Ірына Дубянецкая: Прыйсці да адзінага падыходу перакладу Бібліі ў Беларусі немагчыма

круглый стол
У Мінску 12 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся міжнародны навуковы круглы стол «Беларускія пераклады Бібліі: гісторыя і сучаснасць».

Мерапрыемства было арганізавана ў межах выставачнага праекта «Беларусь і Біблія» Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Групай даследавання рукапісаў (ЗША) і Беларускім дзяржаўным універсітэтам, паведамляе catholic.by.

Праблемнае поле круглага стала: гісторыя перакладаў Бібліі на беларускую мову, хрысціянскія канфесіі Беларусі і беларускія пераклады Бібліі, пераклады і перакладчыкі, сучасны стан і перспектывы беларускіх біблійных перакладаў.

Круглы стол быў праведзены ў фармаце дыскусіі экспертаў, якія не толькі абмяняліся думкамі, абмеркавалі праблемы і горача спрачаліся, але таксама паспрабавалі супольна шукаць адказы на агучаныя пытанні і рашэнні пазначаных праблем.

З паведамленнямі выступілі Скот Кэрал — доктар (PhD), кіраўнік Групы даследавання рукапісаў, даследчык старажытных манускрыптаў, Аляксандр Суша — кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Анатоль Сцебурака — кандыдат гістарычных навук, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Іван Чарота — доктар філалагічных навук, прафесар, член аўтарскага калектыву па перакладзе кніг Бібліі на беларускую мову, перакладчык шматлікіх рэлігійных тэкстаў з сербскай мовы на беларускую, Мікалай Прыгодзіч — доктар філалагічных навук, прафесар, член аўтарскага калектыву па перакладзе Псалтыра на беларускую мову, Галіна Сініла — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый, дацэнт кафедры замежнай літаратуры. Германіст, гебраіст, біблеіст, Ірына Дубянецкая — доктар сакральнай тэалогіі, біблеіст, Ксёндз канонік Ян Крэміс — доктар тэалогіі, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Антоній Бокун — пастар Царквы хрысціян веры евангельскай «Ян Прадвеснік», перакладчык Бібліі на беларускую мову.

Пра гісторыю перакладу Бібліі на беларускую мову, здзейсненага Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, распавяла ў сваім дакладзе доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук.

Доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая падзялілася сваім досведам. У 2010 годзе яна ўжо рабіла спробу сабраць перакладчыкаў Бібліі розных канфесій у Цэнтры святога Язэпа з мэтай уніфікавання перакладу. Ірына Дубянецкая лічыць, што прыйсці да адзінага падыходу перакладу немагчыма і ўласцівая Беларусі разнастайнасць з’яўляецца традыцыйнай і служыць на карысць.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі