Праваслаўнага святара-блогера а. Аляксандра Шрамко забаранілі ў служэнні

Шрамко
Праваслаўнага святара-блогера а. Аляксандра Шрамко забаранілі ў служэнні. Вусная забарона была агучаная 14 кастрычніка падчас цырымоніі асвячэння мінскага Храма-помніка Усіх Святых, узначаліў якую Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, які знаходзіцца з візітам у Беларусі.

Прычына, агучаная святару, – размешчаныя ім напярэдадні фотаздымкі татальнай колькасці ахоўнікаў Патрыярха. “Як раз менавіта за фота з ахоўнікамі, гэта дакладна. А вось у што гэта фармальна ўвасобяць, будзе вядома ў аўторак”, – піша святар у сваім акаўнце ў фэйсбуку.

Афіцыйны дакумент аб забароне будзе прадастаўлены 17 кастрычніка.

Шрамко
Раней а. Аляксандар Шрамко неаднаразова абвінавачваў на сваёй старонцы ў плагіяце тэкстаў для тэлевізійных пропаведзяў настаяцеля Храма-помніка протаіерэя Фёдара Поўнага. Таксама святар згадваў пра праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з каментарамі ў фэйсбуку да гэтых казаняў.

“Самае галоўнае – фота, асабліва ахоўнікаў. У нас у асноўным пра гэта і была спрэчка: мне даказвалі, што гэта нармальна, што ў Патрыярха столькі ахоўнікаў, што ўсюды так, і інакш нельга, – маўляў, я не ведаю, як рызыкуе Патрыярх. Калі я сказаў, што наш мітрапаліт таксама прадстаяцель, але няма ніякай аховы, і пакуль нічога не здарылася, то мне ў адказ сказалі нешта непаважлівае ў адрас мітрапаліта: маўляў, значыць, не заслужыў, нічога з сябе не ўяўляе. Сказаў гэта адзін з вядомых усім прадстаўнікоў атачэння Патрыярха”.

“Фотасправаздача стаў проста вішанькай на торце. Калі Поўны вас загадзя запрасіў, то проста вырашыў адным махам адпомсціць вам за пільную ўвагу да яго асобы. Выявіць плагіят у шэрага кардынала БПЦ і расказаць пра гэта на ўвесь свет! Цяпер падгарнуўся зручны выпадак наўпрост адпомсціць”, – піша ў каментарах на старонцы святара адна з праваслаўных актывістак.

Айцец Аляксандр Шрамко служыць у храме Ксеніі Пецярбуржскай ў мінскім мікрараёне Сухарава, ініцыятар регулряных набажэнстваў на беларускай мове.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі