязкова будзе», — кажа а. Акаловіч.

Святар нагадвае, што ў 20-я гады мінулага стагодздзя і ў часе Другой Сусветнай вайны Беларуская Праваслаўная Царква абвяшчала аўтакефалію, але ўтрымаць яе з розных прычын не ўдалося.

«Быў час, калі беларускія праваслаўныя прыходы падпарадкоўваліся Кіеву, а не Маскве. Як пераходны крок гэта можна аднавіць, але галоўная мэта — дамагчыся самастойнай Праваслаўнай царквы, якая, як іншыя памесныя цэрквы, будуе адносіны з Сусветным Патрыярхатам у Канстанцінопалі», — спадзяецца а. Леанід.

15 кастрычніка ў Мінску пройдзе Сінод РПЦ, на якім будзе дадзены адказ на рашэнне Канстантынопалю. Не выключаючы, што Сінод РПЦ абвесціць анафему Канстанцінопальскаму Патрыярху Варфаламею, святар тлумачыць: “Патрыярх Варфаламей не саступае, і гэта падымае ў вачах праваслаўных вернікаў свету ягоны аўтарытэт. Дык што будзе азначаць анафема Варфаламею, калі  яе абвесьціць РПЦ? Нічога. Канечне, гэта будзе нейкі раскол. Так, за РПЦ могуць пайсці сербы ці румыны, ці хто яшчэ, каго Масква зможа падкупіць, але такіх будзе няшмат. Мяркую, большасць Праваслаўных Цэркваў свету падтрымае Канстанцінопаль за аўтакефалію Украіне».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі